Пача́так, поча́ток ’месца, з якога што-н. пачынаецца, першы момант дзеяння, з’явы’, ’аснова, крыніца, сутнасць чаго-н.’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Шат., Касп.; ашм., Сл. ПЗБ), ’незапячатаны мёд’ (Анох.), ’верацяно, цалкам запоўненае напрадзенымі ніткамі, на якое наматваюцца ніткі з меншага верацяна’ (Нас., Уладз.), ’суквецце з кветкай ці пладом’ (ТСБМ). Укр., рус. поча́ток, польск. początek, в.-луж. počatk, чэш., počátek, славац. počiatok, серб.-харв. поче́так, макед. почеток, ст.-слав. на‑чѧтъкъ. Утворана ад прасл. дзеепрыметніка на ‑tъ, дзеяслова ‑čęti і суфікса ‑ъkъ. Да чыні́ць (гл.) < і.-е. *ken‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)