Буга́й1. Рус. буга́й, укр. буга́й (> польск. buhaj). Запазычанне з цюрк. моў (тур. buɣa ’бык’, чагат. boɣa і г. д.). Праабражэнскі, 1, 50; Фасмер, 1, 228; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Брукнер, 47; Локач, 28; гл. таксама Шанскі, 1, Б, 209. Ст.-бел. бугай ’кастрыраваны бык’. Булыка (Запазыч., 50) лічыць запазычаннем з польскай мовы. Вельмі няпэўна.

Буга́й2 ’птушка бугай, Botaurus stellaris’, рус. буга́й, укр. буга́й ’тс’. Да буга́й1 (гл.): птушка выдае гукі, падобныя да рову бугая. Будзішэўска (Słown., 314) лічыць, што гэта ўсх.-слав. назва птушкі старажытная. Аб магчымых цюрк. уплывах на ўтварэнне гэтых назваў гл. Пальцаў, Тюрк. лекс. элем., 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буды́нак ’будоўля, будыніна, хата і да т. п.’ (БРС, Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв., Інстр. I, Янк. I, Янк. Мат., Тарн., Нас., Шат., Касп.), буды́нок (Бесар.), будынек (Чуд.). Сюды ж і буды́ніна ’будынак’ (Янк. I). Агляд бел. форм гл. Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 146–147. Укр. буди́нок. Запазычанне з польск. budynek ’тс’, якое паходзіць з с.-в.-ням. *būding ’будаванне’. Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47; Слаўскі, 1, 48. Падрабязна аб польскім слове і ням. крыніцы Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 180–185). Памылкова ўтварэннем ад буда (польск. buda) лічыць словы буды́нак, budynek Рудніцкі, 236.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́нька ’бочачка’ (Яруш.), ’збанок’ (ДАБМ, 822), ’гліняная пасудзіна без вушка’ (Інстр. I), гл. яшчэ Клім. Укр. бу́нька ’гліняны посуд, збан з вузкім горлам’, польск. bunia, buńka. Слова няяснага паходжання. Варш. сл. (1, 234) лічыць, што гэта трансфармацыя слоў bania, bańka. Рудніцкі, 257 (толькі ўкр. матэрыял), таксама думае пра дэфармацыю слова ба́нка. Няясныя і адносіны (у сэнсе магчымасці запазычання) паміж мовамі, дзе зафіксавана бу́нька. Параўн. яшчэ чэш. buňka ’ячэйка пчаліных сотаў’, якое таксама не мае этымалогіі (аб гэтым Махэк₂, 77), а таксама назвы пасудзін: чэш. obuň, obuňka, славац. oboňa, obôn(k)a, obonija і да т. п., якія Махэк₂ (408) лічыць няяснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валтузіць ’тармасіць’ (БРС), валтузіцца ’спрачацца, лаяцца’ (КЭС). Рус. валтажиться ’вазіцца з чым-небудзь, з кім-небудзь’; валтошиться ’павольна рабіць што-небудзь, завіхацца’, ватажаться ’вазіцца’, укр. вовтузитись. Рудніцкі (1, 457) лічыць украінскі дзеяслоў кантамінацыяй укр. возитися і тузатися. Фасмер (1, 270) рус. валтажиться звязвае з франц. avantager ’садзейнічаць, павялічваць долю’. Не выключана, што валтузіць звязана з ватага (гл. версіі ў артыкуле вантажыцца). Несумненна, на форме слова адбілася кантамінацыйнае ўздзеянне іншых дзеясловаў. Варта звярнуць увагу на тое, што валтузіць можа быць утворана ад валтуза, якое дазваляе ставіць пытанне аб балтыйскім уплыве (параўн. бамбіза, лапеза і іншыя назоўнікі з суфіксальным ‑з‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́рас. Укр. ве́рес, рус. ве́реск, ве́рес, польск. wrzos, чэш. vřes (дыял. таксама břez), серб. вре̑с, вре̑сак і г. д. Прасл. *versъ ’верас’. Роднасныя: лат. vìrsis, vir̂zis, літ. viržỹs ’верас’, vir̃kščiai ’моцнае бадылле бульбы і да т. п.’, лат. virksne ’куст бульбы’, грэч. ἐρείκη (*u̯er‑) ’верас’, ірл. froech ’тс’. Балта-слав. формы ўказваюць не толькі на першапачатковае прасл. *versъ, але і на *verzъ (чэш. дыял. břez, літ. viržỹs, лат. vir̂zis), *verskъ (рус. ве́реск, літ. vir̃kščiai, лат. virksne < *virsk‑), што можа сведчыць аб «праеўрапейскім» паходжанні слова, *versъ, *verzъ < і.-е. *u̯erk̑‑, *u̯erg̑‑. Гл. Фасмер, 1, 296; Траўтман, 362; Фрэнкель, 1264; Махэк₂, 702.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воласць (БРС, Нас., Бяльк., Яшк.). Рус. во́лость, укр. во́лость, ст.-рус. волость ’вобласць, тэрыторыя, дзяржава, улада’, ст.-бел. во́лость ’воласць’, ст.-слав. власть, польск. włość, чэш. vlast, славац. vlasť ’айчына’, серб.-харв. вла̑ст, славен. lȃst, род. скл. lastȋ ’уладанне, маёмасць’, балг. власт ’улада’. Прасл. volstь < voldtь (< уладаць) (Махэк₂, 693; Скок, 3, 604). Роднасныя: лат. vàlsts ’дзяржава’, літ. valsčius ’воласць’ (Траўтман, 340 і наст.; Буга, РФВ, 75, 133 і наст.; Фасмер, 1, 344). Некалькі інакш аб словаўтварэнні КЭСРЯ (65) і Шанскі (1, В, 151 і наст.), якія выводзяць ад *volda ’ўлада’ з дапамогай суф. ‑tь: *voldtь > volstь > volostь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́галь (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Гарэц., Бяльк., Мядзв.). Рус. у́голь, укр. ву́гіль, ст.-рус. оуг(ъ)ль, ст.-слав. ѫгль ’вугаль’, балг. въгле н. р. ’вугаль’, серб.-харв. у̏гаљ, славен. vọ̑gel, чэш. uhel, славац. uhol, польск. węgiel, в.-луж. wuhl, wuhel, н.-луж. hugel. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 537). Роднаснае літ. anglìs, ст.-прус. anglis, він. скл. адз. л. añglį̌, усх.-літ. ánglis, лат. ùogle, ст.-інд. áṅgāraḥ ’вугаль’, н.-перс. angišt ’тс’ (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 146). Сольмсен (Unters., 218) дапускае магчымасць роднасці з агонь. Аб гэтым гл. таксама Тапароў, Прус., 87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́жар ’месца, дзе калісьці выгарала балота, трава, лес; яма з вадой на месцы выгаралага торфу’ (Маш., Сержп., 1, Некр., Талстой, Георг., 197); ’багністае балота’ (ДАБМ, 993); ’малая яма, запоўненая вадой’ (Талстой, Геогр., 197); выжа́ры ’балота’ (Сцяшк.), вы́жары ’балота, на якім выгараў, торф’ (Шатал.). Укр. палес. ви́жар ’невялікая лагчынка’ (Марусенка, Полесье, 220), польск. wyżar ’выгараўшае месца на балоцістай ці тарфяністай глебе, дзе ў вільготную пагоду збіраецца вада’ (Нітшэ, 209). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́жарыць: Але арэал распаўсюджання і незвычайная для ўсходнеславянскіх моў семантыка дзеяслова наводзяць на думку аб магчымасці калькіравання літ. išdaga ’выгар, выжар’ (< dagà ’гарачыня, спёка’) (Чэкман, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда́к ’лядзяш’ (Сцяшк.). Балтызм. Параўн. літ. ledókas, ledùkas ’кавалачак лёду або граду’. Іншыя бел. назвы ледзяша ўтвораны ад лёд (гл.): лядзя́к, лядзе́нь, ля́дзенне, ле́дзень, ледзяшок ’кавалак лёду, ільдзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ’кавалак лёду, на якім дзеці коўзаюцца, з’язджаюць з горкі’ (Нік., Оч.), лядзі́на ’крыга’ (навагр., З нар. сл.), лядзя́ш ’лядзяк’ (чэрв., Сл. ПЗБ; ТСБМ, Шат., Ян.) ’крыга’ (Ян.), лядзянка, лідзянка ’лядзяш’ (Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг.; навагр., З нар. сл.), ’рэшата, дошка або скрынка з абледзянелым дном для катання зімой з горак’ (ТС; гарадоў, Нар. лекс.; лудз., Сл. ПЗБ). Аб суфіксе ‑яш гл. Бел. гр.₂ (1, 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)