КАНАПЕ́ЛЬКА (Пётр Якаўлевіч) (н. 10.2.1922, в. Гнаткі Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1968), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Ваенна-вет. акадэмію Сав. Арміі (1946). З 1954 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1971—91 заг. кафедры). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, ранняй дыягностыцы, тэрапіі, прафілактыцы рахітаў і інш.унутр. незаразных хвароб с.-г. жывёл, парушэннях абмену рэчываў, па гісторыі ветэрынарыі. Адзін з аўтараў падручнікаў «Асновы ветэрынарыі» (2-е выд., 1985), «Клінічная дыягностыка ўнутраных незаразных хвароб жывёл» (2-е выд., 1988), «Даведнік па хваробах с.-г. жывёл» (2-е выд., 1990).
Тв.:
Эндемические болезни сельскохозяйственных животных М., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),
сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал.сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Піліп Піліпавіч) (25.12.1907, с. Жоўтае Пяціхацкага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1973),
адзін з кіраўнікоў парт. руху ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). З 1931 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, камандзір палка. У партызанах з сак. 1942: нач. штаба, камісар атрада, з мая 1942 камандзір партыз. брыгады імя Варашылава, са снеж. 1942 — партыз. злучэння Слуцкай зоны. У сак.—ліп. 1943 чл. Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б, са жн. 1943 нач. штаба Беластоцкага партыз. злучэння, адначасова ў ліст. 1943 — ліп. 1944 чл. Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны ў Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГА́НА (Caragana),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДАІ́ТАВЫЯ (Cordaitales),
парадак вымерлых голанасенных раслін. Дрэвы і, магчыма, кусты. Існавалі ў карбоне—пермі. Найб. вывучаны зборны род кардаітаў (Cordaites), у якім больш за 100 відаў. На Беларусі іх выкапнёвыя рэшткі (лісце, стробілы, насенне, злепкі стрыжня) адзначаны ў адкладах сярэдняга і позняга карбону, пермі. Нагадвалі сучасныя хвойныя. Існавалі ва ўмовах вільготнага, цёплага клімату, раслі паблізу вадаёмаў.
Выш. да 30 м, ствол дыям. да 1 м, гладкі, разгалінаваны каля верхавіны. Лісце лінейнае, ланцэтападобнае ці стужкападобнае, даўж. да 1 м. Органы размнажэння ў выглядзе каташкоў з мужчынскімі і жаночымі стробіламі («кветкамі»). К., магчыма, далі пачатак хвойным. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў Піліпавіч) (н. 25.9.1933, в. Маўчаны Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Акад. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1992), д-ртэхн.н. (1980), праф. (1982). Скончыў БСГА (1955). З 1960 у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1969 нам. дырэктара, у 1977—97 дырэктар). Навук. працы па асн. прынцыпах канструявання меліярац. сеткі і тэхналогіі правядзення меліярац. работ. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны канструкцыі меліярац. сістэм, якія забяспечваюць рэгуляванне водна-паветранага рэжыму глебы і рацыянальнае выкарыстанне зямельных і водных рэсурсаў з улікам экалагічных патрабаванняў.
Тв.:
Мелиорация земель и охрана окружающей среды. Мн., 1982 (разам з С.Г.Скарапанавым, У.С.Бразгуновым);
Строительство закрытой осушительной сети. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт.Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АНБеларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж.бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр.літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),
скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.
Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.