СЯРПУ́ХА (Serratula),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. фарбавальная, ці некалючая (S. tinctoria). У культуры С.​Вольфа (S. wolffii), зюзнікалістая (S. lycopifolia) і прамянёвая (S. radiata).

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, часам разгалінаваныя, апушаныя або голыя. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае ці перыстарассечанае, ніжняе чаранковае, на сцёблах — сядзячае. Кветкі ў кошыках белыя, ружовыя, пурпурныя. Кошыкі сабраны ў шчыткападобныя верхавінкавыя суквецці або адзіночныя. Плод — сямянка. Фарбавальныя (для шэрсці), лек., меданосныя і дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сярпуха зюзнікалістая.

т. 15, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)