СФЕРАПСІДА́ЛЬНЫЯ (Sphaeropsidales),

парадак недасканалых грыбоў. Каля 750 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў з родаў аскахіта, септорыя, філастыкта, фома. Паразіты і сапратрофы, выклікаюць плямістасці і некрозы ў раслін. Паразітуюць на грыбах, лішайніках, водарасцях, насякомых.

Міцэлій добра развіты, галінасты, складаецца са шмат’ядзерных клетак. Канідыяносцы простыя, часам разгалінаваныя, размешчаны на ўнутр. паверхні пікнід, наяўнасць якіх — асн. прыкмета парадку. Пікніды звычайна з адтулінай на верхавінцы. Канідыі адна-, двух- і шматклетачныя, выходзяць наверх склееныя сліззю ў выглядзе жгута або стужкі. Многія С. — недасканалыя стадыі аскаміцэтаў.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)