Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус. каждый, польск. każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін. kö̀u̯ždï, кашуб. každi і koeždi, палаб. kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж. každy, чэш. každý, славац. každý, серб.-харв. кніжн. každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав. къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав. когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е. *ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав. žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац. quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав. lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац. quisque, quidque (і quaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав. ‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав. kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[kъ]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав. ‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав. кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел. жа, рус. же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав. къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав. kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац. quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск. każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́ць 1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць 2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́н 1 ’лятучая мыш, Vespenugo noctula’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; навагр., КЭС; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Бел., Федар. Рук., Шат., Шэйн, Яруш.), кажанюк (Сцяшк.), кажністы (Радч.). Укр. кожан, кажан. Рус. кожан (арх., паводле Даля, зах. і паўдн.), алан. кожаник, арл. кожанчик ’тс’. Усх.-слав. кожан ’лятучая мыш’ < кожа < kozja. Параўн. яшчэ рус. кожаная птичка, кожаный нетопырь. Укр. форма (з ‑а‑) — вынік пранікнення ў літар. мову слова з акаючых гаворак (з поўначы) або фанетычным шляхам (асіміляцыя), магчыма, таксама ў гаворках. Булахоўскі (Вибрані праці, 2, 162) лічыць, што кажан, калач, хазяін і інш., магчыма, з’яўляюцца беларусізмамі. Аналагічная думка аб уплыве беларускіх або рускіх дыялектаў (разглядаецца шэраг слоў), там жа, с. 239.

Кажа́н 2 ’спрытны чалавек’ (Маж. Маг.). Рэгіянальны перанос ад кажан 1. Матывацыя ’хударлявы, спрытны’, параўн. з некалькі іншым значэннем рус. дыня. кожанка ’аб сухарлявай жанчыне’.

Кажа́н 3 ’чалавек малога росту; дзіця, якое дрэнна расце’ (Чач.), кажанё ’занядбаная маладая жывёліна, звычайна парася’ (КЭС, лаг.), кажанчык ’запаршывелае, закажанелае парася’ (Бяльк.). Рус. смал. кожан ’высахлы грыб’, апог., пск. кожанка ’аб худым кані’; з іншай структурай — ярасл. кожевина ’тс’. Апошняе слова дазваляе меркаваць аб паходжанні разглядаемых лексем ад прыметнікавай асновы кожан‑ (параўн. рус. дыял. кожевый ’скураны’), нягледзячы на тое што перанос ад кажан 1 (і суфіксальныя вытворныя ад гэтай формы) уяўляецца верагодным (параўн. у Насовіча кожановатый «старообразный, как бы имеющий шероховатость кожи летучей мыши»). Магчыма, чэрв. кажанець ’пакрывацца брудам, апускацца з віду’ (Шат.), тое ж кожаныць у Насовіча з’яўляюцца дзеясловамі ад кажан 1 (параўн. кажанаты ’худы, які спыніўся ў росце’. Касп. — «парасяты кажанатыі») ’аслабелая жывёліна’ (КЭС, лаг.), а семантыка кажан 3 і пад. лексем абумоўлена дзеяслоўнай семантыкай. Што датычыць храналогіі, то лінгвагеаграфія бел. і рус. слоў сведчыць аб уласна беларускай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Stímme f -, -n

1) го́лас;

mit sáchlicher ~ дзелавы́м то́нам

2) муз. го́лас;

die érste ~ пе́ршы го́лас, пры́ма

3) перан. го́лас (сумлення і г.д.)

4) го́лас (думка);

es gibt ~en, die ságen… раздаю́цца галасы́ аб тым, што…

5) го́лас, пра́ва го́ласу;

séine ~ ábgeben* адда́ць свой го́лас;

sich der ~ enthálten* устрыма́цца (пры галасаванні);

auf deíne ~ kommt es an твой го́лас выраша́е ўсё; усё зале́жыць ад твайго́ го́ласу;

◊

die ~ éines Prédigers in der Wüste ма́рны ля́мант у пусты́ні

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

toll a

1) шалёны (тс. перан.);

~ wérden ашале́ць

2) вар’я́цкі;

er gebärdet sich wie ~ ён паво́дзіць сябе́ як вар’я́т

3) шалёны; дзіва́цкі, дзі́кі;

ein ~er Éinfall шалёная [дзіва́цкая] ду́мка;

~es Zeug лухта́, глу́пства, недарэ́чнасць;

das ist doch zu ~! гэ́та ўжо́ зана́дта!;

das ist éine ~e Wírtschaft тут страшэ́нны беспара́дак; гэ́та жу́дасныя спра́вы

4) мо́цны, шалёны, надзвыча́йны;

~e Fréude вялі́кая [надзвыча́йная] ра́дасць;

er ist ~ auf… (A) ён тра́ціць ро́зум па…;

◊

er ist ~ und voll ён п’я́ны да непрыто́мнасці

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.

2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.​Лок, А.​Сміт, І.​Бентам (Вялікабрытанія), Ш.​Мантэск’ё, Б.​Канстан, Ф.​Гізо (Францыя), І.​Кант, В.​Гумбальт (Германія), Т.​Джэферсан, Дж.​Медысан, Б.​Франклін (ЗША), С.​Я.​Дзясніцкі, А.​П.​Куніцын, А.​М.​Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.

У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльны Л., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.​Міль, Г.​Спенсер, Дж.​Кейнс, К.​Попер, Дж.​Хобсан (Вялікабрытанія), А.​Таквіль (Францыя), Г.​Альберт, Г.​Зімель (Германія), Дж.​Голбрэйт, Р.​Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.​М.​Спяранскі, У.​С.​Салаўёў, П.​Б.​Струвэ, Б.​М.​Чычэрын (Расія) і інш. Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.

На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, А.​Волан, К.​Нарбут, Ф.​Савіч, М.​К.​Судзілоўскі, І.​Страйноўскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.​Віткевіч, І.​Мятлін, А.​Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.​Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, А.​Смоліч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, В.​Іваноўскі, І.​Канчэўскі, А.​Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.

Літ.:

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ. М., 1962;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр. М., 1992;

Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;

Manning D. Liberalism. London, 1976;

Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.

2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.

3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.

4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

твой, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж.; тваё, твайго́, н.; мн. твае́, тваі́х; займ. прыналежны да ты.

1. Які мае адносіны да цябе, належыць табе. Твая хата. Тваё паліто. Твая думка. □ Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. [Максім да Данілы:] — Я на тваім месцы наняў бы машыну, насыпаў бы ў кузаў яблык і гайда іх на Урал. Капыловіч. Аднаму ўсё ж сумнавата, браце, у твае гады. Машара. // Такі, як у цябе, падобны на твой. Твае [маці] ў мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс. Вярцінскі. // Зроблены, ажыццёўлены і пад. табою. Тваё пісьмо. Твае распараджэнні. // Звязаны з табою, знаёмы табе. Ну дзе ж твой абяцаны тэхнік? // у знач. наз. тваё, твайго́, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва табе. Твайго мне не трэба.

2. Які належыць табе па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. Твой бацька. Твая маці. Тваё дзіця. Твае сябры. // у знач. наз. твае́, тваі́х. Разм. Родныя, блізкія. Прывітанне тваім. Твае дома? // у знач. наз. тво́й, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж. Разм. Муж, каханы або жонка, каханая. — Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец. — Усе яны .. на адзін капыл. Васілёнак.

•••

Каб і духу твайго не было дзе гл. быць.

Каб нагі тваёй не было дзе гл. быць.

Нагі тваёй не будзе дзе гл. быць.

Не твая бяда гл. бяда.

Няхай на тваім будзе — няхай будзе так, як ты хочаш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)