«МАНЫ́ЛЫ»

(«Manyly»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎРЭР (Maurer) Георг Людвіг фон (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),

нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ Пётра (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),

бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.​Сахарава, П.​Крачэўскага (1966), Н.​Арсенневай, Я.​Купалы, Ф.​Скарыны (усе 1967), Л.​Сапегі (1970), К.​Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.

В.​А.​Трыгубовіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САР,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).

Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.

Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.

І.​У.​Бунто.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.

У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав. ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.​Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Георгій Лявонцьевіч (3.5.1918, в. Прыганка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 9.8.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Вучыўся ў Новасібірскім пед. ін-це (1940—41). З 1946 ваен. журналіст, у газ. «Калгасная праўда», з 1959 адказны сакратар, у 1966—78 намеснік гал. рэдактара час. «Нёман». Друкаваўся з 1943. Пісаў на рус. мове. Першы зб. апавяданняў — «У родным палку» (1956). Асн. тэма кніг апавяданняў «Паводка» (1958), «Гусі-лебедзі» (1968), апавяданняў і аповесцей «Паездка ў Трасцёну» (1977), «Памяць» (1978), аповесцей «За трыдзевяць планет» (1976), «Першае лета» (1985) і інш. — жыццё вёскі і горада, маральна-этычныя праблемы. Аповесці, што ўвайшлі ў трыпціх «На тым, на волжскім беразе» (1986) пра падзеі Вял. Айч. вайны. На рус. мову пераклаў асобныя творы М.​Багдановіча, Я.​Брыля, З.​Бядулі, Я.​Коласа, Б.​Мікуліча, А.​Савіцкага і інш.

Тв.:

В шести часах на автобусе: Рассказы и повести. М., 1986;

На дороге: Рассказы, повести. Мн., 1989;

За тридевять планет. Мн., 1990.

У.​А.​Жыжэнка.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НА (Puzynina) Габрыеля (24.9.1815, в. Дабраўляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1869),

польская пісьменніца. У 1850—60-я г. жыла ў маёнтках Нястанішкі (Смаргонскі р-н) і Гарадзілава (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар зб-каў вершаў «У імя Бога!» (1843), «Далей у свет!» (1845), «Прозай і вершам» (т. 1—2, 1856). Яе паэзія адметная эмац. непасрэднасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця. У кн. «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) з гуманіст.-асветніцкіх пазіцый адлюстроўвала грамадскія канфлікты, з павагай малявала тыпы сялян. У кн. замалёвак «Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні» (1847) — паэтычны свет дзяцей бел. вёскі. Зб. «Аматарскі тэатр» (1861) склалі камедыя «Ці прыгожая, ці багатая» і драм. абразок «За горадам», якія з поспехам ставіліся ў Вільні. Аўтар успамінаў «У Вільні і ў літоўскіх дварах» (Вільня, 1928). Зберагала аўтографы Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Адынца, В.​Поля, С.​Манюшкі, У.​Сыракомлі, Г. і Ю. Вяняўскіх, І.​Ходзькі, Я.​Ходзькі і інш.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БА,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс. ж. (2000).

Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял. Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.

Працуюць акц. т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖА́ЎКА,

урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял. Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводле ням. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.

Літ.:

Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)