РУ́БА,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс. ж. (2000).

Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял. Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.

Працуюць акц. т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)