ПУЗЫ́НА ((Puzynina) Габрыеля) (24.9.1815, в. Дабраўляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1869),
польская пісьменніца. У 1850—60-я г. жыла ў маёнтках Нястанішкі (Смаргонскі р-н) і Гарадзілава (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар зб-каў вершаў «У імя Бога!» (1843), «Далей у свет!» (1845), «Прозай і вершам» (т. 1—2, 1856). Яе паэзія адметная эмац. непасрэднасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця. У кн. «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) з гуманіст.-асветніцкіх пазіцый адлюстроўвала грамадскія канфлікты, з павагай малявала тыпы сялян. У кн. замалёвак «Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні» (1847) — паэтычны свет дзяцей бел. вёскі. Зб. «Аматарскі тэатр» (1861) склалі камедыя «Ці прыгожая, ці багатая» і драм. абразок «За горадам», якія з поспехам ставіліся ў Вільні. Аўтар успамінаў «У Вільні і ў літоўскіх дварах» (Вільня, 1928). Зберагала аўтографы Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца, В.Поля, С.Манюшкі, У.Сыракомлі, Г. і Ю. Вяняўскіх, І.Ходзькі, Я.Ходзькі і інш.
А.М.Пяткевіч.
т. 13, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)