КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),
сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБ (Carpinus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.
Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для будаўнічых работ. Адрозніваюць будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых, земляных, дарожных, буравых, палябойных, пад’ёмна-трансп., пагрузачных, драбільна-сартавальных, бетонных, аддзелачных і інш. работ.
Будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых работ — гэта рыхліцелі, кустарэзы, карчавальнікі, дрэвавалы; яны звычайна ў выглядзе зменнага абсталявання навешваюцца на гусенічны трактар. Будаўнічыя машыны для земляных работ падзяляюцца на землярыйныя (экскаватары аднакаўшовыя і бесперапыннага дзеяння), землярыйна-трансп. (бульдозеры, скрэперы, грэйдэры, грэйдэр-элеватары, рыхліцелі), трансп. (аўтасамазвалы, канвееры, землявозныя цялежкі, грунтакідальнікі), грунтаўшчыльнікавыя (каткі, трамбавальныя, вібрацыйныя і інш. машыны), бурыльныя. Будаўнічыя машыны для дарожна-будаўнічых работ уключаюць машыны для падрыхтоўчых і земляных работ і спецыялізаваныя: для буд-ва аўтадарог — дарожныя машыны, чыгунак — пуцявыя машыны. Палябойныя машыны — дызель-молаты, капры, вібрамолаты, вібрапагружальнікі і інш.Пад’ёмна-транспартныя машыны ўключаюць самаходныя і стацыянарныя пад’ёмныя краны, пагрузчыкі. Драбільна-сартавальныя машыны выпускаюцца як асобныя машыны, перасоўныя ўстаноўкі, зборна-разборныя аўтаматызаваныя лініі і самаходныя ўстаноўкі. Гэта драбілкі, грохаты, прамывачныя і абязводжвальныя машыны, класіфікатары. Для апрацоўкі каменных матэрыялаў выкарыстоўваюцца каменярэзныя машыны, шліфавальныя і інш.Будаўнічыя машыны для бетонных работ уключаюць машыны для прыгатавання бетоннай сумесі (дазатары, бетоназмяшальнікі), яе транспарціроўкі (бетанавозы, аўтабетоназмяшальнікі), размеркавання (бетанапомпы), ушчыльнення (вібраўзбуджальнікі), устаноўкі для напырсквання сумесі. Будаўнічыя машыны для дахавых работ ачышчаюць, перамотваюць, раскочваюць і наклейваюць рулонныя матэрыялы (перасоўныя станцыі, дахавыя машыны), перамешваюць, падаграюць, падаюць на дах масціку (спец. ўстаноўкі). Машыны для аддзелачных работ падзяляюцца на групы: для тынкавальных работ (тынкавальныя агрэгаты і станцыі, таркрэтныя ўстаноўкі), для малярных работ (шпаклёвачныя і фарбавальныя агрэгаты, фарбапульты), для аддзелкі падлог (дыскавыя, загладжвальныя, шліфавальныя машыны, апараты для зваркі лінолеуму і інш.). Асобную групу складаюць ручныя машыны для апрацоўкі металаў, дрэва, пластмас, каменю, бетону, грунту і інш. матэрыялаў. Гэта электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і з рухавікамі ўнутранага згарання свідравальныя, шліфавальныя, дрэваапрацоўчыя і інш. машыны. Выкарыстоўваюцца таксама козлавыя краны, панэлявозы, фермавозы.
Літ.:
Строительные машины: Справ. Т. 1—2. 3 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ у Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 52,4 тыс.км². Нас. 2475,4 тыс.чал. (1994). Цэнтр — г.Варонеж. Найб. гарады: Барысаглебск, Ліскі, Новаваронеж, Астрагожск, Росаш, Калач.
Прырода. Варонежская вобласць размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрапейскай раўніны. Заходняя ч. (Данское правабярэжжа) ляжыць на Сярэднярускім узв. (выш. да 268 м), моцна расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Усходняя (Данское левабярэжжа) займае плоскую Окска-Данскую раўніну (выш. 80—178 м) і Калацкае узв. (выш. да 234 м) з ярка выяўленым эразійным рэльефам. Карысныя выкапні: мел, цэментныя мергелі, вогнетрывалыя, керамічныя і фарбавальныя гліны, граніт, медна-нікелевыя руды, кварцавы пясок. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -9 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Патудань, Ціхая Сасна, Чорная Калітва, Варонеж, Біцюг, Асярэдзь, Хапёр (з прытокам Варона). Варонежскае вадасх. Пераважаюць чарназёмныя глебы. Буйныя лясныя масівы, у асн. дубровыя і хваёвыя бары, абвешчаны запаведнікамі; захаваліся ўчасткі карэннага стэпу. Варонежскі запаведнік і Хапёрскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (самалёты-аэробусы, экскаватары, с.-г. машыны, цеплаходы буксірныя); станкабудаванне; абсталяванне кавальска-прэсавае, эл.-энергет., для аграпрамысл. комплексу і футравай прам-сці; транспарцёры, рэзервуары для нафтапрадуктаў, электрарухавікі; прыладабудаванне (тэлевізары, радыёпрыёмнікі, відэамагнітафоны, эл. прылады, сродкі выліч. тэхнікі); рамонт абсталявання для АЭС, лакаматываў і інш.; развіты хім. (сінт. каўчук, аміяк, салетра, фарбы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, домікі садовыя), лёгкая (абутковая, трыкат., вытв-сць дываноў і баваўнянай тканіны), харч. (масла-тлушчавая, цукр., малочная, мясная, плодакансервавая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (вогнетрывалыя вырабы; жалезабетонныя канструкцыі, фундаменты і пліты; цэгла керамічная). Новаваронежская АЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік) і кармавых культур. Вырошчваюць зернебабовыя і бульбу. Садаводства. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свіна-, авечка-, конегадоўля). Птушкагадоўля. Гал. чыгункі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Харкаў—Пенза, аўтадарогі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Курск—Варонеж—Барысаглебск, Масква—Астрахань. Перасякаюць тэр. газаправоды Стаўраполле—Масква, Шабялінка—Астрагожск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВО́ДСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв.вытв-сць збожжа склала 2111 млн.т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн.т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш.Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн.цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн.т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв.вытв-сць 296 млн.т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн.т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн.т). Найб. развіта вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і ЗЗах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.
На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл.табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн.с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб. змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв. патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.
2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.
Т.Л.Казакова.
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс.га)
1985
1990
1995
1999
Уся пасяўная плошча
6241
6126
6150
6123
Збожжавыя і зернебабовыя
2816
2645
2692
2513
у т. л. жыта
1015
917
969
641
пшаніца
195
140
177
411
ячмень
918
1030
1033
811
авёс
380
360
335
293
грэчка
38
18
18
23
зернебабовыя
270
172
119
238
Тэхнічныя культуры
266
248
205
277
у т. л. лён
200
149
98
76
цукр. буракі
59
46
55
55
рапс
3
49
48
136
Бульба
708
638
725
661
Агародніна
47
41
77
93
Кармавыя культуры
2404
2554
2451
2578
Да арт.Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.