Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДКІ́ (Agrimonia),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. аптэчныя, або звычайныя (A. eupatoria), валасістыя (A. pilosa) і высокія, або пахучыя (A. procera). Растуць у шыракалістых і шыракаліста-хваёвых лясах, на сухіх схілах, у хмызняках і інш. У Цэнтр бат. сад Нац.АН інтрадукаваны 2 віды, з якіх найб. перспектыўныя як лек. і фарбавальныя расліны Дз. азіяцкія (A. asiatica).
Шматгадовыя залозіста-апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі дробныя, двухполыя, 5-членныя, жоўтыя, у доўгіх коласападобных гронках. Плод — 1—2-арэшак, укрыты кручкападобнымі шчацінкамі (адсюль бел. назва роду), з дапамогай якіх ён чапляецца да шэрсці жывёл і вопраткі людзей. Лек., эфіраалейныя, дубільныя, фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ДА́ХАВЫХ І БУДАЎНІ́ЧА-АДДЗЕ́ЛАЧНЫХ МАШЫ́Н.
Створаны ў 1977—82 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. Выпускае машыны і абсталяванне для тынкавальных, дахавых і малярных работ (усяго каля 20 найменняў). Асн. прадукцыя (1995): машыны для падагрэву, нанясення, транспарціроўкі на дах бітумных масцік, агрэгаты помпавыя, шпаклёвачныя, малярныя і фарбавальныя, станцыі і ўстаноўкі малярныя, бетоназмяшальнікі, фарбапульты, кампрэсары, катлы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТ (Anthyllis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: буйнагалоўчаты (A. macrocephala), ранагаючы (A. vulneraria), шматлісты (A. polyphylla). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на сухіх лугах, пустках.
Пераважна шматгадовыя травы ці паўкусты. Лісце непарнаперыстае з прылісткамі. Кветкі жоўтыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — скурысты струк. Лек., кармавыя, фарбавальныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫЯ́НЫ (ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РМАЛА (Peganum),
род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек.дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮ́ЗНІК (Lycopus),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, 1 від у Аўстраліі. На Беларусі найб. вядомы З. еўрапейскі (L. europaeus) і зрэдку, пераважна на Пд, трапляецца З. высокі (L. exaltatus). Растуць па берагах вадаёмаў, на балотах, у забалочаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны са шнурападобным членістым карэнішчам, доўгімі падземнымі парасткамі і прамым сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, апушанае, яйцападобна-ланцэтнае. Кветкі белыя (часта з пурпуровымі кропкамі), дробныя, двухполыя, невыразнадвухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., дубільныя і фарбавальныя расліны.