ЗЮ́ЗНІК (Lycopus),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, 1 від у Аўстраліі. На Беларусі найб. вядомы З. еўрапейскі (L. europaeus) і зрэдку, пераважна на Пд, трапляецца З. высокі (L. exaltatus). Растуць па берагах вадаёмаў, на балотах, у забалочаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны са шнурападобным членістым карэнішчам, доўгімі падземнымі парасткамі і прамым сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, апушанае, яйцападобна-ланцэтнае. Кветкі белыя (часта з пурпуровымі кропкамі), дробныя, двухполыя, невыразнадвухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., дубільныя і фарбавальныя расліны.

Зюзнік еўрапейскі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)