ДЗЯДКІ́

(Agrimonia),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. аптэчныя, або звычайныя (A. eupatoria), валасістыя (A. pilosa) і высокія, або пахучыя (A. procera). Растуць у шыракалістых і шыракаліста-хваёвых лясах, на сухіх схілах, у хмызняках і інш. У Цэнтр бат. сад Нац. АН інтрадукаваны 2 віды, з якіх найб. перспектыўныя як лек. і фарбавальныя расліны Дз. азіяцкія (А. asiatica).

Шматгадовыя залозіста-апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі дробныя, двухполыя, 5-членныя, жоўтыя, у доўгіх коласападобных гронках. Плод — 1—2-арэшак, укрыты кручкападобнымі шчацінкамі (адсюль бел. назва роду), з дапамогай якіх ён чапляецца да шэрсці жывёл і вопраткі людзей. Лек., эфіраалейныя, дубільныя, фарбавальныя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дзядкі аптэчныя.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)