ВЯТРО́ЎНІК
(Filipendula),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 12 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 4 віды: вятроўнік вязалісты (Filipendula ulmaria), аголены (Filipendula denudata), звычайны, або земляныя арэшкі (Filipendula vulgaris), і стэпавы (Filipendula stepposa) — рэдкі від, адзначаны ў паўд. раёнах. У Цэнтр, бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны вятроўнік далонепадобны (Filipendula palmata).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом выш. 2—20 см і моцным карэнішчам. Лісце перарывіста-перыстае, перыстарассечанае, пальчатае або суцэльнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя (часта з жаўтаватым ці ружаватым адценнем), ружовыя, чырв., духмяныя, у густых шматкветных шчытападобна-мяцёлчатых або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак ці шматлістоўка. Лек., меданосныя, перганосныя, кармавыя, фарбавальныя і дэкар. расліны. Каранёвыя клубянькі, маладое лісце і сцёблы ядомыя, з кветак і лісця вырабляюць духмяны лячэбны чай.
т. 4, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)