ЧЫ́СЦІК (Stachys),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 200 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 4 віды Ч.: аднагадовы (S. annua); балотны (S. palustris), нар. назвы галавенька, воўчая крапіва, воўчая мята; лясны (S. sylvatica), нар. назва глухая крапіва; прамы (S. recta). Трапляюцца ў лясах, хмызняках, забалочаных нізінах, па схілах яроў, як пустазелле ў садах і агародах. Культывуецца Ч. шарсцісты (S. lanata).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцёблы 4-гранныя, выш. 20—120 см. Лісце супраціўнае, суцэльнае, радзей перыстарассечанае, зубчастае. Кветкі шматлікія, сабраныя кальчакамі ў верхавінкавае або пазушнае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Патоўшчаныя карэнішчы некат. відаў, т.зв. японскі або кітайскі артышок, спажываюць у ежу. Лек., харч., эфіраалейныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Чысцік: 1 — балотны; 2 — аднагадовы; 3 — прамы.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)