Кі́рка ’прадаўгаваты завостраны малаток для драблення цвёрдай пароды’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (ТС, Др.-Падб., Бяльк.). Праз рус. кирка ’тс’, якое, паводле Шанскага (2, 136), запазычана з грэч. κερκίς ’матыка’ (?) з пераходам у іншы марфалагічны тып (назоўнікі ж. р. на ‑а). Гэта этымалогія належыць Матцэнаўэру (LF, 8, 165). Але значэнне ’матыка’ для грэчаскага слова застаецца невядомым ні для Матцэнаўэра, ні для Фасмера (2, 238). Апошні сумняваецца ў гэтай этымалогіі, лічачы больш верагоднай этымалогію Корта (AfslPh, 9, 518) (< тур. küräk ’лапата’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ракяце́нь ’калатоўка’, ’прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла’ (паст., Сл. ПЗБ), раке́т ’мяшалка, зробленая з вяршыні маладой елкі’ (Зданцэвіч, LP, 1960, 347). У апошняй форме, відавочна, літуанізм, ад літ. rekẽtis ’рагуля, развілістая галіна’, параўн. літ. reketùkas ’вешалка, зробленая з вяршыні маладой елкі, сасны’, але звязана з агульнаслав. rak (гл. рак1, ра́кавіна1, рала1). Далейшае ўтварэнне па рэгіянальнай прадуктыўнай мадэлі са значэннем прадмета дзеяння, напрыклад, кляпеньмалаток’, падавень ’вілы’ і пад. (Сцяцко, Афікс. наз., 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намасты́р ’манастыр’ (Грыг., Мядзв.: «исковерк. монастырь»; мін., магіл., Мат. 2; Сержп.), номастырь (мін., Шн. 2; слуц., Чуд.), ст.-бел. намастыръ (Булыка, Лекс. запазыч., 215). Вынік перастаноўкі складоў ма і на; Чудоўскі (РФВ, 1894, 3–4, 68) прыводзіць прыклады такіх перастановак у народнай мове: маталок зам. малаток, Ванагрудак зам. Навагрудак, Ванадворцы зам. Навадворцы і інш. Апель (РФВ, 1988, 2, 71) тлумачыць намастырь зам. монастырь, фарфур зам. фарфор дзеяннем аналогіі ці падвойнай аналогіі. Параўн. таксама камазын, гамозін зам. магазін. Вядома і іншым славянскім мовам, напр. серб.-харв. на̏масти̑р (Вук). Этымалогію гл. пры манасты́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скі́ба, ‑ы, ж.

1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.

2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.

•••

Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым і без дап. Утвараць адрывістыя кароткія гукі пры ўдары чым‑н. цвёрдым аб камень, метал і пад. Тонкія абцасікі басаножак гучна цокалі аб каменныя пліты. Асіпенка. Цокаюць па бруку капытамі коні. Галавач. Чуваць нават, як нехта клепле касу. Лясь-лясь-лясь! — цокае малаток па бабцы. Паўлаў.

2. Утвараць кароткія, звонкія гукі (пра птушак, звяроў і пад.). Цокаюць, рассыпаючы навокал малінавыя пошчакі, салаўі. Сачанка.

цо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Не адрозніваць гукі «ц» і «ч» або змешваць іх пры вымаўленні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.

2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.

3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.

•••

Серп і молат гл. серп.

Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кула́к1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).

Кула́к2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак1 (гл.).

Кула́к3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак1 (гл.).

Кула́к4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляве́цмалаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбо́й, ‑ю, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіваць — адбіць (у 2 знач.) і адбівацца — адбіцца (у 2 знач.).

2. Гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго‑н. Дзяжурны афіцэр пасля адбою Абход чарговы робіць. Зарыцкі. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі. // перан. Перапынак у працы, дзеянні; спачын. Ні ўдзень, ні ўноч не ведалі адбою мы. Макаль.

3. Маркіровачны малаток. Знайшлі два пні сантыметраў па трыццаць, пабілі іх штрафным адбоем. Ермаловіч. // След, знак ад маркіровачнага малатка. [Хама Хаміч:] — Пад’едзьце, Лявон Свірыдавіч, бліжэй... Бачыце — адбою на бярвеннях няма. — Ну, адбою тут вы не знойдзеце, — спыніў яго Лявон Свірыдавіч, — гэта ж верхавіны, а адбой на камлях. Корбан.

•••

Адбою няма (не будзе) ад каго-чаго гл. няма.

Біць (даць) адбой гл. біць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крышы́ць, крышу́, кры́шыш, кры́шыць; незак.

1. што. Наразаць дробнымі кавалкамі. Крышыць сала. Крышыць цыбулю. □ Анежка, якая стаяла каля стала і крышыла капусту, разгубілася так, што выпусціла нож з рук. Броўка. // Расціраць, раздрабняць на невялікія часткі, ператвараць у крошкі. Крышыць хлеб курам.

2. каго-што. Разм. Ламаць, руйнаваць, разбіваць на часткі. Крышыць, ломіць вецер І платы і стрэхі. Купала. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак. // Забіваць, нішчыць. Як пайшлі глушыць І мячом крышыць, — Парадзелі раці. Пушча. // перан. Ліквідаваць, разбураць. Рабочы клас пачаў ламаць і крышыць устоі старога свету. «ЛіМ».

3. Разм. Накідваць крошак дзе‑н. Не крышы на падлогу.

4. што. Разм. Выклікаць боль у касцях; ламаць. Прастуда ломіць, крышыць косці.

•••

Крышыць на капусту — сячы на дробныя часткі (мячом, шабляй і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)