ручны інструмент ударнага дзеяння, якім адбіваюць горныя пароды ад масіву, рыхляць цвёрдыя і мёрзлыя грунты, разбіваюць каменную або цагляную муроўку, асфальт і г.д. Рабочы орган — піка, долата або рыдлёўка, па хваставой частцы якіх (звычайна з частатой 1000—1500 удараў за мінуту) б’е баёк. Бываюць пнеўматычныя (сціснутае паветра падаецца ад кампрэсараў, балонаў і інш.), электрычныя і бензінавыя (з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),
французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).
Літ.:
Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБІ́ЛКА,
машына для драблення кускавых матэрыялаў, пераважна мінер. сыравіны. Бываюць буйнога (для кавалкаў 1500—500 мм), сярэдняга (500—100 мм) і дробнага (100—40 мм) драблення; шчокавыя, конусныя, валковыя, ударныя і стрыжнёвыя (дэзінтэгратары).
У шчокавых Д. матэрыял здрабняецца паміж 2 прамавугольнымі плітамі (шчокамі), адна з якіх хістаецца, а другая нерухомая, у конусных — паміж нерухомай чашай і конусам, што хістаецца і адначасова верціцца, у валковых — паміж 2 цыліндрычнымі валкамі (гладкімі або зубчастымі), якія верцяцца адзін насустрач аднаму, ва ўдарных — ад удараў малаткоў, што замацаваны на ротары шарнірна (у малатковых Д.) або нерухома (у ротарных). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім. і харч. прам-сці, металургіі, буд-ве, у сельскай гаспадарцы (гл.Здрабняльнік кармоў).
І.І.Леановіч.
Схема драбілак: а — шчокавая (1, 2 — рухомая і нерухомая шчокі); б — конусная (3, 4 — нерухомы і рухомы конусы); в — валковая зубчастая (5 — валкі); г — малатковая (6 — малаток, 7 — ротар); д — ротарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).
Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл.Муроўка).