Во́гнік 1 ’хвароба скуры, высыпка на твары (ад прастуды)’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Бір. Дзярж., КЭС, Жд., 1, Шн., 1, Арх. ГУ; нараўл., Інстр. II, Сцяшк., Мат. Гом., Шатал.). Рус. о́гник, дыял. во́гнік, укр. во́гник ’тс’, польск. ognik ’чырвоны прышчычак, запаленне’, чэш. oheň ’тс’, серб.-харв. ógnjica ’хвароба’, балг., макед. о́гница ’гарачка, ліхаманка’. Да агонь (Махэк₂, 410; Скок, 2, 546). Чэкман (SFPS, 13, 118 і наст.) звязвае таксама з *gniti, *gnojь, *ogniti ’быць у ліхаманкавым стане’. Аб сувязі з агнём гл. таксама Сержп., Пр., 199.

Во́гнік 2 ’сушаніца лясная, змеявік’ (Гарэц.). Да вогнік 1, таму што парашком з лісця і кветак расліны прысыпаюць мокнучы лішай (Гарэнні, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сеніца 1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščerica ’яшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца 2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круг 1 ’частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.). Укр. круг, рус. круг, ст.-рус. кругъ ’тс’, ст.-слав. крѫгъ, балг. кръг, макед. круг, серб.-харв. кру̑г, славен. krọ̑g ’тс’, польск. krąg, чэш. kruh, славац. kruh, в.-луж. kruh ’тс’. Прасл. krǫgъ у якасці бліжэйшых паралелей мае германскія лексемы: ст.-ісл. hringr ’персцень, круг, кола’, ст.-в.-ням. hring ’тс’. Менш надзейным з’яўляецца ўмбр. cringatu ’пас’ (Бернекер, 1, 626; Покарны, 936).

Круг 2 ’поўная фаза месяца’ (Бяльк.). Гл. круг 1.

Круг 3 ’вір, месца ў рэчцы, дзе віруе вада’ (Мат. Гом., Янк. III). Гл. круг 1.

Круг 4 ’збан’ (Касп.). Запазычанне праз ням. Krug ’тс’.

Круг 5 ’лішай’ (Нас., Сцяшк., Мат. Гом.). Магчыма, да крух (гл.).

Круг 6 ’гульня хлопцаў са снегам (качалі снежныя кругі і пускалі з гары)’ (Нар. словатв.). Гл. круг 1.

Круг 7 ’поўны камплект колаў для воза’ (Нар. лекс., Сцяшк., Касп.). Гл. круг 1.

Круг 8 ’багністае балота, якое зарасло альхой’ (ТС, Яшк.). Гл. круг 5.

Круг 9 ’наўкола’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. круг 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́мег, ле́міг, ляме́г ’бервяно ў франтоне’ (Касп.), ’папярочнае бервяно ў закоце’ (Сцяшк., Бяльк., КЭС, лаг.), лемягі́, лімягі́ ’франтон’, ’зашчытак у пунях’ (лепел., ДАБМ, к. 230; Сл. паўн.-зах., Мат. Бых., Бяльк.), лямёга ’зашчытак’ (П. С.). Рус. ле́мег, лемиг, лемя́г арл. ’прасценак’, маек, ’кроквы’, смал. ’маціца’, пск. леме́га ’драбіны’, лемега́, ле́меги ’тоўстыя жэрдкі, на якія насцілаюцца дошкі ў драбінах’, ’сані для перавозкі грузаў’, польск. lemiąż, lemiąże ’жэрдкі, якія ўзмацняюць вільчык страхі’, палаб. letnąz ’кроква’, н.-луж. lenijaz, lemjaz, rjemjaz, lemʼes ’лёстка ў драбіце’, чэш. lemez ’кроква’, ’бервяно ў франтоне’, ст.-чэш. letniez ’бэлька’, славац. olemäziť(seno) ’прыціснуць (сена)’, славен. lęmez ’кроква’, ’друк, дручок’, серб.-харв. лемез, Ijemez ’жэрдка, якая прыціскае страху’. Прасл. lěmęgъ ’бэлька, дручок, якія прыціскаюць страху, сена ў возе’, зах.- і паўдн.-слав. лексемы зыходзяць з lemě-gъ+jь > lěmez (у Шустара–Шэўца (11, 814) падаецца гэта форма ў выглядзе: lemędzь, lěmędzь). Мае адпаведнікі толькі ў літ. мове: liemuo, liemens ’ствол дрэва’, ’аснова’, ’тулава’ (Слаўскі, 2, 144–145; Скок, 2, 335; Бязлай, 2, 132–133). Трубачоў дае слав. праформу ў выглядзе lěmę/lěmene, выведзеную з рус. валаг. лима ’бруха’ (якое з *lěma), чарапавецк. лемена ’лішай, плямы на целе’ (Этымалогія–72, 177).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набой 1 ’зарад’ (Касп., Шат., Байк. і Некр., Яруш., Гарэц., БРС, ТС), укр. набі́й ’тс’, рус. набо́й ’тс’, польск. nabój ’тс’, чэш. náboj, славен. naboj ’зарад, патрон’. Ад набі́ць, набіва́ць (стрэльбу) ’заражаць’, што адлюстроўвае старажытны спосаб зарадкі праз ствол. Магчыма, праз польскую з чэшскай, паралельна да славен. nabój, якое, паводле Бязлая (2, 210), запазычана з чэш. náboj (< na‑biti), бо толькі ў чэшскай адначасова значыць ’кулак’, што блізка да ням. Nabe, тады збліжэнне з *biti другаснае. Гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 35.

Набой 2 ’мазоль, вітае месца’ (Сцяшк.), ’болька на падэшве нагі, узнікае ад непрывычкі хадзіць босымі нагамі’ (Сцяц.), наб​уой (nabuoj) ’пухір на пяце’ (Арх. Федар.), рус. набой ’набітае месца, жаўлак’; няясна, ці звязана з укр. набій ’вусень насякомага Arctia’ (Грынч.), параўн. шматлікія выпадкі супадзення назваў розных болек і вусеней: вусеніца ’нарыў паміж капыта ў каровы’ і ’вусень’ (ТС), славац. liška ’лішай’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разношчыкаў хвароб. Ад набіва́ць, параўн.: Набіў ботам мазоль (Сл. ПЗБ). Серб.-харв. набој ’нарыў на ступні, у якой засталася калючка’, балг. на́бой ’балячка, скула, пухліна ад пацёртасці’, магчыма, дае падставы для рэканструкцыі адпаведнай праслав. лексемы.

Набой 3 ’след на дарозе, выезджаны санямі’ (Арх. Федар.), ’высокі пласт снегу на дарозе, які перашкаджае яздзе’ (Кліх), ’тупкая частка зімняй дарогі’ (Сцяц., ТС), ’наезджаная частка зімняй дарогі’ (в.-дзв., Шатал.), ’астаткі саннага шляху’ (столін., Яшк.), укр. набі́й ’утаптаная снежная дарога, сляды саней на ёй’, рус. набо́й ’тс’. Ад набіва́ць, бі́ць, бі́тая (дарога).

Набой 4 ’набойка, прылада набіваць абручы на бочку’ (Бяльк.), набойка ’тс’ (гродз., Нар. сл.; ТС). Ад набіва́ць, біць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́сня, пле́сінь, пле́сні, пле́сене ’мікраскапічны грыбок на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках, цвіль’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), плісна́ ’тс’ (Нас.), пле́сіньня, пле́сьнівыньня ’бросня, слізь, гніль’ (Бяльк.); пле́сня, плі́сня ’раска, Lemna minor L.’ (рагач., бяроз., ЛА, 1); пле́сневіць, плесня́віць ’пакрывацца плесняй’ (Нас.), пле́снець ’тс’ (ТС), пле́сневы, плесня́вы ’плесняваты’ (Нас.), плясні́вы, плясня́вы ’бела-руды (масць каня)’ (Сл. ПЗБ). Укр. плі́сень, плісня́ ’плесня’, плісо́нь ’расліна Mucor mucedo’; рус. пле́сень, плеснь, пле́снедь, пле́снядь ’плесня’, польск. pleśń ’бросня’, н.-луж. plěseń ’плесня’, pleś ’пена на піве’, в.-луж. plěsń, чэш. plíseň, славац. pleseň, славен. plẹ́sen, харв. plȉjesan, серб. пле̑сањ ’тс’; балг. плесен, магчыма, сюды ж макед. плесна ’лішай; плямка, крапінка’. Прасл. *plěsnь, роднасныя якому літ. pelė́ti, лат. pelêt ’плеснець, pelė̃siai ’плесня’, plė́kti ’тлець, плеснець’, лац. palleo ’станавіцца бледным’, аднаго кораня з рус. пелёсый (Міклашыч, 236, Траўтман, 212; Мацэнаўэр, LF, 13, 164; Фасмер, 3, 279). Склад *plě‑ паводле закона метатэзы плаўных узыходзіць да і.-е. *pel‑ (абазначае розныя бледныя колеры, Скок, 2, 683). Паводле Махэка₂ (460), прасл. *plesnь паходзіць з *plěk‑snь, у якім пазней ‑k‑ выпала (спрасцілася). Аналагічна Банькоўскі (2, 607) выводзіць прасл. *plěsnь < і.-е. *plēk‑sn‑is, якое з прыметніка *plēk‑sn‑os, параўн. літ. plėkas, звычайна plėkaĩ ’ясныя яркія плямы’ і з plė́kti ’пакрывацца яркімі плямамі’; самым блізкім фармальным літоўскім адпаведнікам прасл. *plěsnь з’яўляецца літ. plẽkšnė ’пляма’. Сной (453), Бязлай (3, 55) мяркуюць, што *plěsьnь (а не *plěsnь) утварылася пры дапамозе абстрактнага суфікса *‑ь ад прыметніка *plěsьnь (параўн. чак. plȉjesan ’плесневы’), які ўзыходзіць да *plěsъ, параўн. харв. plijes, славен. белакраньск. plẹ̑s ’плесня’, каш. ples ’тс’, ідэнтычныя літ. pol̃isiai (мн. л.) ’тс’, што ўзыходзіць да і.-е. *pel‑ ’шэры, сівы’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 26). Сюды ж плесь ’плесня’ (зах.-гом., ЛА, 4), відаць, як цвіль, бросьць (гл.). Вытворныя: добр. пля́сніца ’плесня, цвіль’, рагач. плясні́ўка ’вочка на гародніне’ (Мат. Гом.), плясні́вы ’які заплеснявеў і пасівеў’ (Варл.). Паводле Німчука (Давньорус., 289), формы на ‑ня і на ‑ен(ь) — у выніку аналогіі да слоў тыпу песня, восень і пад., каб пазбегнуць цяжкага для вымаўлення спалучэння зычных, што ў святле сказанага вышэй малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)