ЗВЫШГАЛА́КТЫКА, звышскопішча галактык,

гіганцкая сукупнасць зорных сістэм. Складаецца з асобных галактык, іх груп і скопішчаў. Памеры 50—150 Мпс, маса 10​15—10​16 мас Сонца. Форма пляскатая (напр., Лакальная З.) або моцна выцягнутая, накшталт ланцужка (напр., З. Персея). Узніклі з прычыны адыябатычных узбурэнняў шчыльнасці рэчыва на пачатковай стадыі расшырэння гарачай Метагалактыкі. Некаторыя З. расшыраюцца, іншыя сціскаюцца. Выяўлена іх каля 50.

Наша Галактыка, Магеланавы Воблакі, галактыкі ў Трыкутніку, Андрамедзе з яе спадарожнікамі і амаль усе галактыкі, бачныя як аб’екты да 13-й зорнай велічыні, уваходзяць у Лакальную З. Яе цэнтр. згушчэнне — буйное скопішча галактык у сузор’і Дзевы (да 500 вял. галактык). Наша Галактыка знаходзіцца бліжэй да перыферыі З., таму галактыкі, што яе акружаюць, утвараюць на нябеснай сферы шырокі пояс («Млечны Шлях галактык»), амаль перпендыкулярны да зорнага Млечнага Шляху. У сузор’ях Льва і Геркулеса знаходзяцца іншыя з больш блізкіх З.

Літ.:

>Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.

Н.​А.​Ушакова.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫЧЫ (Medici),

славуты род, які правіў у г. Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1585—1819 у г. Полацк Віцебскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты, міраклі. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай, часам на бел. (1603) мовах, звычайна яны суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Паказы былі прымеркаваны да масленіцы, некат. свят, перад летнімі канікуламі і пасля завяршэння навуч. года. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Звесткі пра рэпертуар у канцы 16 ст. амаль не захаваліся. Сярод пастановак: «Аталія» (1593), «Вясёлае пасля хмар сонца» (1669), «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (1693), «Крушэнне карабля на сушы», «Вянок з каштоўных камянёў, што ператварыліся ў лаўры» (абедзве 1723), «Вогненнае жала і вобраз вагнядышнага льва» (1724), «Язон па-за Калхідай» (1728), «Зрэнка Польшчы» (1730), «Пасол з сэрца Сарматыі» (1731), «Вянок з імён і вучоных галоў» (1737), «Час абеду, які працягваўся дзвесце гадоў» (1740) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т.1. С. 131—133.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМА́НСКІЯ БАЛО́ТЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Столінскім р-не Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1998 для захавання унікальных ландшафтаў Прыпяцкага Палесся з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. Пл. 94 219 га, уключае поймы р. Сцвіга, Льва і найб. буйны ў Еўропе суцэльны балотны комплекс (балоты Чырвонае і Гала). Комплексы Палескай правінцыі алювіяльных тэрасаваных, балотных і другасна-ледавіковых ландшафтаў. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя глеяватыя і інш. Пад лесам 49,8% тэрыторыі. У флоры 687 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 12 у Чырв. кнізе: сон лугавы, гарлачык белы, касач сібірскі, шалфей лугавы, сальвінія плывучая, лілея кучаравая і інш. У фауне 225 відаў насякомых, 12 у Чырв. кнізе; 192 віды наземных пазваночных жывёл, у т. л. 31 — у Чырв. кнізе: рысь, барсук, соня арэшнікавая, няясыць барадатая, вялікі бугай, бусел чорны, змеяед, арлан-белахвост, зімародак звычайны, дзяцел зялёны, чарапаха балотная, мядзянка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНО́ВЕР (Hannover),

горад у Германіі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Саксонія. 524,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на р. Лайне і Сярэднегерманскім канале. Міжнар. аэрапорт. Прамысл. і гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: лакаматыва-, вагона-, аўта- і трактарабудаванне, агульнае машынабудаванне, эл.-тэхн., каляровая металургія, гумавая; прадпрыемствы хім., харч. (плода- і мясакансервавай, цукр. і інш.), тэкст., мэблевай, папяровай, паліграф. прам-сці. Метрапалітэн. Тэхн. ун-т. Оперны т-р. Акадэмія музыкі і т-ра. Гатычныя цэрквы (14 і 17 ст.) і Старая ратуша (15 ст.); рэнесансавы палац Герэнгаўзен (17—18 ст.). Штогадовы прамысл. кірмаш.

Упершыню ўпамінаецца каля 1100. У 1163 рэзідэнцыя герцага Генрыха Льва. З 1189 горад, гар. правы атрымаў у 1241. У 1360 пабудаваны замак. З 1386 чл. Ганзы. У 15 ст. Ганза — буйны цэнтр гандлю, суднаходства і прам-сці, у 16 ст. прыйшоў у заняпад. У 1532—33 уведзена Рэфармацыя. З 1636 сталіца княства Каленберг, з 1692 — курфюрства, з 1814 — каралеўства Гановер, з 1866 — адм. цэнтр прускай правінцыі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. З 1946 адм. цэнтр зямлі Ніжняя Саксонія.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́ХІН Юрый Аляксандравіч (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.​Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.​Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.​Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.​Белавусавым, аператар з А.​Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.​Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КЛЕНБУРГ (Mecklenburg),

гістарычная вобласць на ПнУ Германіі. Заселена чалавекам у эпоху мезаліту, з 5 ст. н.э. — стараж. германцамі (земноны, лангабарды, англы, саксы), з 8 ст. — палабска-прыбалт. славянамі — бодрычамі і люцічамі. Крыжовы паход супраць славян 1147, паходы Генрыха Льва прывялі да ням. каланізацыі краю, але бодрычы захоўвалі сваё княства і княжацкую дынастыю (гл. Ніклат). З 1348 герцагства. У 1621 яно падзелена на герцагствы М.-Шверын і М.-Гюстраў (замест яго ў 1701 узнік М.-Стрэліц). Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48. З 1808 герцагствы ў Рэйнскім саюзе, з 1815 вял. герцагствы. Пад націскам Прусіі ў 1867, яны ўступілі ў Паўн.-Герм. саюз, у 1868 у Герм. мытны саюз. У ліст. 1918 герцагствы скасаваны. З 1919 землі Веймарскай рэспублікі. У час нацысцкай дыктатуры аб’яднаны ў адну зямлю (1934) з цэнтрам у г. Шверын. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. З 1949 у Герм. Дэмакр. Рэспубліцы (у 1952 падзелены на акругі Нойбрандэнбург, Ростак і Шверын). З 1990 у аб’яднанай Германіі (зямля Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ Янка (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст. ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл. паводле паэм Я.​Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), К.​Крапівы, Я.​Коласа, М.​Лынькова, К.​Чорнага, П.​Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.​Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.​Міцкевіча (1954), бацькі Я.​Купалы — Д.​А.​Луцэвіча, Я.​Коласа (абодва 1960).

І.​М.​Шалянкова.

Я.Раманоўскі. Я.​Купала. 1961—71.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМІ́ЗМ (ад лац. Thomas Фама),

кірунак у схаластыцы і каталіцкай тэалогіі, які сфарміраваўся пад уплывам філасофіі Фамы Аквінскага. Характарызуецца імкненнем да рацыянальнага абгрунтавання хрысціянскага веравучэння, арыентаванасцю на філасофію Арыстоцеля ў большай ступені, чым на вучэнне Платона і неаплатонікаў. Гнасеалогія Т. заснавана на перакананні, што сэнс пазнанага шляхам божага адкрыцця павінен знаходзіцца ў згодзе з рацыянальным усведамленнем; у тэалогіі тамісты аддавалі перавагу касмалагічнаму доказу быцця Бога, а не анталагічнаму; антрапалогія Т. базіруецца на вучэнні пра адзінства душы і цела, якому душа надае «субстанцыянальную форму», этыка — на арыстоцелеўскай канцэпцыі дабрачыннасці як сярэдзіны паміж 2 заганамі. Першапачаткова Т. крытыкаваўся з боку прадстаўнікоў аўгусцініянства, якія ў пытаннях веры аддавалі перавагу інтуіцыі, і ў 1277 быў афіцыйна асуджаны ун-тамі Парыжа і Оксфарда. У 14 ст. Т. стаў агульнапрынятай дактрынай дамініканскага ордэна, якую абаранялі Гервей Наталіс, Іаан Капрэол у палеміцы з францысканскімі апанентамі. Пасля кананізацыі Фамы Аквінскага ў 1323 Т. замацаваўся ва ун-тах Парыжа і Кёльна. У 16 ст. Т. стаў пануючым вучэннем у каталіцкім багаслоўі (Ф.​Суарэс). У 1879 энцыклікай папы Льва XIII Т. зацверджаны ў якасці каталіцкай дактрыны. Гл. таксама Неатамізм.

т. 15, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЧЫ́НА Анатоль Мікалаевіч (11.5.1897, в. Грузджай Шаўляйскага пав., Літва — 22.12.1986),

бел. графік, адзін з заснавальнікаў бел. кніжнай графікі. Працаваў у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. У пошуках нац. стылю афармлення звяртаўся да традыцый нар. мастацтва: вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі» (1925), «Магіла льва» Я.​Купалы, «Чалавек ідзе» Я.​Маўра (абедзве 1927). Лепшым яго творам уласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дасканалы малюнак, багацце тэхн. прыёмаў: «На электрастанцыі» (1925), «Мінск. Савецкая вуліца» (1940), «Разбураны Мінск» (1945), «Аднаўленне Мінска» (1948), «На рацэ Сож» (1960), «900 гадоў Мінску» (1967), «Архітэктурны помнік 18 ст.» (1971), «На возеры» (1976), «Я.​Купала ў камунараў Палесся» (1981), «М.​Багдановіч у Ялце» (1982), «На дзіцячай чыгунцы», «Зона адпачынку (Зялёны Луг)», «Праспект Леніна (Усход 1)» (усе 1984). Майстар экслібрыса: М.​Шчакаціхіна (1926), А.​Мальдзіса (1971) і інш.

Літ.:

Шлюбскі А. Exlibris’ы А.​Тычыны. Мн., 1928;

А.​М.​Тычына / Аўтар тэксту П.​Герасімовіч. Мн., 1961;

А.​М.​Тычына / Аўтар тэксту У.​Бойка. Мн., 1978.

В.​Ф.​Шматаў.

А.Тычына. Архітэктурны помнік 18 ст. 1971.

т. 16, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)