РАМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст.ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл. паводле паэм Я.Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.Пашкевіч), К.Крапівы, Я.Коласа, М.Лынькова, К.Чорнага, П.Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.Міцкевіча (1954), бацькі Я.Купалы — Д.А.Луцэвіча, Я.Коласа (абодва 1960).