ТАМІ́ЗМ (ад лац. Thomas Фама),

кірунак ў схаластыцы і каталіцкай тэалогіі, які сфарміраваўся пад уплывам філасофіі Фамы Аквінскага. Характарызуецца імкненнем да рацыянальнага абгрунтавання хрысціянскага веравучэння, арыентаванасцю на філасофію Арыстоцеля ў большай ступені, чым на вучэнне Платона і неаплатонікаў. Гнасеалогія Т. заснавана на перакананні, што сэнс пазнанага шляхам божага адкрыцця павінен знаходзіцца ў згодзе з рацыянальным усведамленнем; у тэалогіі тамісты аддавалі перавагу касмалагічнаму доказу быцця Бога, а не анталагічнаму; антрапалогія Т. базіруецца на вучэнні пра адзінства душы і цела, якому душа надае «субстанцыянальную форму», этыка — на арыстоцелеўскай канцэпцыі дабрачыннасці як сярэдзіны паміж 2 заганамі. Першапачаткова Т. крытыкаваўся з боку прадстаўнікоў аўгусцініянства, якія ў пытаннях веры аддавалі перавагу інтуіцыі, і ў 1277 быў афіцыйна асуджаны ун-тамі Парыжа і Оксфарда. У 14 ст. Т. стаў агульнапрынятай дактрынай дамініканскага ордэна, якую абаранялі Гервей Наталіс, Іаан Капрэол у палеміцы з францысканскімі апанентамі. Пасля кананізацыі Фамы Аквінскага ў 1323 Т. замацаваўся ва ун-тах Парыжа і Кёльна. У 16 ст. Т. стаў пануючым вучэннем у каталіцкім багаслоўі (Ф.​Суарэс). У 1879 энцыклікай папы Льва XIII Т. зацверджаны ў якасці каталіцкай дактрыны. Гл. таксама Неатамізм.

т. 15, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)