ЗВЫШГАЛА́КТЫКА, звышскопішча галактык,

гіганцкая сукупнасць зорных сістэм. Складаецца з асобных галактык, іх груп і скопішчаў. Памеры 50—150 Мпс, маса 10​15—10​16 мас Сонца. Форма пляскатая (напр., Лакальная З.) або моцна выцягнутая, накшталт ланцужка (напр., З. Персея). Узніклі з прычыны адыябатычных узбурэнняў шчыльнасці рэчыва на пачатковай стадыі расшырэння гарачай Метагалактыкі. Некаторыя З. расшыраюцца, іншыя сціскаюцца. Выяўлена іх каля 50.

Наша Галактыка, Магеланавы Воблакі, галактыкі ў Трыкутніку, Андрамедзе з яе спадарожнікамі і амаль усе галактыкі, бачныя як аб’екты да 13-й зорнай велічыні, уваходзяць у Лакальную З. Яе цэнтр. згушчэнне — буйное скопішча галактык у сузор’і Дзевы (да 500 вял. галактык). Наша Галактыка знаходзіцца бліжэй да перыферыі З., таму галактыкі, што яе акружаюць, утвараюць на нябеснай сферы шырокі пояс («Млечны Шлях галактык»), амаль перпендыкулярны да зорнага Млечнага Шляху. У сузор’ях Льва і Геркулеса знаходзяцца іншыя з больш блізкіх З.

Літ.:

>Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Агекян Т.А Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.

Н.А.Ушакова.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)