МЕ́КЛЕНБУРГ (Mecklenburg),
гістарычная вобласць на ПнУ Германіі. Заселена чалавекам у эпоху мезаліту, з 5 ст. н.э. — стараж. германцамі (земноны, лангабарды, англы, саксы), з 8 ст. — палабска-прыбалт. славянамі — бодрычамі і люцічамі. Крыжовы паход супраць славян 1147, паходы Генрыха Льва прывялі да ням. каланізацыі краю, але бодрычы захоўвалі сваё княства і княжацкую дынастыю (гл. Ніклат). З 1348 герцагства. У 1621 яно падзелена на герцагствы М.-Шверын і М.-Гюстраў (замест яго ў 1701 узнік М.-Стрэліц). Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48. З 1808 герцагствы ў Рэйнскім саюзе, з 1815 вял. герцагствы. Пад націскам Прусіі ў 1867, яны ўступілі ў Паўн.-Герм. саюз, у 1868 у Герм. мытны саюз. У ліст. 1918 герцагствы скасаваны. З 1919 землі Веймарскай рэспублікі. У час нацысцкай дыктатуры аб’яднаны ў адну зямлю (1934) з цэнтрам у г. Шверын. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. З 1949 у Герм. Дэмакр. Рэспубліцы (у 1952 падзелены на акругі Нойбрандэнбург, Ростак і Шверын). З 1990 у аб’яднанай Германіі (зямля Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).
У.Я.Калаткоў.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)