МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г. Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Дз.М.Чаркасаў.
т. 10, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)