МАРУ́ХІН (Юрый Аляксандравіч) (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.Белавусавым, аператар з А.Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).
Г.В.Ратнікаў.
т. 10, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)