Му́ліць, му́ляць, драг. му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр. му́лити, рус. му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск. mulać ’муліць’, славен. múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв. му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг. шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл. muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ. šmùlas, лат. šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел. шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус. му́ліцьвыпрошваць’ і літ. maũlyti ’канькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасіць, прасіцца, выпрошваць, упрошваць, маліць, маліцца, вымольваць, умольваць, умаляць, кланяцца, хадайнічаць; кленчыць, клянчыць, шапкаваць (разм.); благаць (абл.) □ звяртацца з просьбай, кланяцца ў ногі, цалаваць рукі і ногі, абіваць парогі, біць чалом

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Скрэ́нда ‘жмінда’ (слонім., Жыв. сл.), ‘кабета заможная, але скупая, якая ўвесь час наракае, што ў яе нічога няма’ (Федар. 4), ‘чалавек, які ўвесь час скардзіцца на што-небудзь, ныцік’, скрэ́ндзіць ‘надакучліва скардзіцца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘пішчаць, енчыць, выпрошваць’ (Варл.). Няясна. Магчыма, анаматапеічнага паходжання, параўн. skréndaje, jak kóleso nieszmarówanoje (Федар. 4, 280), серб. косава-мятох. скренцат, скренцам ‘адсутнічаць; памерці’. Беларуска-балгарская ізалекса, параўн. балг. скръ́ндза ‘жмінда’, якое разглядаюць (гл. БЕР, 6, 806; Варбат, Этимология–1970, 70) як другую ступень агаласоўкі да рус. скря́га (гл. скрага) < прасл. *skręga ‘скупы’, аднак гэта не бясспрэчна ў словаўтваральных адносінах. Магчыма параўнаць з рус. пск., цвяр. кре́нить ‘плакаць, хныкаць’, аб якім гл. Варбат, Морфон., 149. Тады *крэ́ніць*скрэ́ніцьскрэ́нда з суф. ‑да, аб якім Сцяцко, Афікс. наз., 34. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, 9, 84–95), які, разглядаючы скрэ́нда ‘худая карова’, шкры́нда ‘худы конь або кабыла’, выдзяляе суф. ‑энда, а корань *skъr‑ выводзіць з і.-е. *skr̥‑, захаванага ў літ. skrándas, skránda ‘стары кажух’, лат. skrandas ‘старая ануча’, які ўяўляе ступень кораня і.-е. *sker‑/*skor‑, прысутнага ў ско́рка (гл.), скарэ́ць, літ. skárti, грэч. χείρω ‘рэзаць’, лац. cortex ‘кара’, skortum ‘скура’; ад *skōr‑ выводзіцца скарадзь, скарада (гл.) і грэч. σκῶρ́ ‘гразь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыццажураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылу́дзіць ‘трызніць’, ‘хлусіць’ (Касп.), трылю́дзіць ‘балбатаць, пустазвоніць’ (Юрч.), трілю́дзіцца ‘пустазвоніць’, ‘здавацца, невыразна ўяўляцца’ (Юрч. Вытв.), турлю́дзіць ‘гаварыць лухту’ (Мат. Маг.); сюды ж трілю́да ‘бязлуздзіца, лухта’ (Юрч., Юрч. СНЛ), ‘бяссэнсіца відавочная’ (Юрч. Сін.), трілю́дзішча ‘тс’, ‘пустамеля’ (Юрч. Вытв.), трілю́дзіна ‘бязглуздзіца, лухта’ (Юрч. СНЛ), ‘пустамеля’ (Юрч.), трілю́джыньнік, трілюдзіньнік, трілюднік ‘балбатун, пустаслоў’, трілю́джыньня, трілюдзіння, трілю́дзіца ‘пустазвонства; бязглуздзіца’ (там жа). Пры параўнанні загалоўнага слова з лу́дзіць (гл.) у значэнні ‘кпіць, жартаваць, смяяцца’ (Нас.), ‘трызніць’ (Касп.), ‘маніць’ (мядз., Нар. словатв.), лудзі́ць ‘марнатравіць час’ (Шат.), ‘сварыцца’ (Сл. ПЗБ), несумненна, выяўляецца генетычная і тыпалагічная тоеснасць з другой часткай слова, што дае падставы суаднесці яе з укр. луди́ти ‘заманьваць’, рус. дыял. лу́ди́ть ‘красці плады і гародніну ў садах’, польск. łudzić ‘падмазваць’, чэш. louditi ‘выманьваць, выпрошваць’, славен. lúditi ‘маніць, дурачыць’; ‘праводзіць час’ і інш., што выводзяцца з прасл. *ludъ (ЭССЯ, 16, 167, 169). Палаталізаваныя варыянты слоў, прадстаўленыя на Магілёўшчыне і ў рус. дыял. трелю́дить ‘сваволіць, гарэзнічаць’, трелю́диться ‘жартаваць’, ‘здзекавацца’ і інш., могуць быць патлумачаны другасным збліжэннем з коранем люд‑, параўн. рус. дыял. трелю́дник — ‘аб пераборлівым, капрызным человеку’ (СРНГ). Спроба Мяркулавай (Этимология–1983, 60) вывесці іх з *trь‑juditi (j > l) падаецца менш прымальнай. Параўнанне з укр. трою́дити ‘раз’ятрываць, раздражняць’ выклікае фармальныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі пачатковага тро‑ з узмацняльнай прыстаўкай тре‑ < ц.-слав. трь‑ для перадачы траічнасці і вышэйшай ступені якасці (ЕСУМ, 5, 653), якая выступае ў пачатку рускіх слоў і якой у беларускай мове адпавядае тры‑ (трі‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

hit2 [hɪt] v. (hit)

1. біць;

hit smb. a heavy blow мо́цна каго́-н. уда́рыць

2. пацэ́льваць;

hit a target трапля́ць у цэль

3. закрана́ць за жыво́е;

He is hit in his pride. Яго самалюбства абражана.

hit home зачапі́ць за жыво́е;

hit on/upon smth. знайсці́, натра́піць; напа́сці, наткну́цца на што-н.;

hit the headlines зрабі́ць сенса́цыю;

hit the ceiling/roof infml раз’ю́шыцца;

hit the hay/sack ісці́ спаць;

hit the nail on the head праві́льна ўгада́ць, здагада́цца;

hit the road/trail infml выпраўля́цца ў даро́гу;

hit smb. (straight/right) in the eye кі́дацца ў во́чы каму́-н.

hit back [ˌhɪtˈbæk] phr. v. адказа́ць на ўдар, даць зда́чы; адказа́ць на напа́дкі тым жа

hit off [ˌhɪtˈɒf] phr. v. :

hit it off with smb. infml сябрава́ць з кім-н.

hit out [ˌhɪtˈaʊt] phr. v. (at) накі́двацца, напада́ць (на каго́-н.); бі́цца, лупі́ць без разбо́ру (каго́-н.)

hit up [ˌhɪtˈʌp] phr. v. : hit smb. up for smth. AmE, infml пазыча́ць; выпро́шваць у каго́-н. што-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

страля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Рабіць выстралы. [Чырвонаармеец] увесь час трымаў вінтоўку так, што ў кожны момант мог страляць. Чорны. Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім. Козел. Хлопцы ўскочылі, прабеглі колькі метраў, пасля пападалі, пачалі страляць. Новікаў. // Умець карыстацца агнястрэльнай зброяй. Партызанскае жыццё, дарогі ды сцежкі да Гомеля, хітрасці, як падмануць немцаў і паліцаяў, — вось што .. [Валя] ўведала за два гады вайны. Ды страляць навучылася. І ненавідзець. Шамякін. / Пра пуск стрэл, камянёў з лука, прашчы і пад. Алёшка так налаўчыўся страляць з .. [рагулькі], што любую шышку збіваў. Якімовіч. // Дзейнічаць (пра агнястрэльную зброю). Але як-ніяк .. [стрэльба] магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Лынькоў.

2. каго. Расстрэльваць, забіваць з агнястрэльнай зброі. Была ноч, як у астрозе .. [Юра] даведаўся, што яго будуць страляць. Чорны.

3. перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі, падобныя на выстралы. У клубе бялелі вокны. Там дзесьці страляў рухавічок. Пыхкаў, ляскатаў, — меліся пускаць кіно. Пташнікаў. У рэдкай цішыні шумеў цягнік, а чыстай раніцаю, днём раптам пачынаў страляць матацыкл і ляскала кузавам машына, мусіць, перавальваючыся па калдобінах. Адамчык. І вось надарыцца часамі Мароз над усімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе. Колас. / Пра агонь, касцёр і пад. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. [Вара] наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася. Кулакоўскі. // чым. Ляскаць чым‑н., утвараючы адрывістыя гукі. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай. Краўчанка.

4. безас. Разм. Калоць (пра адчуванне вострага, пранізлівага болю). У вушах страляе.

5. Разм. Імкліва адскокваць, уцякаць. І гэты пошчак [пішучых машынак] чамусьці выклікаў у Міколавым уяўленні квяцісты сонечны луг і конікаў, што страляюць з-пад ног у розныя бакі. Гаўрылкін.

6. перан. Разм. Выпрошваць што‑н. у каго‑н. Страляць папяросы.

7. перан. Разм. Імкнуцца выклікаць прыхільнасць; заляцацца да каго‑н. [Кулік:] — Яна ж [Юзэфа] за Зарэмбам, інжынерам маслазавода, страляла .. — Ведала, што цябе не ўтрымае... Гурскі.

•••

Варон страляць — не заўважаць таго, што трэба; зяваць. [Маці:] — Ды варон не страляй, кругом прыглядайся, каб дзе пад машыну не трапіў. Якімовіч.

Страляць вачамі (вачыма) — а) кідаць хуткія позіркі на каго‑н.; выглядваць што‑н. Смык, цыбаты, даўгашыі, выходзіць да карты і пачынае плаваць туды-сюды, страляе па класе вачамі, падміргвае, каб падказалі. Сяркоў; б) какетліва паглядаць на каго‑н. Зоя з Валодзем пачалі паміж сабою горача спрачацца, перабіваць адно аднаго. Пры гэтым так шчасліва стралялі вачыма, што .. [Мая Антонаўка] ім пазайздросціла. Карпюк.

Страляць з гарматы па вераб’ях — аб залішняй траце сіл, сродкаў для дасягнення нязначнай мэты.

Хоць (у лоб) страляй — што ні рабі, што ні кажы (пра ўпартага чалавека). [Хрысціна:] — І Нічыпар колькі разоў пісаў і цяпер піша: прыязджай і прыязджай. А ты ўпёрся, як бык натурлівы, і хоць табе ў лоб страляй... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Жабанець, жэбоніты ’бубнець, ціха і невыразна гаварыць’ (пін., Нар. лекс., 107). Укр. жебоні́ти, дыял. жубоні́ти, жубе́лити ’бубнець, манатонна гучаць, гусці’. Параўн. рус. кур. жабта́ться, жебта́ться ’наракаць, скардзіцца’, паўн. жу́борить, жу́брить ’жаваць’, ’есці марудна, няясна гаварыць’, укр. бубоні́ти, залебоні́ти ’бубнець, лепятаць, гусці’, серб.-харв. жу̏борити, жубо́рити, жа̑морити, славен. žuboriti, žamóriti ’мармытаць, вурчаць, гусці’, серб.-харв. жа̑мор ’шэпт’, балг. жабу̀ркам, жубо̀ря, макед. жуборка, жуберка ’цурчаць’, н.-луж. žeboriś ’наракаць, скардзіцца’, чэш. мар. žemořit ’жабрачыць’. Грынчанка (1, 469) дае хутчэй за ўсё народна-этымалагічнае тлумачэнне ўкр. дзеяслова ў форме жабоні́ти: «размаўляць… падобна да няяснага шуму, які ствараюць часам жабы (без гучнага квакання)». Фасмер (2, 32) лічыць, што рус. жабтаться, жебтаться не трэба аддзяляць ад жабо́та ’клопат’. Аднак іх, верагодна, не трэба аддзяляць і ад шептаться. Зубаты (1, 2, 126) непераканаўча параўноўваў рус. словы з літ. gėbė́ti ’магчы’. Сувязь палес. слова з рус. няпэўная. Наяўнасць бел. забабоны, бубнець, укр. бубоніти, залебоніти, забобони ўказвае на магчымасць кораня ‑бон‑ (‑бън‑) са значэннем гаварэння, аднак існуюць і ўкр. варыянты лебедіти, жубелити, а таксама іншыя слав. варыянты тыпу жубор‑, жабор‑, жамор‑. Гэта дае падставу для параўнання з непалаталізаванымі словамі блізкіх значэнняў: гоман (гамана, гам), гаманіць (гл.), рус. гомон, гомонить, укр. гомін (гамір, гам), гомонити ’тс’, польск. gomon, gomonić ’тс’, чэш. hamoniti, дыял. hobořit, мар.-славац. hamár (чэш. і славац. homoniti Махэк₂, 159, лічыць русізмам). Не выключаецца і сувязь з гаварыць (гл.). У чэш. і славац. пашыраны дзеяслоў žebroniti, žabroniti, žobronit ’настырна выпрошваць, жабрачыць’, які ўзводзіцца да žebrati (Голуб-Копечны, 443; Махэк₂, 724), гл. жабрак; гэта слова магло (са стратай ‑r‑) быць запазычана ва ўкр. або ўзаемадзейнічаць з усх.-слав. словам тыпу *жуборѣти. Для слав. слоў гэтага тыпу існуе балт. паралель: літ. žaberiúoti, žabaruoti, žèbelioti, žebeliúoti ’балбатаць’, žiaũberoti ’жаваць, як конь’, ziõburoti ’злёгку зяваць’, лат. zabelêt ’слюнявіць’, zabene ’хто многа і невыразна гаворыць’, zabelet ’высмейваць’, літ. žaberêt ’скардзіцца’, žabelêt, žabinât ’гаварыць лухту’, žebinât ’марудна есці, жаваць’. Фрэнкель (1283, 1293) для першых чатырох слоў дапускаў магчымасць запазычання з ням. sabbeln‑ ’слінявіць, балбатаць’, што ў святле слав. паралелей мала верагодна. Буга (1, 495; З, 695) параўноўваў перадапошняе з рус. жуборить, жубрить ’есці цяжка, жаваць марудна’. Лічыць названыя слав. паралелі запазычанымі з балт. цяжка, хутчэй тут агульныя словы, а пачатковае ж — варыянт да з (як зябры‑жабры і інш.). Тады трэба суадносіць жуборить з рус. зубарить, зуборить ’кпіць, часаць зубы, балбатаць’, а таксама ўлічыць рус. дыял. зубанить, зубенить, зубаниться, зубониться ’марудна есці, спрачацца, кпіць’ для этымалогіі жабанець як балта-слав. слова. Для серб.-харв. жу̏борити ’цурчаць’. Ільінскі (ИОРЯС, 16, 4, 25) устанавіў і.-е. праформу *gʼheu‑b(h)‑or; у Покарнага (1, 447–449) gʼheu‑ ’ліць’, але няма варыянта гэтага кораня з ‑b(h)‑, а gʼhēu‑: gʼho(u)‑: gʼhəu‑ са значэннем ’зяваць’ з падаўжэннем gʼheubh выступае ў словах са значэннямі ’жменя; прорва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)