Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

густы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.

2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.

3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.

4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.

5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́стры, ‑ая, ‑ае.

1. З завостраным канцом або краем. Востры канец палкі. □ Свежыя адбіткі вострых капытоў.. сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень. В. Вольскі. // Добра навостраны. Серп востры, аж кусаецца, як спрабуе яго пішчыкам пальца Яніна. Мурашка.

2. Які звужвацца пад канец. Востры твар. Вострыя насы туфель. □ Над галавою,.. з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка. Нікановіч.

3. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца. Вострыя пачуцці. □ У Шуры да дэсантнікаў вострая цікавасць, але падступіцца да іх нельга. Навуменка. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Лынькоў.

4. перан. Добра развіты, тонкі. Востры зрок, нюх. Востры розум. // Праніклівы, пранізлівы. З-пад .. брывей.. бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Лынькоў.

5. перан. Дасціпны, з’едлівы. Вострае слова. □ Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

6. Не прэсны, з вялікай колькасцю солі, спецый. Вострыя прыправы. Востры сыр. // Рэзкі. Востры пах. □ Лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

7. Які бурна развіваецца, рэзка адчуваецца (пра хваробы); не хранічны; раптоўны, моцны. Вірусны грып — вострая інфекцыйная хвароба. Востры апендыцыт. □ Нагу працяў нясцерпны, востры боль. Гамолка.

8. перан. Вельмі напружаны, крытычны. Вострая сітуацыя. Вострае становішча. □ Крапівінскія байкі прыцягвалі і прыцягваюць перш за ўсё сваім трапным словам, жывым вострым дыялогам. Казека.

•••

Востры язык гл. язык.

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее дасціпна, колка сказаць.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Удушлівы атрутны газ, які ўтвараецца пры няпоўным згаранні вугалю ва ўмовах недастатковага прытоку паветра. Пакой дыхнуў цеплынёю і чадам, толькі што юшку закрылі, мусіць. Галавач. У хаце не было цяпла, хаця Волька зачыніла юшку яшчэ разам з чадам, і ці не ад таго ў Аркадзя пачынала балець галава. Пташнікаў.

2. Едкі, удушлівы дым, які ўзнікае пры гарэнні чаго‑н. (звычайна тлушчу). На кухні быў чад і прагорклы смурод апаленага пер’я і перасмажанага тлушчу. Самуйлёнак. // перан.; які або чаго. Моцны, насычаны пах чаго‑н. Расы хараство і на вейках, Узятае ў волкіх раслін, У руж, у альшэўнікаў клейкіх І хмелю, што чад свой разліў. Калачынскі. Ад канаплянага чаду баліць галава. Навуменка.

3. перан. Тое, што моцна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, на яго свядомасць. Брыль вельмі праўдзіва і канкрэтна-гістарычна паказаў, як фашысцкі нацыяналістычны чад адурманьваў усё больш шырокія пласты нямецкага насельніцтва. Дзюбайла. Алесь бачыў усё гэта на свае вочы — і разгул расізму, і пратэст супроць шавіністычнага чаду. Юрэвіч. // Пра стан самазабыцця, захаплення. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. Маладзейшыя за яго [Віктара] хлопцы.. шчыра зайздросцілі Віктараваму шчасцю, дзяўчаты наперабой загаварвалі з ім, а Цімохава дачка Фруза ўвесь час тулілася да яго.. У нейкім чадзе мінула тры дні. Асіпенка. // Хмель. Калі выйшаў вінны чад, Ной устаў, судзіць пачаў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казі́ная барада1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.

Каз́іная барада2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус. козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр. козляк, рус. дыял. козлик (для Valeriana celtica), польск. kozłek, ст.-польск. kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш. мар. kozelec і чэш., ст.-чэш. kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус. козелок, козельцовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр. смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел. казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozьl- на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв. kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáhaпах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насі́цца, насіўся, носішся, носіцца; незак.

1. Тое, што і несціся ​1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.

2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.

3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. □ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.

4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. □ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.

5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.

•••

Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́ць, уцягну, уцягнеш, уцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату. Дзятлаў. // Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну. Арабей.

2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне. Якімовіч. // Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.

3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. В. Вольскі. Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар. Дамашэвіч.

4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе. Чорны. [Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой. Гамолка. Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Быкаў. // безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.

5. перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся. Сабаленка. На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)