ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).
Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),
прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.
ЖывёльныМ., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв.нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХІ́,
парфумерны сродак; спіртавы ці спіртаводны раствор сумесей пахучых рэчываў — парфумерных кампазіцый і настояў. Маюць ад 10 да 50% кампазіцый, канцэнтраваныя — больш за 20%. У склад кампазіцыі звычайна ўваходзяць некалькі дзесяткаў розных пахучых рэчываў. Паводле характару паху падзяляюць на 2 групы: кветкавыя (імітуюць пах кветак) і фантазійныя (пах створаны фантазіяй парфумера). Д. сухія (сашэ) — пакецікі з паперы ці тканіны, напоўненыя цвёрдымі пахучымі рэчывамі (пялёсткі ружы, здробнены корань касача і інш.), якія кладуць у бялізну для надання ёй прыемнага паху. Гл. таксама Парфумерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
відазмененыя скурныя залозы некаторых паўзуноў і млекакормячых, якія выпрацоўваюць мускус. Пах М.з. служыць для прываблівання асобін інш. полу і маркіроўкі занятай жывёлай тэрыторыі. Размяшчаюцца ў вобласці ніжняй сківіцы, клаакі (напр., кракадзіл, гатэрыя), у пахвіннай вобласці (напр., аўцабык, бабёр, кабарга), на хвасце (напр., хахуля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЕНАКІ́СЛАЕ БРАДЖЭ́ННЕ,
зброджванне вугляводаў (напр., крухмалу), спіртоў і арганічных кіслот з утварэннем масленай, воцатнай к-т, вуглякіслага газу і інш.; адзін з асн. відаў браджэння. Ажыццяўляецца бактэрыямі роду Кластрыдыум. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай і парфумернай прам-сці для атрымання масленай к-ты, эфіры якой маюць прыемны пах (напр., грушавы, ананасны). Выклікае таксама псаванне прадуктаў (напр., сыру, квашанай агародніны, сіласаваных кармоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФУМЕ́РЫЯ (франц. parfumerie ад partum прыемны пах),
вырабы, што выкарыстоўваюць для араматызацыі скуры, валасоў, адзення, а таксама як гігіенічныя асвяжальныя сродкі. Асн. віды парфумерных вырабаў — духі, адэкалоны, туалетная вада. Парфумерныя кампазіцыі (спіртавыя ці водна-спіртавыя сумесі пахучых рэчываў) выкарыстоўваюць для араматызацыі касметычных сродкаў (гл.Касметыка), туалетнага мыла, мыйных сродкаў і інш. прадукцыі быт. хіміі. Гл. таксама Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНАЯ СМАЛА́, росны ладан,
смала стыраксавага дрэва (Styrax bensoin), што расце ў Паўд.-Усх. Азіі на Малайскім архіпелагу. Белае рэчыва, хутка цвярдзее і паступова цямнее на паветры, мае пах ванілі з вострым адценнем, т-ра размякчэння 75—90 °C, шчыльн. 1,10—1,17∙103кг/м³. Асн. кампаненты: бензойная і карычная кіслоты (30%), іх эфіры (60%), ванілін (1,5%). Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва, фіксатар паху ў парфумерыі, антысептык у касметыцы і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,
эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАДАРА́НТЫ (ад дэз... +лац. odor пах),
сродкі для аслаблення ці знішчэння дрэннага паху; кампазіцыі арган. злучэнняў — спіртоў, альдэгідаў, вытворных вышэйшых тлустых кіслот, прыродных і сінт. пахучых рэчываў і інш. з рознымі дабаўкамі. Паводле прызначэння адрозніваюць Д. паветра (для памяшканняў, вопраткі і інш.) і гігіенічныя (касметычныя для знішчэння паху поту, асвяжэння цела і поласці рота), якія звычайна маюць рэчывы, што памяншаюць выдзяленне поту (фармалін, уратрапін) ці аказваюць дэзінфіцыруючае дзеянне.