Каламу́т ’вір’ (Жд. 2, Жд. 3), каламута ’мул з вадой, твань’ (БРС, ТСБМ), каламуць ’тс’ (БРС, ТСБМ), каламутны (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; Сержп. Прымхі; Сцяшк., ТС, Федар., Яруш.). Укр. каломут, каламут, каламута ’баламута, сварка, разлад і інш.’, рус. кур., зах.-бран. (другаснае) каламут ’чалавек, які выклікае нязгоду, разлад, бязладдзе; баламут’, зах.-бран. ’разлад, бязладдзе, нязгода; сварка’, варонеж. коломутица ’блытаніна; разлад, смута’, коломутный ’непразрысты, мутны (пра ваду, крыніцу)’, польск. kołomąt ’хаос, блытаніна і інш.’, дыял. ’пляткар, баламут і інш.’, чэш. уст. kolomut, kolomuta ’змяшанне, хаос і інш.’ (Юнгман разглядае як славац., Махэк₁ не разглядае лексемы: у артыкуле «rmoutiti», для якога ўзнаўляецца kolomútiti, згадваецца чэш. дыял. cholomet, cholomot ’паршывец і інш.’), славац. kalamula, galamuta ’замяшанне, хаос’. Паўн.-слав. аддзеяслоўнае ўтварэнне, бел. каламут, відаць, зберагае першасную семантыку ’круціць, муціць’. Час утварэння, як аб гэтым сведчыць семантыка, а таксама страта прамога значэння ў шэрагу моў, магчыма, гаворыць на карысць паўн.-прасл. Аб далейшай этымалогіі гл. каламуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (ТСБМ, Шат., ТС, КЭС, лаг., Гарэц., Бір.). Укр. кемити ’тс’. Фанетычны крытэрый дазваляе меркаваць аб лексічным пранікненні з польскай, хаця непасрэднай крыніцы мы не знаходзім. ЕСУМ, 2, 422 тлумачыць гэта наступным чынам. Прасл. kъm‑ (укр. кмітливий, прикмета) дало польск. kiem‑, на аснове якога ўзнікла невядомая нам польская лексема як крыніца беларускіх і ўкраінскіх слоў. Гэтыя разважанні здаюцца даволі праблематычнымі, паколькі нам невядомае польск. *kiemić, а таксама яго дэрываты (*kiemny, *kiemliwy). Аўтары ЕСУМ хацелі б бачыць у якасці зыходнай лексемы прасл. kъmetь, у якім, апрача значэнняў ’селянін’ і ’гаспадар’, існуюць значэнні ’галава роду, старшыня, мудрэц, хітры і спрытны чалавек’, прычым апошнія значэнні мы сустракаем ва ўсіх трох групах славянскіх моў (гл. кмець). Калі ўтварыць ад прасл. kъmetь дзеяслоў, атрымаецца kъmetiti (як gostiti < gostъ), якое ў выніку гаплалогіі магло пераўтварыцца ў *kъmeti або *kъměti. Першае на польскай моўнай глебе дало б *kiemić (resp. *kmić). Параўн. польск. kpić і каш. kʼepic (ад kiep).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мех, міх, міех, мяшок, мішок, машок ’мех — мера, роўная 3–5 пудам’, ’сярэдняя частка невада’, ’сяннік’, ’кавальскі мех’, ’лічынка мурашкі’, ’непаваротлівы, нязграбны чалавек’ (ТСБМ, Нас., Булг., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Тарн., Яруш., Бес., Сцяц.), мяшочак ’плавальны пузыр’ (нараўл., З нар. сл.). Укр. міх, рус. мех, польск. miech, палаб. mech, н.-, в.-луж., чэш. měch, славац. mech славен. mȇh, серб.-харв. ми̏јех, ме̑х, макед. мев, балг. мях, ст.-слав. мѣхъ. Прасл. měxъ ’аўчына’ > ’мех’. І.‑е. адпаведнікі: літ. maĩšas, лат. màiss ’мех’, літ. máisė ’раптух’, ст.-прус. moasis ’кавальскі мех’, магчыма, таксама ст.-інд. mēšá‑ ’баран, шкура’, mēšī́ ’авечкі’, авест. maēša ’авечка’, ст.-ісл. meiss ’кошык’, нарв. meis ’тс’, ст.-в.-ням. meisa ’прыстасаванне для ношы на спіне’, і.-е. *moisos (Бернекер, 2, 46; Брукнер, 311; Траўтман, 165; Фасмер, 2, 612; Махэк₂, 356; Скок, 2, 421; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896). Аб развіцці семантыкі гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 201. Абаеў (Этимология, 1984, 13) выводзіць і.-е. *meiso.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́шка 1 ’частка стрававальнага апарата’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., Грыг., Бяльк., Яруш.). Укр. кишка, рус. кишка ’тс’, балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў пры прадзенні’, польск. kiszka ’кішка’, чэш. kyška ’тс’, палаб. tʼai̯sə (< *kyša) ’нырка’. Надзейнай этымалогіі не існуе. Ст.-інд. kósthaḥ ’вантробы’ не мае словаўтваральнага тлумачэння (ад і.-е. *(s)keu̯‑ ’пакрываць’). Гл. Бернекер, 679; Покарны, 951–953. Да іншага індаеўрапейскага архетыпа ўзводзіць прасл. kyšьka Янзен (ZfSIPh, 15, 49–60): і.-е. *keu̯ *kū‑s ’выпукласць’. Нельга лічыць таксама надзейным супастаўленне з прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць) (Брукнер, 231). Існуе магчымасць больш простай версіі. Балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў’, бясспрэчна, да киша ’слота, хлюпа’ (серб.-харв. кѝшати ’мачыць, размочваць’). Параўн. польск. kiszka ’кіслае малако’, чэш. kyška ’тс’. Гэта, магчыма, значыць, што старажытны чалавек меў некаторае ўяўленне пра наяўнасць брадзільных працэсаў у кішэчніку (параўн. Янзен, 59–60).

Кі́шка 2 ’хамуціна’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). Параўн. кічка 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераваро́т ’рэзкі паварот, змены ў развіцці, ходзе чаго-небудзь’ (Яруш., ТСБМ), ’заварот кішок’ (даўг., Сл. ПЗБ; метрык., Мат. Гом.). Да прасл. *per‑vortъ, якое з *per‑vortiti ’перавярнуць’: ст.-рус. переворотити ’павярнуць у іншы бок; даць справе іншы ход’, польск. przewrócić ’перакінуць; перавярнуць, папераварочваць’, ст.-чэш. přěvrátiti ’перавярнуць, знішчыць, звесці, змяніць, падавіць’, серб.-харв. превра́тити ’перавярнуць’, славен. prevráčati ’перакідваць, пераварочваць, перакульвацца’, балг. превръ́щам ’пераўтвараць, пераварочваць, перарабляць’, ст.-слав. прѣвратити ’пераўтварыць’; параўн. лац. pervertere ’перакульваць, псаваць, перакручваць, скажаць’, гоц. frawardjan ’псаваць’, ст.-в.-ням. farwarttan, far‑werten, ст.-англ. for‑weorþan, ст.-сакс. far‑werdan ’знікаць’, ’псавацца’ — словаўтваральна-семантычны паралелізм. З іншых і.-е. адпаведнікаў прасл. *vьrtiti < *vertiti (якое не захавалася) можна адзначыць ст.-інд. vartatē, літ. ver̃sti ’пераварочваць, перакульваць, пераўтвараць адно ў іншае’ (Трубачоў, Проспект, 71). Лексема пераварот ’гвалтоўная змена манарха’ (ТСБМ) — калька (XVIII ст.) з франц. révolution ’тс’ < лац. revolūtio ’адкат, кругаварот’ — праз польск. ці рус. мовы (Фасмер, 3, 236). Сюды ж піраваро́тнік ’чалавек, што добраахвотна ці па прымусу прыняў іншую веру’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пру́дкі ’пругкі, дужы, з жалезнымі мускуламі’ (Янк. 1, Некр., Янк. БП, ТС), ’хуткі’ (Нас., ТС, Нар. Гом.), пру́дка гліна ’гліна высокай цвёрдасці’ (карэліц., Нар. словатв.). Сюды ж пру́дзенькі ’дзябёлы, моцны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прудо́к ’спрытны, хуткі чалавек’ (ТС, Нар. Гом.). Рус. дыял. пру́дкий ’хуткі’, укр. пру́дкий, польск. prędki, кашуб. prądki, чэш. prudký, славац. prudký ’тс’, славен. prọdek ’імклівы, бадзёры’. Да пруд 1 (гл. Фасмер, 3, 389; Махэк₂, 485; Брукнер, 438). Прасл. *prǫdъkъ, паводле Борыся (МЈ, 40–41, 53), з’яўляецца дэрыватам прыметніка *prǫdъ з суфіксам ‑ъkъ, параўн. серб.-харв. пруд ’злы, хуткі, упарты (пра чалавека)’, балг. пръд ’спрытны, лоўкі, хуткі’, макед. прънд, пренд ’нервовы’. Гл. спецыяльна БЕР, 5, 818–819; Огледна св., 66. Звязваюць з серб.-харв. пру̀дити, прусти ’гарэць, паліць’, при́да ’крапіва’ (Скок, 3, 60), гл. пру́дзіць. Неабгрунтавана Булыка (Запазыч., 269) аб запазычанні ст.-бел. прудкий з польск. prądki. Параўн. і пруткі. Як відаць з агляду значэнняў, у бел. слове назіраецца несумненны ўплыў семантыкі прым. пруткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлум 1 ’адурэнне, замарачэнне’, ’шум, гоман, сумятня’, ’шумлівы натоўп людзей’ (ТСБМ), ’шум, гоман’ (Нас., Касп., Мядзв., Некр. і Байк., Шымк. Собр.), клум ’шум, галас’ (Гарэц.), сюды ж тлумі́ць ’дурыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам’ (ТСБМ, Касп.), ’дурыць’ (Жд. 2), ’жартаваць, гаварыць лухту’ (Нас.), ’пустасловіць’ (Шымк. Собр.). З польск. tłum ’тс’, якое лічыцца выключна польскім утварэннем (Трубачоў, Труды, 1, 162), інакш Ліўканен (Отглаг. сущ., 172), які далучае сюды рус. смален. талмата́ ’шум, мітусня’ (< *tolmota, параўн. тлумата, гл.); выводзіцца з прасл. *tъlpmъ, звязанага з прасл. *tъlpa ’натоўп’ (Брукнер, 572), гл. таўпа. Борысь (635) дапускае мажлівасць аддзеяслоўнага паходжання ад tłumić ’прыгнятаць, глушыць, прыціскаць’. Ст.-бел. тлумъ ’зборышча, зброд’ вядома з XVII ст., як і тлумити ’супакойваць, стрымліваць’, вядомае з XVI ст., запазычаны са старапольскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 38, 196).

Тлум 2 ’нерастаропны чалавек’ (Сл. рэг. лекс.). Канверсійнае ўтварэнне ад тлумава́ты ’дурнаваты’ (там жа), тлу́мны ’бесталковы’ (Некр. і Байк.), што ад тлум 1, тлуміць ’заблытваць, збіваць з панталыку’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ўнік 1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік 2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік 3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік 4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трындзе́ць ‘многа гаварыць аб чымсьці нязначным; хлусіць’ (Мілк. Сл., Аляхн.), трындзе́ць, трындзі́ць ‘вярзці, гаварыць глупствы’ (Васільковая сп., Вушац. сл.), трындзі́ць ‘хутка гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), ‘вярзці’ (слонім., Жыв. НС), трындзі́ць, тырындзі́ць ‘пустасловіць, гаварыць абы-што’ (Скарбы), трыньді́ты ‘многа гаварыць, балбатаць’ (Клундук), сюды ж дэвербатывы трында́ ‘пустамалот, балбатун’, ‘балбатлівы чалавек’ (там жа), тры́нда ‘хлус, падманшчык’ (Аляхн.). Параўн. укр. дыял. три́ндати ‘трасці адзенне на сабе, ісці трасучыся’, рус. тры́ндить ‘гаварыць, навязліва паўтараць, балбатаць; распускаць плёткі’, польск. дыял. tryndać ‘круціцца, не сядзець на месцы, блытацца пад нагамі’, каш. trińdać ‘таптаць’, ‘збіваць масла’. Утворана на базе гукапераймальнага тры́нды (прыпеў), параўн.: Tryndy baba, tryndy dzied, / Zdochla baba, zdochnie dzied! (Федар., 6, 64), гл. трынды, трынды-рынды. Параўн. меркаванне пра паралельныя «звонкія» варыянты дрындаць (гл. дрындушка), польск. dryndać ‘цягнуцца, трасціся на возе’, славац. дыял. drindať ‘бегчы, тупацець’ (SEK, 5, 169). Гл. Брукнер, 99 (памылкова звязвае з tryny ‘апілкі’), ЕСУМ, 5, 639; Арол, 4, 110. Параўн. таксама трандзіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)