ху́стачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да хустка; невялікая хустка. І калі заўважаў.. [Алёшка] знаёмую стракатую хустачку, жоўты паўкажуш[а]к з вышытымі ўзорамі, ён нібы незнарок з’яўляўся ў шырокім вестыбюлі. Лынькоў. Хустачка ў Яніны ад хады ссунулася на патыліцу. Мурашка.

2. Невялікі кусок тканіны квадратнай формы для выцірання носа, твару, вачэй. [Шырокі] энергічна махаў рукамі, соп, жаліўся на гарачыню, знімаў сваю белую шапку з двума значкамі і хустачкаю абціраў коратка астрыжаную галаву. Колас. [Прамоўца] абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́рба ’кайстра, невялікі мяшок з даматканай тканіны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’сумка’ (Сл. Брэс., Растарг.), ’паляўнічая сумка’ (Сцяшк.), ’жаночая сумка’, ’школьная сумка’ (Ян.), ’клінок для вырабу сыру’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), ’мяшэчак з палатна для рыбы’ (нараўл., З нар. сл.), ’чарговы дзённы харч, які належыць пастуху за кожную карову’ (Гіл.; барыс., Антропаў, вусн. паведамл.), ’сявенька’ (бых., ЛА, 5), ’мяшок з аўсом, што адзяваецца каню на галаву’ (ТСБМ), ’мяшок старца’ (Нас.), ’сумка з тканіны ці скуры для курэцкіх прылад’ (ЛА, 5), ’непаваротлівая, тоўстая жанчына’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. торба ’торба’ (з 1555 г.) запазычана з цюркскіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 105), параўн. тур., крым.-тат., азерб. torba ’мяшэчак, кайстра’, відаць, у перыяд найбольш інтэнсіўных сувязей ВКЛ з Крымскім ханствам у XVI ст. (Жураўскі, Тюрк. лекс. элем., 84, 88–89). Лексема пашырана ў многіх славянскіх мовах і дыялектах і лічыцца агульнаславянскай (Голуб-Ліер, 485; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602). Сюды ж тарбе́шка ’торбачка’ (Нас., ТС), тарбано́шый ’механоша’, тарбаношка ’скураная сумка, якую сяляне насілі каля пояса паверх кашулі’ (Нас.), то́рбачнік ’жабрак’ (ТСБМ, Бяльк., Нар. Гом.), то́рбачнікі ’сумчатыя’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палатно́ ’гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення; вялікі шырокі кавалак якой-н. тканіны’. Агульнаславянскае (рус., укр. полотно́, ст.-рус. полотно, польск. płotno, серб.-харв. пла́тно і г. д.) і праславянскае poltъno. Роднасныя ст.-інд. paṭas ’палатно, адзенне, пакрывала, карціна’, сяр.-в.-ням. valte, valde ’тканіна для абгортвання адзення’, алб. palë ’складка, рад’ (гл. Фасмер, 3, 316; там жа і агляд літ-ры). Сувязь са ст.-слав. платъ (Праабражэнскі, 2, 97) лічыцца няпэўнай (Фасмер, там жа; Махэк₂, 455).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паста́ў 1, постаў ’сувой палатна’, ’вялікі кавалак сукна (у 32 локці)’ (ТСБМ, Уладз., Маш., Янк. 1, Гарб.), ’мера самаробнай тканіны, роўная 54 локцям, або 1744 см’ (Мал., Уладз.; свянц., Крывіч, 12), ’даўжыня асновы, наведзенай на ткацкі стан’ (Уладз.), ’тканіна пэўнай даўжыні’ (Нас.), ’ткацкі стан’ (КЭС, лаг.; Шат.). Да паста́ва (гл.).

Пастаў 2 ’пара млынавых камянёў’ (ТСБМ; КЭС, лаг.; Шат.). Прасл. postavъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 124), якое з po‑ і stavъ; апошняе мае яшчэ значэнне ’сажалка’, таксама як бел. пруд абазначае ’сажалка’ і ’млын’. Да ста́віць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́пан

(рус. клапан, ад ням. Klappe = крышка, засланка)

1) прыстасаванне ў механізмах для прыкрыцця адтуліны, праз якую выходзіць пара, газ, вадкасць;

2) анат. частка полага органа, якая перашкаджае адваротнаму руху змесціва (напр. лімфатычны к.);

3) нашыўка з тканіны, якая прыкрывае кішэнь або шво на адзенні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

моц ж.

1. кре́пость; про́чность;

м. ткані́ны — кре́пость (про́чность) тка́ни;

2. си́ла, кре́пость, мощь;

мато́ры зараўлі́ на ўсю м. — мото́ры взреве́ли во всю си́лу (мощь);

зіма́ пака́звае сваю́ м. — зима́ пока́зывает свою́ си́лу;

3. си́ла;

м. дзяржа́вы — си́ла госуда́рства;

м. уда́ру — си́ла уда́ра;

м. пачу́цця — си́ла чу́вства;

4. см. мацу́нак;

○ набы́ць м. — (о законе) войти́ в си́лу

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

odcinek

м.

1. адрэзак;

odcinek materiału — адрэзак тканіны;

odcinek czasu — адрэзак часу;

2. участак;

ważny odcinek pracy — важны ўчастак (важная галіна) работы;

odcinek obrony вайск. участак абароны;

odcinek kolejowy — перагон;

3. мат. сегмент

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),

у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.

У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.​Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.​Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.​Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).

Я.​М.​Сахута (мастацтва), В.​П.​Рагойша (літаратура).

Да арт. Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.
Да арт. Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.
Да арт. Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.

Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́САКА,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Осака. 10 609 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1998). Другі (пасля Токіо) па велічыні і эканам. значэнні горад Японіі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Унутр. Японскім м. (больш за 40% экспарту краіны). Міжнар. аэрапорт Ітамі. Гандл.-фін. цэнтр; фондавая, рысавая, бавоўнавая біржы, банкі. Прам-сць: цяжкая, у т. л. вытв-сць сталі, пракату, вырабаў з каляровых металаў; дакладнае машынабудаванне, судна-, энерга-, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць радыётэхн. абсталявання; тэкст. (тонкія шарсцяныя і баваўняныя тканіны, трыкатаж), хім. (гумавыя, сінт., лакафарбавыя вырабы), харч. (рыбакансервавая, мукамольная, цукровая і інш.), фармацэўтычная, дрэваапр., паліграф., цэм., шкляная, керамічная. Метрапалітэн. Ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў і музыкі, горада, яп. маст. рамёстваў і інш. Планетарый. Шматлікія каналы, паркі Наканосіма і Тэнодзі і ландшафтны сад Кэйтаку-эн. Арх. помнікі: храм Сітэнодзі (6 ст., перабудаваны ў 1623), сінтаісцкі храм Тэмангу (10 ст., перабудаваны ў 1901), замак (1586, рэстаўрыраваны ў 1931) і інш.

У старажытнасці на месцы О. існавала паселішча Наніва. У 5—9 ст. у ім была часовая рэзідэнцыя яп. імператараў. З часам развілася ў партовы горад. У 1583—86 правіцель Японіі Хідэёсі Таётомі пабудаваў у О. крэпасць (разбурана ў міжусобнай вайне ў 1615, адбудавана ў 1620—30) і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй У 17—19 ст. буйны горад, важны гандл. цэнтр Японіі. З канца 19 ст. тут развіваецца тэкстыльная, з пач. 20 ст. — цяжкая прам-сць. У пач. 20 ст. О. — адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну часткова разбураны амер. авіяцыяй.

Літ.:

Навлицкая Г.Б. Осака. М., 1983.

Канал у г. Осака.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)