Пераво́д 1 ’соламя — падоўжная бэлька, якая кладзецца на сохі; доўгае тонкае бервяно, на якое кладуць прымітыўныя кроквы — крукі’ (б.-каш., ЛА, 4; Касп.), ’бэлька ў столі’ (паўн.-усх., Бломкв.), ’бервяно ў апошнім вянку зруба над бэлькамі’ (Мат. Маг.), піряводзіна, пераводзіна, пераводзень ’вага ў студні з жураўлём’ (сен., рэч., ДАБМ, камент., 809), ’верхняя перакладзіна ў ткацкім варштаце, якая змацоўвае яго’ (Касп.). Стараж.-рус. прѣводъ, превод ’скляпенне’, перевод (1230 г.), ст.-рус. переводина (1696 г.) ’перавод’, рус. паўн. перево́д, перево́дина, перево́день, перево́док ’бэлька — апора падлогі ці столі; перавод’. Да пера- і ве́сці (гл.), хаця матывацыя наймення застаецца няяснай. Параўн. тлумачэнне лексемы переводина — бэлька ў крытым двары, “якую можна пераводзіць, перакідваць” — ? (СРНГ, 26, 53).
Пераво́д 2 ’знішчэнне, ’смерць’, пераво́дная ’знішчальная сіла’ (Нас.). Да пераве́сці (гл.). Параўн. рус. бранск., арл. перевести́ ’пахаваць каго-небудзь са звонам’, ярасл. ’пашкодзіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пералі́ўкі ’дробная страта; пусты занятак: пераліванне з пустога ў парожняе’, ’невялікі навар, даход’ (Нас., Шат.), ’драбніца, жарт’ (Шат.), звычайна ў спалучэнні з не (не-): не перэлі́ўкі ’не паласа, нічога добрага не чакай’ (ТС), гл. непераліўкі: да пера- і ліць (гл.). Укр. пере́ливки ’не жарты, не дробязі’, рус. пере́ли́вки, пск. ’памыі’, ’жарты, смех, кпіны’, смал. ’пустыя размовы’, на переливки ’на спрэчку’, польск. przelewki ’п’яныя жарты’, звычайна ў фразеалагізме to nie przelewki ’гэта не жартачкі!’, przelewka ’зліў, спуск шлаку’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, з першапачатковага ’пералітае праз край’, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе спаборніцтва ў перапіванні, параўн. польск. przelewać ’ужываць без меры’, якое Банькоўскі (2, 858) трактуе як пераклад франц. transfuser ’тс’. У іншых слав. мовах — без суф. ‑к‑: в.-луж. přeliw, н.-луж. pśelew, серб.-харв. пре́лив, славен. prelívanje, preliv, балг. прел́иване. Параўн. непераліўкі (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пець ’спяваць’ (ТСБМ; Нас.; Некр.; Шат.; Сл. ПЗБ; Бяльк.), ’ствараць розныя гукі ў час раення — звінець, “кохаць” і інш. (пра матку)’ (слаўг., Нар. сл.), ’кукарэкаць’ (мазыр.). Рус. петь спяваць’, ’адпяваць нябожчыка’, ’гусці (пра мух)’, ’звінець (пра паштовыя шамкі)’, стараж.-рус. пѣти, польск. piać ’спяваць (пра пеўня)’, чэш. pěti ’спяваць’, ’усхваляць’, славен. pẹ́ti, макед. пее, балг. пе́я. У іншых слав. мовах — з пачатковым s‑ (z‑). Прасл. *pěti, *pojǫ < і.-е. *poi̯‑. Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 135) тлумачыць прасл. *pěti як каўзатыў ад дзеяслова *ріtі ’піць’, што пацвярджаецца тоеснасцю форм 1 ас., параўн. пою ’даю піць’ і пою ’спяваю’. Тут перанос значэння ’паіць’ > ’спяваць, усхваляць’ узыходзіць да паганскага абраду ахвярнай, пахавальнай выпіўкі. Паводле Аткупшчыкова (Этимология–1984, 196), разыходжанне адбылося на ўзроўні старажытных асноў (*poi̯‑ti > пѣть пры poi̯‑ti > поить).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пле́на, плена, плёнка, плёначка ’тонкая шчарбінка або лускавінка на метале’ (Нас.), ’трэшчынка ляза касы, сякеры’ (ТС), параўн. рус. плена ’трэшчынка, наслоены лісточак, бліскаўка ў метале ці камені (напр., лабрадарыт)’, польск. płoń ’пелька’, plonio, чэш. дыял. plena ’шчарбінка ў жалезе’, pleń ’шчарбінка на сякеры’, славац. plena ’тс’, славен. plėna ’шчарбінка ў жалезе’, серб.-харв. шток, plena ’трухлявае месца ў дрэве’, plen(ß)vt plenav ’дрэнна каваны, са шчарбінамі’, ’рыхлы, дуплісты’, балг. плена ’трэшчына, шчыліна’. Паводле Махэка, першаснае значэнне лексемы — як у рус. плець ’зярнятка попелу (у адлітым метале)’, роднасным яму з’яўляецца літ. plėnys попел’, лат. pienes ’белы попел на вуголлі’, а таксама ст.-грэч. σπληδός, σποδός ’попел’ (Махэк₂, 458). Фасмер (3, 278) і інш. (тамсама) супастаўляюць з лат. plova ’неглыбокая трэшчына ў метале’, якое звязваюць з лат. piene ’гаралы акаліна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́дра 1 (ТСБМ). Паводле Махэка (497), “еўрапейскае слова”, параўн. укр., рус. пу́дра, польск. puder, ням. Puder і г. д.; на Беларусь трапіла, хутчэй за ўсё, праз рускую мову з франц. poudre ’парашок, пудра’, што з лац. pulvis ’парашок’ (Р. скл. pulveris).
Пу́дра 2 ’вятроўнік вязалісты (ці лабазнік вязалісты)’ (ТС), ’вазон (кветка)’: пу́дры такія высокія, цвітуць такім розавым, белым цветам (хойн., Мат. Гом.), пу́драчкі ’каляровыя рамонкі’ (уздз., Жд. 3). Відаць, да пудра 1 з-за каляровага ці белага пылку, што пакрывае кветкі.
Пу́дра 3 ’строгая вымова’, пудро́вка ’моцная прачуханка, чос’, пудрова́ць ’моцна лаяць, рабіць вымову’, пудрова́ць голову ’рабіць строгія вымовы і нават цягаць за валасы’ (Нас.). Сюды ж, відаць, пудры́цца ’узбіцца (пра падушку)’: падушка пудрыцца (віл., Сл. ПЗБ), што звязваюць з лат. pudra, pudrs ’куча, купа’, літ. pudénti ’тузаць, скубаць, рабіць пухкім’ (LKK 16, 143).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́ня ’хлеў; памяшканне для сена, снапоў, мякіны і пад.’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’гумно’ (Варл.; маг., Янк. Мат.; Янк. 2; Яруш.), ’адрына’ (Шат.; Мядзв.; Шпіл.; Гарэц.; Маш.; светлае; добр., ветк., Мат. Гом.), ’хлеў’ (карм., мазыр., ветк., чач., Мат. Гом.; Шымк. Собр.), ’маленькая хатка’ (ТС), пу́нька ’хлеў, адрына’ (Ян., Растарг.), ст.-бел. пу́ня ’стойла, адрына’ (невядомае ў старажытнарускай мове, параўн. Марчанка, Межресп. конф., 19), рус. дыял. пу́ня ’гумно, адрына, хлеў’. Этымалогія беларускага слова яшчэ ў Шымкевіча (Собр., 167: “пуня, сарай для рогатого скота > сам[огитское] pune”); у якасці крыніцы запазычання прыводзяць літ. pūnià, pūnė ’хлеў, гумно, мякінніца’ (Грынавяцкене, LKK, 16, 187), лат. pūne ’адрына’, якія збліжаюць са ст.-інд. punā́ti ’правейвае’, pávalē ’ачышчае’, pávanos ’вецер’, ст.-в.-ням. fowen, с.-в.-ням. vœwen ’прасейваць’, гл. Карскі 1, 135; Праабражэнскі, 2, 153; Фасмер, 3, 407.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пуска́ць ’перастаць утрымліваць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Варл., ТС), ’кідаць’ (Варл.), пуска́тэ ’адступаць (пра зіму)’ (малар., Нар. лекс., Сіг.); у спалучэннях: пуска́ць ікру ’нераставаць’ (ЛА, 1), пуска́ты рошч ’пачынаць расці, пайсці ў рост’ (Клім.), пуска́ць дзе́раво ’сплаўляць лес’ (навагр., Нар. лекс.), пуска́ць агіта́цыю ’агітаваць’, пуска́ць вайну́ ’пачынаць вайну’ (уздз., Жд. 3), укр. пуска́ти ’выпускаць, адпускаць, упускаць’, рус. пуска́ть ’прапускаць, адпускаць’, дыял. пуска́ть икру́ ’нераставаць’, балг. пу́скам ’вызваляць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’, макед. пуска ’тс’. Лічыцца новаўтварэннем у адносінах да пусці́ць (< *pustiti) у выніку другаснай імперфектывацыі (так ужо Брант, РФВ, 24, 143) па узору лушчы́ць/луска́ць і пад.; рэгулярныя формы: рус. пуща́ть, польск. puszczać, серб.-харв. пу̏штати, славен. púščati, балг. пу́щам, чэш. pouštěti, славац. púšťať, в.-луж. pušćeć, н.-луж. pušciś (< *pustjati). Гл. пусціць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пянчу́к, пяньчу́к ’пянёк, рэшткі камля ссечанага ці зламанага бурай дрэва; адно дрэва’ (ТСБМ, Нас.), пеньчучо́к ’аб’едзенае шкоднікамі сцябло бульбы’ (пух., Сл. ПЗБ). Утворана ад пень (гл.) пры дапамозе складанага інавацыйнага суфікса ‑чук, які ўзнік шляхам спалучэння суфіксальнага або каранёвага элемента ‑ч‑ (параўн. свіння > свінчо́ ’парася, парсючок’, дзеўка > дзяўчо́, плячо́ і пад.) і суфікса ‑ук, што, магчыма, звязана з пераходам назоўнікаў н. р. у м. р. пад уплывам балтыйскіх моў, дзе н. р. адсутнічае, параўн. адпаведныя дыялектныя формы дзяўчук, плячук (Грынавяцкене і інш., SOr, 39, 312). Меркаванні пра “турэцка-татарскі” характар патранімічнага суфікса ‑чук (гл. Бяднарчук, Stosunki, 120; Ліндэрт, ZPSS, 4, 81–87) не пераконваюць, бо зыходныя кампаненты названага суфікса вядомыя шырока ў славянскіх мовах, параўн. балг. Пе́търчо (памянш. ад Пе́тър) і ўласныя імёны тыпу Грыцу́к, Пятру́к і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рага́ч 1 ’вілы з двума рагамі’ (Сцяшк., ЛА, 2), ’вілкі, якімі ставяць (або вымаюць) у печ чыгуны’ (ТСБМ, Выг.). Да рог 1 (гл.).
Рага́ч 2, ’драўляная саха’ (ТСБМ), ’частка сахі’ (ТСБМ, Выг., Янк., Сержп., Дзмітр., Дэмб. 2), рагачы́ ’ручкі плуга’ (Выг. дыс.), рус. дыял. рога́ч ’ручка ў сахі’. Ад рог 1 (гл.). Падабенства па форме.
Рага́ч 3 ’вывернуты корань дрэва’ (ТСБМ). Ад рог 1 (гл.).
Рага́ч 4 ’самец-алень або іншая жывёліна з рагамі’ (ТСБМ), укр. рога́ч ’самец-алень’, в.-луж. rohač ’жывёліна з рагамі’. Ад рог 1 (гл.), параўн. рога́та ’карова з вялікімі рагамі’ (ТС).
Рага́ч 5 ’ражон, кол з сучкамі’; зборн. рагаччо́ (рогаччо́) ’колле няроўнае і сучкаватае’ (Нас.), ’дзяркач’ (ігн., Сл. ПЗБ). Мае не зусім ясныя адносіны да рог 1 (гл.). Магчыма, паводле знешняга падабенства з вострымі, тырчачымі ў розныя бакі галінкамі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Руча́й ’невялікі вадзяны паток’ (ТСБМ, ТС), руча́й, ручэ́й ’тс’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Сюды ж ручаі́на ’невялікі ручай’ (ТСБМ), ст.-бел. ручавина ’невялікі ручай, раўчук’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руча́й ’ручай’, рус. руче́й ’тс’, польск. ruczaj ’тс’, чэш. паэтычнае ručej ’горная ручаіна, ручай’ (пры звычайным potok ’ручай’), славац. ručej, ručaj ’ручай’, в.-луж. ručej ’тс’, балг. ру́чей ’тс’. Стараж.-рус. ручаи (Аповесць мінулых гадоў), ручии, ручьи > ручей (Сразн., 3, 199–200). Прасл. *rečajь < *rukējь, дзе ‑ēj(ь) — суфікс (як у *lišajь, *obyčajь і інш.) і той жа корань, што ў прасл. *rykati/*ryčati ’рыкаць’. Параўн. славен. rukati (пра аленя) ’раўці ў час цечкі’; славац. ručať ’мычаць’, в.-луж. ryčeč ’рыкаць’ (Чарных, 2, 129) і асабліва балг. руча́ ’бурчаць, булькатаць’, ру́квам ’раптоўна пацячы’ < прасл. *ruk‑ (гл. БЕР, 6, 341, 357; Фасмер, 3, 524).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)