ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.

Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́СІЯ (Galicia),

аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Пл. 29,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж. крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.

У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст. н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн. чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.​Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).

У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч. прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.

В.​В.​Адзярыха (гісторыя).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),

сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.

Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл. Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл. табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.

Літ.:

Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.

Н.​А.​Ушакова.

Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е Старажытныя даты Сучасныя даты
Авен 21.3—19.4 22.4—21.5
Цялец 20.4—20.5 22.5—21.6
Блізняты 21.5—21.6 22.6—22.7
Рак 22.6—22.7 23.7—23.8
Леў 23.7—22.8 24.8—23.9
Дзева 23.8—22.9 24.9—24.10
Шалі 23.9—22.10 25.10—23.11
Скарпіён 23.10—21.11 24.11—23.12
Стралец 22.11—21.12 24.12—22.1
Казярог 22.12—19.1 23.1—20.2
Вадаліў 20.1—18.2 21.2—18.3
Рыбы 19.2—20.3 19.3—21.4
Да арт. Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВЫ́Я ВЕЧАРЫ́»,

амбівалентнае выяўленне святых вечароў на Каляды, калі найб. поўна і шматгранна разгортваецца нар. смехавая культура і ўсё можна падаць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Смехавая культура з элементамі нар. т-ра ў розных формах вядома амаль усім народам свету. Ў славян яна ў найбольшай ступені выяўляецца ў час калядна-навагодніх і масленічных святкаванняў. У беларусаў на працягу 2-тыднёвых калядных святкаванняў і ў святы вечар прыпынялася ўсякая праца (інакш, паводле нар. павер’яў, магла «скрывець дамашняя жывёла»), усе павінны былі гуляць, наладжваліся ігрышчы з танц.-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. У розных рэгіёнах Беларусі «К.в.» маюць свае адметныя рысы. На Палессі і Падняпроўі — карнавалізаваныя шэсці і прадстаўленні пераапранутых. Паводле нар. вызначэння, «К.в.» — самы вясёлы час года: можна хадзіць буслам, канём, казлом, цыганом, гусаром — «кім хочаш, тым і хадзі». На Паазер’і — гэта «каляднае вяселле для ўсіх» — «Жаніцьба Цярэшкі», дзе ўсе пары, што перакруціліся ў «Лявонісе» («пажаніліся» ў танцы), павінны па чарзе яшчэ і даганяць сваіх «дзядоў» і «бабак», якія ўцякаюць. Для тэатралізаваных паказаў характэрна багатая вобразнасць: парадзіраваныя пахаванні з амбівалентнасцю смерці-ўваскрэсення ў танцы, гульні, рытуальным смеху («Тут каза ўпала, // Здохла і прапала. // Ты, стара казішча, // Устань, развесяліся»). Драматызм сапраўднага вяселля як абраду пераходу (пераўтварэння) у «Жаніцьбе Цярэшкі» падаецца ў смехавай гратэскавай форме («Дзед бабу тапіць вядзець, // А баба крычыць — не йдзець. // Дзед бабу — чабох на дно, // А мне, дзед, і тут ладно»). Пра «К.в.» ў сучасных вёсках Палесся і Паазер’я зняты аднайм. дакумент. кінафільм (1990).

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

Літ.:

Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1965;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн.. 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ТА (Utah),

штат на З ЗША. Пл. 220 тыс. км². Нас. 2270 тыс. чал. (2001). Адм. ц. — г. Солт-Лейк-Сіці. Буйныя гарады: Вест-Уэлі-Сіці, Прова, Санды, Огдэн. Паверхня пераважна горная, пустынная. На З пласкагор’е Вял. Басейн, на У Скалістыя горы, на Пд плато Каларада. Клімат субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 да -4 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 250—400 мм за год. Гал. рака Каларада. Азёры: Вял. Салёнае і Юта. Расліннасць паўпустынная і пустынная, у гарах месцамі ўчасткі хваёвых лясоў. Індустр.-агр. штат. Прам-сць: чорная і каляровая (вытв-сць медзі) металургія, машынабудаванне (вытв-сць ракет, авіяц. і аўтамаб. дэталей і вузлоў, ЭВМ, мед. інструментаў), металаапрацоўка, хім., нафтаперапр., паліграф., цэм., харчовая. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, медзі, золата, серабра, малібдэну, свінцу, цынку, жал. і уранавай руды. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні, птушкі). Рыбалоўства. Раслінаводства на арашальных землях (кармавыя травы, кукуруза, пшаніца, ячмень, бульба, агародніна). Садоўніцтва. Даход ад турызму 2,3 млрд. дол. (1999).

Тэр. Ю. здаўна насялялі індзейскія плямёны (юта, наваха і інш.). Еўрапейцы (ісп. манахі-францысканцы) з’явіліся ў 1776. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 гэта тэр. ўвайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША Хуткае развіццё Ю. пачалося пасля засялення мармонамі. якія ператварылі гэтую пустынную зямлю ў квітнеючую; у 1847 заснавалі г. Солт-Лейк-Сіці (гал. цэнтр мармонаў). У 1850 рашэннем кангрэса ЗША гэтаму рэгіёну нададзены статус тэрыторыі. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 насельніцтва Ю. падтрымлівала ўрад А.Лінкальна. У 1869 праз яе тэр. прайшла першая транскантынент. чыгунка. У 1896 Ю. атрымала статус штата ЗША пасля адмены мнагажонства (1890) мармонскай царквой.

Ю.​В.​Бажэнаў (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пераста́рак ’састарэлы’, ’старая дзеўка’, ’хлопец, які доўга ходзіць у халасцяках’, пераста́рка ’старая дзеўка’, перэста́рыцца ’не выйсці замуж у пару’ (Шат., Нар. Гом., ТС, ТСБМ), укр. пере́ста́рок, пере́ста́рка, рус. переста́рок, переста́рка ’стары халасцяк, старая дзеўка’, ’жывёла, якая з-за старасці не можа даваць прыплод’. Усходнеславянскае. Утворана ад дзеяслова пераста́рыцца, што ўзыходзіць да прасл. *per‑stariti (sę), параўн. яшчэ ст.-слав. прѣстарѣти ’састарыцца’, серб.-харв. прѐстарети, в.-луж. přestarić, н.-луж. pśestarkaś, польск. przestarzeć (się), славац. prestarnúť ’тс’. У зах. і паўд.-слав. мовах лексеме перастарак адпавядаюць спалучэнні з прыметнікамі ці дзеепрыметнікамі (przestarzały, pśestarjety, přestárlý, prestarnutý, prestár, пре̏стар). Гл. старэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тава́р, ‑у, м.

1. Прадукт працы, выраблены на продаж.

2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.

3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.

4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.

•••

Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

амфі́бія

(гр. amphibion)

1) земнаводная жывёла (напр. жаба, трытон), лічынкі якой дыхаюць жабрамі, а дарослыя асобіны лёгкімі;

2) аўтамабіль, танк, бронетранспарцёр, здольныя рухацца па сушы і па вадзе;

3) самалёт, прыстасаваны для ўзлёту і пасадкі на сушы і на вадзе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лахма́ты, лахма́тый ’касматы, калматы’, ’зроблены са скуры з доўгай і густой поўсцю, з доўгім ворсам’, ’чалавек з доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.; паст., Сл. паўн.-зах.), лахмач ’тс’ (міёр., З нар. сл., ТСБМ), лъхмаціна ’лахматая асоба’ (міёр., Нар. словатв.), мсцісл. лахмаценечкій, лахмаценькій ’лахматы’ (Нар. словатв.), лахмаціцца ’станавіцца лахматым’, лахмаціць ’рабіць лахматым’ (ТСБМ), лахмацець ’тс’ (в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), лахма́тка ’непрычасаная жанчына’, ’калматая жывёла’ (Юрч. Вытв.). Паўн.-усх. бел. рус. ізалекса. Утворана ад лохма < лох‑ма, якое чаргаваннем галоснай кораня звязана з лах 1 (гл.) (Фасмер, 2, 524). Сюды ж лыхма́ціння ’рызманы’ (Юрч. Вытв.). Параўн., аднак, ст.-грэч. λάχνος ’шэрсць, воўна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)