ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.
Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод верблюдаў.
т. 4, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)