штат на З ЗША. Пл. 220 тыс.км². Нас. 2270 тыс.чал. (2001). Адм. ц. — г.Солт-Лейк-Сіці. Буйныя гарады: Вест-Уэлі-Сіці, Прова, Санды, Огдэн. Паверхня пераважна горная, пустынная. На З пласкагор’е Вял. Басейн, на У Скалістыя горы, на Пд плато Каларада. Клімат субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад -2 да -4 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 250—400 мм за год. Гал. рака Каларада. Азёры: Вял. Салёнае і Юта. Расліннасць паўпустынная і пустынная, у гарах месцамі ўчасткі хваёвых лясоў. Індустр.-агр. штат. Прам-сць: чорная і каляровая (вытв-сць медзі) металургія, машынабудаванне (вытв-сць ракет, авіяц. і аўтамаб. дэталей і вузлоў, ЭВМ, мед. інструментаў), металаапрацоўка, хім., нафтаперапр., паліграф., цэм., харчовая. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, медзі, золата, серабра, малібдэну, свінцу, цынку, жал. і уранавай руды. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні, птушкі). Рыбалоўства. Раслінаводства на арашальных землях (кармавыя травы, кукуруза, пшаніца, ячмень, бульба, агародніна). Садоўніцтва. Даход ад турызму 2,3 млрд.дол. (1999).
Тэр. Ю. здаўна насялялі індзейскія плямёны (юта, наваха і інш.). Еўрапейцы (ісп. манахі-францысканцы) з’явіліся ў 1776. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 гэта тэр. ўвайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША Хуткае развіццё Ю. пачалося пасля засялення мармонамі. якія ператварылі гэтую пустынную зямлю ў квітнеючую; у 1847 заснавалі г. Солт-Лейк-Сіці (гал. цэнтр мармонаў). У 1850 рашэннем кангрэса ЗША гэтаму рэгіёну нададзены статус тэрыторыі. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 насельніцтва Ю. падтрымлівала ўрад А.Лінкальна. У 1869 праз яе тэр. прайшла першая транскантынент. чыгунка. У 1896 Ю. атрымала статус штата ЗША пасля адмены мнагажонства (1890) мармонскай царквой.