Каўчэ́г 1 ’каўчэг, судна, у якім згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковче́г, укр. ковче́г, ст.-рус., ст.-слав. ковъчегъ, балг. ковче́г, серб.-харв. ко̀вче̑г ’скрынка, скрыня’. Слова, якое, як мяркуюць, паходзіць з усх. моў. Звычайна параўноўваюць з чагат. kopur ’пасудзіна’, koburčak ’скрынка’ і г. д. Менш верагодным лічыцца вывядзенне слова з тур. мовы (параўноўваюць з тур. kapčyk, kapčuk ’футарал’). Яшчэ больш няпэўным з’яўляецца вывядзенне з грэч. крыніцы або са ст.-рус. ковъ ’пасудзіна’ (апошняе прапанаваў Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 230; цікава, што яшчэ Даль прапанаваў вывядзенне слова ковчег ад ковать).

Каўчэ́г 2 ’скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка’ (ТСБМ); ’пенал’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з назвай каўчэга, на якім плыў біблейскі Ной. Даль адзначае, што каўчэгам сталі называць дзіўнага выгляду судны, караблі і нават калымагі, далей ківот для абразоў. Каўчэгам называлі таксама скрыначку для захоўвання каштоўнасцей царквы, царскіх грамат, а таксама пячацей, якія былі прымацаваны да грамат, дыпломаў і г. д. Пазней слова гэта стала азначаць больш простыя рэчы, напр., пенал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий конь — Маслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́х 1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х 2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клён 1 ’дрэва клён або драўніна гэтай расліны’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., Бяльк.). Ст.-рус. кленъ, рус. клён, укр. клен ’тс’, балг. клен, макед. клен, серб.-харв. кле̏н, славен. klèn ’тс’, польск. klon, чэш. klen, славац. kleń, в.-луж. klen, н.-луж. klon ’тс’. Індаеўрапейскі характар гэтай назвы дрэва вельмі праблематычны, паколькі мы не маем ніводным надзейнай паралелі за межамі славянскіх моў. Балтыйскія паралелі (літ. klẽvas, лат. kļavs) трэба лічыць формамі з іншымі дэтэрмінатывамі, але паколькі каранёвая частка нам невядомая, гэта супастаўленне застаецца нявытлумачаным. Кельцкія адпаведнікі здаюцца больш блізкімі (ірл. cuilenn, уэльск. kelyn ’клён вастралісты’). Але кельцкія формы можна разглядаць толькі як магчымую крыніцу. Параўн. іншую славянскую назву клёна — явар, якая традыцыйна лічыцца пранікненнем з германскіх моў. Трэба таксама адзначыць, што германскія назвы клёна, якія разглядаюцца як паралелі да славянскіх і кельцкіх (ст.-ісл. hlynr, ст.-англ. hlyne, с.-в.-ням. līn‑), можна таксама разглядаць як кельтызмы. Параўн. Махэк, LP, 2, 154, які разглядае назву клёна як праеўрапейскую субстратную.

Клён 2 ’праклён’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. клясці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лады́га 1, лады́ґа, лады́жка ’сцябло расліны’, ’сцябло дудкаватай расліны’, ’сцябло агуркоў без лісцяў’, ’ліст бурака са сцяблом’, ’кветканоснае сцябло цыбулі’ (Жд. 2, Нас., Сл. паўн.-зах.), польск., ст.-польск. łodyga ’сцябло расліны’, ’галоўка з насеннем’, ’сцябло капусных раслін’ (чэш. і славац. lodyha запазычаны з польск. — Махэк₂, 338). Паводле пашырэння лексемы ладыга можна дапусціць яе паходжанне з польскай мовы. Слаўскі (5, 137) мяркуе, што гэта паўн.-слав. лексема oldyga, якая мае той жа корань, што і прасл. oldi/oldy ’лодка’, звязанае з і.-е. *aldh‑ ’выдзеўбаны ствол дрэва, лодка-чайка’. Сюды ж светлаг. лады́га ’вялікі, дарослы хлопец’ і ўкр. лади́га ’луста, акрайчык хлеба’ (семантычныя пераносы паводле падабенства).

Лады́га 2 ’нага ад калена да пяты’, ’галёнка’, лады́жка ’тс’ (Нас.). Укр. сулдыга (< sǫ‑lodyga — гл. Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285) ’нага ад калена да пяты’, рус. лоды́га ’заканчэнне галёнкі’, ’шчыкалатка’, ’косць нагі’, ’бабкі’, ’вялікая стана нагі’, ’падваконнік’, ст.-рус. ’падножжа калоны’ (з XII ст.), ’косць для гульні’. Да лады́га 1. Названа паводле падабенства касцей канечнасцей да ствала, сцябла (Слаўскі, 5, 137), параўн. таксама літ. káulas ’косць’ — лац. caulis ’сцябло расліны’, ’рагавы стрыжань птушынага пяра’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́йба 1 ’барліна, баржа, вялікая лодка з дзвюма будкамі грузападымальнасцю ў 5–10 т’ (Гарэц., Касп., Дэмб. 1, Яруш., Рам. 8, Нар. сл., КЭС, лаг.), ’вялікая парусная лодка з двума парусамі’ (ТСБМ). Укр. ла́йба, рус. лайб, ла́йба ’баржа, лодка’, ст.-рус. лоива ’судна ў наўгародцаў, немцаў, карэлаў’, польск. łajba ’баржа на Заходняй Дзвіне’, літ. laĩvas, laĩvė ’карабель’, laivà, лат. laĩva ’лодка’ — усе з фін. laiva ’лодка, судна’ (Фасмер, 2, 450–451; Бернекер, 686; Фрэнкель, 335; Слаўскі, 4, 434). Лаўчутэ (Балтизмы, 145), Блесэ (SB, 4, 1935–1936, 14) лічаць, што ў слав. мовах — гэта балтызм. З балт. моў слова было запазычана ў фінскія (Буга, Rinkt, 1, 309–311). Сюды ж лайбоўшчык ’шкіпер на лайбе’ (дзвін., Нар. сл.).

Ла́йба 2 ’вялікі воз для перавозкі сена’ (Сл. паўн.-зах.) — паводле Грынавецкене, запазычана з літ. láiva ’воз з кузавам’ (Сл. паўн.-зах. 2, 612). Сюды ж пераносныя: ла́йба ’карова з вялікім жыватом’, ла́йба, ла́йбіна ’вельмі тоўстая, здаровая жанчына’ (З нар. сл.), ’тоўсты чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Лайба́ ’лаянка’ (Нас.). Да ла́яць. Утворана пры дапамозе суф. -ба, як і клятба, бажба, барацьба і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасторавае і генетычнае (БРС, Гарэц., Шат.). Агульнаславянскае і праславянскае. Варыянт od (у адрозненне ад варыянта ot) ва ўсіх славянскіх мовах, апрача балгарскай, рускай, лужыцкіх (на ўсходзе граніца паміж імі праходзіць па беларускай тэрыторыі). Параўн. укр. від (< od), рус. от, чэш. od, польск. od, в.-луж. wot, н.-луж. wót, балг. от, серб.-харв. od, славен. od. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. at‑, лат. at, гоц. id, ірл. aith, ст.-інд. áti, ст.-грэч. ἔτι, Траўтман, 16; Ільінскі, РФВ, 57, 507; Развадоўскі, Wybór, 2, 87. Варыянт od — славянская інавацыя ў адрозненне ад варыянта ot, які захаваўся на перыферыі славянскага свету (гл. Андарсен, WS, 14, 3, 316–317) і мае адпаведнасці ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Пераход ot > od‑ тлумачыцца або аналогіяй (да nad‑, pod‑) (Бадуэн дэ Куртэнэ, Опыт, 110), або змяшэннем розных па паходжанню ot‑ і odъ (Махэк, Зб. Траўнічку, 183), або камбінаторна-фанетычнымі зменамі (Курашкевіч, SFPS, 4, 22). Найбольш верагодным з’яўляецца апошняе тлумачэнне. Але яно таксама недастатковае, каб зразумець, чаму гэты працэс рэалізаваўся не ва ўсіх славянскіх дыялектах. Спроба Андарсена, там жа, 319, што тлумачыць гэта законам Барталі, здаецца пераканаўчай (гл. Мартынаў, SlW, 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)