прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.

2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.

3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыры́ ’вільготны’, ’невараны; недавараны, недасмажаны, недапечаны’, ’неканчаткова выраблены’, ’нязвараны, няспеламу’: сырое яйцо (Федар. 4, Сержп. Прымхі), ’сыры, мокры’, ’згатаваны’: сырэ молоко не пʼе (ТС), ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Уладз.), сыры́й ’сыры, мокры, згатаваны’ (Бяльк.), сырэ́й ’тс’ (драг., Ск. нар. мовы). Укр. сирі́й, рус. сыро́й, стараж.-рус. сыръ ’сыры, вільготны’; ’малады, зялёны, няспелы’: ꙗблъко сыро, каш. sëri ’вільготны, мокры, падмоклы’, в.-луж., н.-луж. syrý, ’мокры, негатаваны, неапрацаваны, вільготны’, чэш. syrý ’вільготны, халодны’, ст.-слав. сыръ ’мокры, вільготны’. Прасл. *syrъ(jь) ’сыры, вільготны; звараны’, роднаснае літ. sū́ras ’салёны’, лат. sũrs ’салёны, горкі, даўкі’, ст.-дац. súrr ’сыры, напаўгнілы’, швед. sur ved ’сырое дрэва’, ст.-в.-ням. sûr ’кіслы’; да і.-е. *sū‑ro/*sou‑ro ’кіслы, даўкі’, гл. Траўтман, 293–294; Фрэнкель, 944; Фасмер, 3, 819; Махэк₂, 600; Шустар-Шэўц, 1402–1403; SEK, 4, 265; Бязлай, 3, 343; ЕСУМ, 5, 241–242. Гл. таксама сыравы, сыровы, суровы, сыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.

1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.

2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.

3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.

4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свірэпы ‘дзікі, агрэсіўны (?)’: “пчелы здѣсь водятся трехъ родов, то есть по здѣшнему крушиновые свирѣпыя, посредственныя и тихия” (Меер Крыч., 130), свіры́бый ‘нелюдзімы; люты’ (в.-дзвін., ЛА, 3; Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѣрѣпъ, свѣрѣпий: соуровий… и свѣрѣпїй (XV ст., Карскі 2–3, 393). Укр. свірі́пий ‘злы, сярдзіты’, рус. свире́пый ‘люты’, стараж.-рус. сверѣпъ, свирѣпъ ‘дзікі, дзікарослы; палкі, злы’, чэш. sveřepý ‘люты, жорсткі’, славац. sverepý ‘люты’, славен. sverẹ̑p ‘тс’, балг. свире́п ‘жорсткі, люты, шалёны’, макед. свиреп ‘тс’, ст.-слав. сверѣпъ ‘люты, бязлітасны’. Прасл. *sverěpъ(jь). Апошняе не мае адзінай этымалогіі. Меркавалася роднасць з літ. šiur̃pti, šiur̃pstù ‘уздрыгваць’ (Міклашыч, 330; Праабражэнскі, 2, 261), з ст.-ісл. svárr ‘цяжкі, цвёрды, моцны’, гоц. swērs ‘якога шануюць’, нов.-в.-ням. schwer ‘цяжкі’, літ. svarùs ‘тс’; агляд версій гл. Фасмер, 3, 580; Глухак, 600. Мяркулава (Этимология–1964, 78–80) вызначае роднасныя сувязі паміж рус. свирепый, сырой і суровый: *sur/*sver‑/*syr‑ і для *sverěpъ рэканструюе першаснае значэнне ‘мокры, вільготны’, якое цесна звязана са значэннем ‘грубы, суровы, строгі’, што сумніўна, паколькі няма надзейных сведчанняў існавання варыянта *sur‑, гл. Новое в рус. этим., 229. Інакш Махэк₂ (595), які выдзяляе частку sve‑ (аснова займенніка свой) і корань *rěp‑ ‘трымацца, чапляцца’. Формы з ‑б‑ вынік азванчэння ў інтэрвакальнай пазіцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

капа́цца несов.

1. в разн. знач. копа́ться; (искать, перебирать — ещё) ры́ться;

дзе́ці капа́юцца ў пяску́ — де́ти копа́ются в песке́;

к. ў агаро́дзе — копа́ться в огоро́де;

сыры́ пясо́к лёгка капа́еццасыро́й песо́к легко́ копа́ется;

вы не́шта до́ўга капа́ецеся — вы что-то до́лго копа́етесь;

к. ў папе́рах — копа́ться (ры́ться) в бума́гах;

2. страд. ры́ться; копа́ться; см. капа́ць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),

вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.

М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.​Грыгор’еў, С.​Іваноў (Палубес), І.​Максімаў, старац Іпаліт, Ф.​Чука, П.​Заборскі.

На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел. тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.​Байрачны, М.​Бяляева, Г.​Гаркуноў, Г.​Гаўрылаў, В.​Данчук, А.​Дзятлава, Ф.​Зільберт, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, В.​Кірыленка, А.​Концуб, Ю.​Конюх, Н.​Кухарэнка, М.​Міхалап, М.​Несцярэўскі, Т.​Паражняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, З.​Раўко, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч, Я.​Хамініч, М.​Шаўцова, Ф.​Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.

Літ.:

Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.

2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.

3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.

4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.

5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці за што‑н. Кніга завалілася за шафу. □ Адзін пялёстак сарваўся з агністай кветкі, упаў Яську ў правы лапаць і заваліўся за анучу. С. Александровіч. // Згубіцца, упаўшы за што‑н., куды‑н. [Любка] то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак. Дамашэвіч. // Абл. Зваліцца, уваліцца куды‑н. У рашучы момант конь.. недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам. Колас.

2. Паваліцца, абваліцца, абрушыцца. — Гнілое ты не падпірай, яно заваліцца ўсё роўна. Дубоўка. — Мама, — пераконвала Марына, — заваліцца яшчэ столь і нас з табой прыцісне. Б. Стральцоў. А цяпер яна, студня тая, завалілася. Дрэва хоць і камянее ў сырой зямлі, а ўсё роўна гніе памаленьку. Пташнікаў. / Разм. Упасці, не ўстояўшы на нагах. Азін немец.. піхнуў [маці] карабінам у грудзі так, што яна аж завалілася. Гарэцкі.

3. Разм. Улегчыся, залегчы. — Тут, пан мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, — адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы. Колас. Сымон заваліўся на ложак і праспаў да самага вечара. Чарнышэвіч.

4. Разм. Бесцырымонна зайсці, заявіццца куды‑н. Калі Бешчат.. памкнуўся зашторваць акно, да яго ў бар нечакана заваліўся пан Томчак. Бажко.

5. чым. Разм. Атрымаць многа чаго‑н. Паходню няма чаго бунтаваць. Яны сёлета заваляцца хлебам. Хадкевіч.

6. Аказацца заваленым, загрувашчаным чым‑н. І ўжо ніколі не зарасце гэтая сцежка мохам ці травою, не заваліцца ламаччам. Кулакоўскі.

•••

Хоць заваліся — пра поўны дастатак, мноства чаго‑н. — Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)