КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦЫЯ (ад лац. natio племя, народ),
устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.Кон, К.Іглтан, В.Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.Баўэр, Э.Рэнан). Паводле М.Вебера і П.А.Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.
Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш.сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.
Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц.нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел.літ. мовы, бел.нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст.паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;
Пг., 1903—22;
Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;
Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;
Вільня;
Берлін, 1921;
Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн.. 1994;
Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел.гіст.агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Паго́н1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус.пск.пого́н ’выган’, балг.по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв.pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.
Пагон2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус.пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.
Паго́н3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус.пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск.*pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр.корито ’тс’, рус.корыто ’тс’, чэш.koryto ’карыта, кармушка’, славац.koryto ’тс’, н.-луж.kóryto ’тс’, польск.koryto ’тс’, балг.корито ’тс’, макед.корито ’тс’, серб.-харв.ко̀рито ’тс’, славен.koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл.koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл.koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць1. Суаднесенасць са ст.-прус.pracartis ’карыта’ і літ.prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат.karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус.дыял.паўд.-зах.отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр.отеса, отісонька, польск.ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел.отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ.atãsaja, atãseja, лат.atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр.бойк.затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус.потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус.потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск.дыял.śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.
Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр.сі́рий, рус.се́рый, ц.-слав.сѣръ, стараж.-рус.сѣрыи, серб.-харв.си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен.sér, sîr ‘тс’, балг.дыял.сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл.hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс.hár, ст.-в.-ням.hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням.hêr(e) ‘тс’, ірл.ciar ‘цёмны’ (< герм.*haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е.*ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц.skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл.skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел.сорок. Укр., рус.со́рок, стараж.-рус.сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск.sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч.(τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч.σαράντα, або з грэч.τεσσαρακοστή, с.-грэч.σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд.serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац.meru ‘сорак’ з венг.mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав.*съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур.kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй k — k > s — k. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ны ’асцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел.стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2–3, 277; Альтбаўэр). Укр.стеречи́, рус.стере́чь, стараж.-рус.стеречи, польск.strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж.wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш.střieci, чэш.stříci, славен.strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав.стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл.*stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч.στέργω ’люблю’ і ст.-літ.sérgmi ’сцерагу’, літ.sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат.sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е.*sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е.*ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел.сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр.сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус.сермя́га ’світка’, польск.siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск.szermiąga ’тс’, каш.šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęga ’сялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ.šìrmas ’шэры’, лат.sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ.š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус.сестра́, стараж.-рус.сестра, польск.siostra, в.-луж.sotra, н.-луж.sotša, палаб.sestră, чэш., славац.sestra, серб.-харв.сѐстра, славен.séstra, балг.сестра́, макед.сестра, ст.-слав.сестра. Прасл.*sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ.sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус.swestro, ст.-інд.svásar‑, гоц.swistar, лац.soror, ст.-ірл.siur, тахар. Aṣar ’тс’ < і.-е.*su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е.*su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е.*sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр.ásrk, грэч.έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм.str < і.-е.*sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.