Ані́с ’Pimpinella anisum; Anisum Gaertn.’, аныш, ганыш (Кіс.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нуш, га́нусовый, га́нусовка (Нас.). Рус. ани́с, дыял. га́нус ’кмен’, ани́ст ’тс’, ганы́ш ’Chaerophyllum bulbosum L.’, укр. ані́с, дыял. а́нис, а́ниж, а́ниш, о́ниж, га́нус, га́ниж ’аніс’. Польск. anyż з чэш. anýz, дыял. hanýz, haníž, ст.-чэш. anež, anez, славац. aníz, onajs, anajs, в.-луж. anis, славен. jánež, серб.-харв. а́нис, а́ниш, а́нижевица, балг., мак. анасон ’тс’. Крыніца ўсіх гэтых форм с.-грэч. ἄνισον (раней ἄννησον) невядомага (міжземнаморскага?) паходжання. Грэч. > тур. > балг., мак. (БЕР, 1, 11), магчыма, грэч. > серб.-харв.; грэч. > лац. ці грэч.//лац. anisum, anesum > ст.-чэш. anez; лац. > с.-в.-ням. > ст.-чэш. anež, славен. janež, магчыма, польск. anyż, серб.-харв. аниж‑. Бел., укр. ганыш, аныш (з XVII ст.) < польск. anyż (Рудніцкі, 1, 25). Бел. аніс < рус. анис. Рус. форма, паводле Фасмера (1, 78), з н.-в.-ням. ці па версіі Гараева з французскай, што малаверагодна. У рускай пісьменнасці слова вядома з 1560 г., што дае магчымасць лічыць яго запазычаным непасрэдна з грэч. (Шанскі, 1, 4, 109), але супраць гэтага націск, які супадае з нямецкім. Назва яблыка аніс, анісаўка з рускай: анисовые яблоки — паволжскі гатунак яблык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *g​u̯ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *g​u̯i​u̯‑ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зака́ла ’помслівы чалавек’ (мядз., Нар. словатв.). Рус. дыял. зака́л ’чалавек, што крыўдзіць слабых’, пск. ’пятніца’, урал. ’зух’, польск. zakał ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’, zakała ’ганебная, кампраметуючая рэч’, укр. уст. дыял. зака́ла ’сорам’ (Жэлях.), рус. кастр. зака́ла ’неакуратнасць, нядбайнасць’. Ст.-польск. zakał (XIV ст.) ’пляма, бруд, загана’. Параўн. чэш., славац. zákal ’пакаламучанне вады, піва, віна’. Параўн. рус. арханг., алан. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’. Назва чалавека з адмоўнай характарыстыкай узыходзіць, відаць, як семантычны перанос да адмоўнай назвы рэчы. Можна меркаваць аб двух вытоках такога пераносу: хлеб з закальцам (закалам) ганьбіць гаспадыню, адкуль ідзе семантычны шлях: ’закалец у хлебе’ > ’нядбайнасць’ > ’ганебная рэч’, ’сорам’ > ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’ > ’кепскі чалавек’, у тым ліку ’помслівы’, ’п’яніца’ і г. д. ’Пакаламучанае віно’ > ’кепскае віно’ > ’кепская рэч’ > ’кепскі чалавек’. Адносна другога шляху важна ўлічыць адцягненае, пераноснае ўжыванне слова ўжо ў XIV ст. у ст.-польск., якое можа ўзыходзіць да ст.-чэш. (суч. чэш. zákal тлумачыцца як аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад zakaliti да кал ’бруд’, параўн. каламуціць). Гл. закалец. Рус. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’, ’зух’ можа быць непасрэдна ад закалять(ся) ’гартавацца, атрымліваць вопыт’ і хутчэй не звязана са словамі са знач. адмоўнай характарыстыкі чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здаро́вы, здароўе. Рус. здоро́вый, здоро́вье, укр. здоро́вий, здоро́вʼя, польск. zdrowy, zdrowie, серб.-луж. strowy, в.-луж. strowjo, н.-луж. strowje, уст. zdrowy, чэш., славац. zdravý, чэш. zdraví, славац. zdravie, славен. zdrav̀, zdrȃvje, серб.-харв. здра̏в, здра̑вље, балг. здрав, здра̀ве, макед. здрав, здравје. Ст.-слав. съдравъ, съдравие. Ст.-рус. здоровый, съдоровие, здоровье (1151 г.). Прасл. sъ‑dorv‑ъ, sъdorv‑ьje. У формах з пачатковым z‑ асіміляцыя па звонкасці пасля страты ъ; у формах з s‑, відаць, асіміляцыя па глухасці (магчыма, аднак, што тут іншы корань; гл. Фасмер, 3, 768). Элемент меў, паводле Бадуэна дэ Куртэнэ (Зб. Брукнеру, 221), суадносіны са ст.-інд. su ’добры’. Элемент dorv‑ < і.-е. *deru‑ ’дрэва’ (гл. дрэва), ’добры, здаровы, як дрэва’. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 82; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 12, 140; Скок, 3, 646; Покарны, 1, 216. Іншую этымалогію прапануе Ондруш, JČ, 9 (1958), 147–148: zdorv‑ < storv‑ < sorv‑ < *sol‑v‑ (лац. salvus ’здаровы’ і інш.). Гэту этымалогію прыняў у другім выданні Махэк₂, 713. Супраць яе Ваян, RÉS, 41 (1962), 169; Трубачоў, Дополн., 2, 91. Іншыя тлумачэнні ў Фасмера. Булахаў (Прыметнік, 3, 77–80) прасочвае развіццё якасных адценняў слова здаровы ў бел. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза 1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.

Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра- — прыйменная прыстаўка з градацыйным значэннем (гл. празелле, прарадзіма і пад). Агульнаславянскае, за выключэннем палаб. і н.-луж., параўн. рус., укр., ст.-рус., ст.-слав., балг., серб.-харв. пра‑, польск., чэш., славац., славен. pra‑. Прасл. *pra‑. Звязана чаргаваннем галосных з дзеяслоўнай прыстаўкай і прыназоўнікам *pro‑. Падаўжэнне галоснага адбылося, як мяркуе Сольмсен (KZ, 35, 468), на канцы слова па рытмічных прычынах. Роднаснае літ. prõ, прыназ., ст.-інд. prā‑ побач з prō‑, лац. prō ’перад’, ст.-в.-ням. fruo ’рана’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 400; Вальдэ-Гофман, 2, 364; Фасмер, 3, 351; ESSJ, 1, 205 і наст.).

Пра- — прыназоўнік і прыстаўка. Рус. про, про-, укр. про ’пра’, ст.-рус. про, про- ’дзеля’, ст.-слав. про‑, балг. про-, серб.-харв. про-, славен. pro‑, чэш. pro ’для’, pru‑. Праслав. pro, pro‑. Звязана аблаўтам з pra‑ (гл. папярэдні артыкул). Роднаснае ст.-прус. pra‑ ’цераз, для’, pra ’пра, пера-’, літ. pra‑ ’тс’, грэч. προ ’перад’, πρα‑, лац. pro‑ (prō), гоц. fra‑, нова-в.-ням. ver‑ ’пера-, за-’, ст.-інд. pra‑ ’перад, за-’ і г. д. (Траўтман, 229; Вальдэ-Гофман, 2, 364 і наст.; Фасмер, 3, 370; ESSJ, 1, 216 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыве́т ’зварот да блізкага пры сустрэчы’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ), пріве́тка ’прывітанне’ (Бяльк.), прывітанка ’тс’ (Нік. Очерки); сюды ж дзеясловы прыве́ціць ’прыязна, ласкава сустрэць каго-небудзь, аднесціся да каго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Ян.), прыве́ціцца ’прывітацца’ (чэрв., Сл. ПЗБ), прывіта́ць, прывіта́цца (Мік., Байк. і Некр., Пал., ТСБМ; воран., ашм., ігн., Сл. ПЗБ). Маючы на ўвазе ст.-слав., балг. і ст.-рус. формы, можна выказаць меркаванне аб працягу прасл. *privětiti > *privětъ, якое ў сваю чаргу з’яўляецца прэфіксальным утварэннем ад добра адлюстраванага ў славянскіх мовах прасл. *vět‑ (у другой ступені чаргавання — *vit‑). Укр. привіт ’прывітанне, вітанне’, привіта́ти ’прыняць каго-небудзь, павітацца з кім-небудзь’, привіта́тися ’павітацца’, привіта́ння ’прывітанне, вітанне’, рус. приве́т ’прывітанне’, приве́тить ’даць станоўчы адказ свату жаніха пры першым наведванні нявесты’, привита́тъ ’ветліва, ласкава адносіцца, звяртацца да каго-небудзь, берагчы каго-небудзь’, стараж.-рус. привитати ’знайсці прытулак’, привѣтъ ’вітанне, зварот; выслоўе, слова; намер’, польск. przywitać się ’прывітацца’, балг. привѐт, прѝвет ’прывітанне’, ст.-слав. привитати ’пасяліцца, знайсці прытулак’, ’намер, (добрая) задума’. Аб развіцці значэнняў лексем, звязаных з *vit‑/vět‑, падрабязней гл. Рудніцкі, 1, 400; ЭСБМ, 2, 165–166; гл. таксама Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569 (прасл. *privětъ выводзіцца з *privětiti); БЕР, 5, 701.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прышч 1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч 2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч 1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкі ’прыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́нь ’скураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)