Назві́ска ’прозвішча’ (астрав., Сцяшк., Сл.; лін., З нар. сл.), назвіска, назвісае ’найменне’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. назвиско (назвыско) ’імя, прозвішча, мянушка’, ’назва’ (1576 г.). Запазычана з польск. nazwisko (Булыка, Лекс. запазыч., 185), у значэнні ’прозвішча’ стабілізавалася, паводле Матушэўскага (Rozpr. Kom. Językowej Zódzkiego Tow. Nauk., 21, 83–99), толькі ў XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́хта1 ’прыслужнік, вучань повара’ (Нас., Яруш.). Запазычанне з польск. kuchta ’тс’ (гл. Слаўскі, 3, 307–308).

Ку́хта2 ’прайдзісветка, асоба лёгкіх паводзін’ (Нар. словатв.). Параўн. польск. kuchta ў значэнні ’служанка’. Відаць, беларускае слова ўзнікла пад семантычным уплывам польск. kokota ’асоба лёгкіх паводзін’.

Ку́хта3 ’бядняк’ (Рам.). Да кухта2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кірава́ць ’рэгуляваць рух, работу’, ’быць на чале чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Шат., Касп., Мал., ТС, Гарэц., Сержп. Пр., Яруш., Сцяшк.). Укр. керувати ’тс’. Запазычанні з польск. kierować ’тс’, якое ў сваю чаргу з ням. kehren у тым жа значэнні (Слаўскі, 2, 156; ЕСУМ, 2, 426; Кюнэ, Poln., 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́знак ’прымета’ (ТС, Скарбы). Відаць, як і чэш. příznak, балг. прѝзнак ’тс’ запазычана з рус. при́знак, што, у сваю чаргу, з ц.-слав. признакъ ’паметка, заўвага’, параўн. БЕР, 5, 711. Не выключае, аднак, і самастойнае развіццё ад прызначыць ’пазначыць’, (гл.), асабліва ў значэнні ’метка, адзнака’, параўн. зна́чыць і знакова́ць ’меціць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустабя́ка ’пусты чалавек, што робіць пустое і гаворыць пустое’ (Варл.), пустабека ’пусты чалавек’ (лаг., Стан.), укр. пустобʼяка ’пусты, разбэшчаны чалавек’, рус. пустобяка ’той, хто гаворыць пустое’. Да пусты ў значэнні ’несур’ёзны, легкадумны’ і бяка ’дрэнь’ або вякаць (бекаць) ’плявузгаць, балбатаць’. Інакш ЕСУМ (4, 639–640): з рус. вякаць ’плясці, плявузгаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пір: пі́р гарою ’вялікая гулянка’, ’вялікі беспарадак’ (Юрч. Фраз. 2). Магчыма, праз рус. пир < прасл. *pirъ: стараж.-рус. пиръ, ст.-слав. пиръ, балг. пир, серб.-харв. пир, славен. pir. Першапачаткова таксама і ў значэнні ’вяселле’, выціснутае царкоўнаславянскім бракъ, гл. Машынскі, Etym. Brun., 1, 87 < *piti, гл. піць (Фасмер, 3, 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расквялі́ць, росквелі́ть ’раздражняць (рану)’, таксама з далейшым фанетычным развіццём кв‑цв‑: расцвялі́ць, расцве́ліць, расцвілі́ць, росцвілі́ць ’тс’ (мазыр., лельч., лях., петрык., валож., стол., ЛА, 3). Параўн. рус. расквели́ть — ’давесці дзіця да плачу’. Да квяліць, цвяліць (гл.), але прыведзеныя тут значэнні ’дражніць, крыўдзіць’ з’яўляюцца, як падаецца, другаснымі. Сюды ж раскве́ліць ’разжаліць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стано́г ‘жывёліна Oniscus muratius’ (Некр. і Байк.), ‘мнаганожка’ (ЛА, 4), стоно́га, стано́жка ‘тс’ (ЛП, Пятк. 2, Шатал., ЛА, 4), стоно́г ‘макрыца’ (ПСл), стоно́га ‘тс’ (Сл. Брэс.), станогі (сто‑ноги) мн. л. ‘тс’ (Меер Крыч.). Параўн. укр. сто́нга, стоно́га ‘тс’. Кампазіт на базе сто (тут у значэнні ‘шмат’) і нага́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЗІ́НКІ ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЯЎ,

фізічныя велічыні, якім паводле вызначэння прысвоена лікавае значэнне, роўнае адзінцы. Перадаюцца мерамі і захоўваюцца ў выглядзе эталонаў.

Гістарычна першымі з’явіліся адзінкі фізічных велічыняў для вымярэння даўжыні, масы (вагі), часу, плошчы, аб’ёму. Выбраныя адвольна, яны садзейнічалі ўзнікненню ў розных краінах аднолькавых па назве і розных па памеры адзінак (напр., аршын, валока, гарнец, пуд, фут, цаля і інш.). Развіццё навукі і тэхнікі, эканам. сувязяў паміж краінамі патрабавала уніфікацыі адзінак. У 18 ст. ў Францыі прынята метрычная сістэма мер, на яе аснове пабудаваны метрычныя сістэмы адзінак. Упарадкаванне адзінак фізічных велічыняў праведзена на аснове Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Даўнія меры і адзінкі фізічных велічыняў вывучае метралогія гістарычная.

Адзінкі фізічных велічыняў падзяляюцца на сістэмныя, што ўваходзяць у пэўную сістэму адзінак, і пазасістэмныя адзінкі. Сярод сістэмных адрозніваюць асноўныя, якія выбіраюцца адвольна (напр., ампер, секунда і інш.), вытворныя, што ўтвараюцца пры дапамозе ўраўненняў сувязі паміж фізічнымі велічынямі (напр., метр у секунду, кілаграм на кубічны метр і інш.), і дадатковыя (напр., радыян). У СІ 17 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Вельмі вял. ці малыя лікавыя значэнні фіз. велічыняў для зручнасці перадаюць кратнымі адзінкамі і дольнымі адзінкамі.

Літ.:

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Слов.-справ. М., 1990;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)