ка́са, ‑ы, ж.

1. Аддзяленне ва ўстановах, прадпрыемствах для прыёму, зберажэння і выдачы грошай і грашовых папер, а таксама памяшканне, дзе знаходзіцца гэта аддзяленне. Білетная каса. Магазінная каса. Разлічыцца ў касе. // Розныя крэдытныя ўстановы, арганізацыі, якія займаюцца галоўным чынам прыёмам і выдачай грошай. Ашчадная каса.

2. Скрынка, шафа для захоўвання грошай, каштоўных папер і інш. Дастаць грошы з касы. // Апарат для збору выручкі на гарадскім транспарце, які працуе без кандуктараў.

3. Наяўныя грошы ўстановы, прадпрыемства. Прыняць касу. □ Сёлета за садавіну і лён паклалі панежычане ў калгасную касу ні мала, ні многа, а кругленькую суму — мільён рублёў! Краўчанка.

4. У друкарскай справе — скрынка, раздзеленая на ячэйкі, са шрыфтам для набору. Наборчая каса.

•••

Каса ўзаемадапамогі — добраахвотнае аб’яднанне членаў прафсаюза на прадпрыемстве, ва ўстанове і інш. для ўзаемнай матэрыяльнай дапамогі.

[Іт. cassa.]

каса́ 1, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Доўгія заплеценыя валасы. Насіць косы. Заплятаць косы. □ Аж да пят тугія косы ў дзяўчыны той дзівоснай. Дубоўка. Каса — дзявочая краса. З нар.

каса́ 2, ‑ы; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Ручная сельскагаспадарчая прылада, якая складаецца з доўгага загнутага ляза, насаджанага на касільна, і служыць для зразання травы, збожжа і інш. Каса не косіць — каса брые.., Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. Каса роўна і гладка хадзіла ў Цімохавых руках, выядала траву да голай зямлі. Капыловіч.

•••

Ісці ў касе гл. ісці.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Хоць касою касі гл. касіць ​1.

каса́ 3, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

1. Доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага; мыс. Пасоўваючыся ўніз па плыні, мы абмінулі вялікую пясчаную касу паміж асноўным рэчышчам і рукавом. В. Вольскі.

2. Вузкая паласа чаго‑н. [Партызаны] прайшлі просеку і, абмінуўшы невялічкі палетак, без развагі падаліся далей, да лясной касы. М. Ткачоў.

каса́ 4, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Разм. Селязёнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ж 1, нескл., н.

1. Восьмая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «жэ». Друкаванае ж. Курсіўнае ж.

2. Звонкі, шыпячы, зацвярдзелы зычны гук. Зацвярдзелае ж. Звонкае ж.

ж 2, (пасля зычных) жа ​1, злучн.

1. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі супрацьпастаўлення, супастаўлення і неадпаведнасці. Звычайна ў гакі ясны летні вечар усюды.. гуляюць дзеці, усюды іх смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было; і ад гэтага рабілася жудасна. Шамякін. [Маці і каханая] сваімі думкамі праводзілі .. [Рыгора] ў далёкую дарогу, сваімі ж сумненнямі выказвалі баязлівасць, каб гэтыя праводзіны не былі апошнімі. Гартны. Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, — яны ж мне каменні давалі. Багдановіч.

2. далучальны. Ужываецца для далучэння сказаў з паведамленнем дадатковага або тлумачальнага характару. Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры тры-чатыры. Колас.

ж 3, (пасля зычных) жа ​2, часціца.

1. узмацняльная. Ужываецца для ўзмацнення значэння папярэдняга слова або сэнсу таго, што выказваецца (пытання, сцвярджэння, наказу, ступені інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або пачуцця і пад.). Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Мележ. Слаў жа ты, песня, дзень радасны свята. Танк. А коні бягуць — падганяць не трэба — дарога чыстая, дарога слізкая, чаму ж не бегчы. Лынькоў. Нейкі час Васілька стаяў і баяўся зварухнуцца, — надта ж незвычайна было ўсё ў гэтай хаце. Крапіва.

2. Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў пры супастаўленні, параўнанні, каб падкрэсліць падабенства, супадзенне, аднолькавасць. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць развіццё, засяроджана дзеі ў адным месцы, часе. На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. Колас. Як толькі Грамадой пачуў пра гэта, у той жа дзень склікана была сямейная нарада, на якую запрасілі і свата — Андрэя Каржакевіча. Крапіва. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць нязменнасць, пастаянства. У шуме любой ракіты, Здавалася мне, напевы Адны і тыя ж гучаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паласа́, ‑ы; мн. палосы, палос і палосаў; ж.

1. Тонкі доўгі кавалак якога‑н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.). Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі. Гартны. Там было поле са старой прысадзістай арабінай, у якой была адарвана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. Чорны.

2. Доўгая, параўнальна вузкая частка якой‑н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым‑н. Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла паласа берага. Мележ. Уздоўж лесу вузкай паласой цягнецца гнілое балота. Гамолка. / Аб чым‑н. такім, што набыло выцягнутую прадаўгаватую форму. Закурылі. У шызых палосах дыму .. лямпа гойдалася, як на хвалях. М. Стральцоў. // Доўгая вузкая рыса, лінія. На кошыку была шырокая рознакаляровая паласа. Мяжэвіч. Праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйду. Лынькоў. // Вузкі, доўгі след ад чаго‑н. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

3. Раён, пояс, зона, якія адрозніваюцца ад суседніх з імі раёнаў, паясоў, зон. Чарназёмная паласа. Паласа стэпаў. □ Хто з вас з сярэдняй паласы, той ведае апошнія зімовыя завірухі. Шамякін. // Участак, тэрыторыя, дзе што‑н. адбываецца, якія ахоплены чым‑н. у адрозненне ад акаляючай мясцовасці. Прыфрантавая паласа. Пагранічная паласа. □ Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Чорны. [Васіль і Аксана] трапілі ў паласу абстрэлу... Кавалёў.

4. Нешырокі ўчастак ворнай зямлі. Раней кожны з нас паасобку калупаўся на сваёй паласе. Брыль.

5. перан. Прамежак часу, перыяд, які адрозніваецца чым‑н. ад папярэдняга і наступнага. [Валя] была ўзбуджана сваімі маладымі гадамі, пачаткам новай паласы ў сваім жыцці. Чорны. // Перыяд у настроі, унутраным стане чалавека. Мастак.. перажыў паласу змрочнага адчаю. «Беларусь».

6. Набраная або аддрукаваная старонка газеты, кнігі, часопіса. Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа. Хадкевіч.

•••

Паласа адчужэння — участак пэўнай шырыні ўздоўж чыгункі або шашы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дарожных упраўленняў.

Узлётна-пасадачная паласа (на аэрадромах) — доўгі ўчастак пэўнай шырыні, дзе адбываецца ўзлёт і пасадка самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

план, ‑а, м.

1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў. Багун.

2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася. Шамякін.

3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў.

4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока. Шахавец.

5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы. Ліс. // перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну. Сабаленка. [Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Крапіва. На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы. «Полымя».

6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца. «Беларусь». Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы. «ЛіМ».

7. Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Васілёнак. Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны. Лойка.

•••

Адысці на задні план гл. адысці.

[Ад лац. planum — плоскасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ўны, ‑ая, ‑ае; повен, поўна.

1. Напоўнены да самага верху, да самых берагоў. — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны. Даніленка. Па дарозе .. [Сцяпана Карпавіча] дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Капусцін. // Які змясціў у сабе найбольшую магчымую колькасць каго‑, чаго‑н. Назаўтра ў нас была поўная хата людзей. Дамашэвіч. // Які ўмясціў у сябе многа каго‑, чаго‑н. Шумелі сады, поўныя вясёлых птушак. Якімовіч. Цёпла там і там прастор, Небасхіл там повен зор. Чарот.

2. перан.; чаго, чым. Цалкам ахоплены чым‑н., прасякнуты чым‑н. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. // Які яскрава выяўляе пачуццё, перажыванне (пра вочы, погляд і пад.). Твары дзявочыя, поўныя ласкі, Ўдаль пазіралі, дзе постаць была. Гурло. [Міхасёвы] круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.. Колас.

3. Які праяўляецца не часткова, а поўнасцю. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны. Чорны. // Нічым не абмежаваны. [Таццяна:] — Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня. Зарэцкі.

4. Які дасягнуў адпаведнай нормы. Поўных васемнаццаць год. // Ва ўсім аб’ёме, увесь. Поўны збор твораў. // Завершаны, даведзены да канца. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Лынькоў. // Вычарпальны. Поўныя звесткі.

5. Які дасягнуў найвышэйшага развіцця, граніцы. Да наступлення поўнай цемры мы прайшлі возера і дабраліся да крутога лясістага берага. Шамякін. // Найвышэйшы, максімальны (пра хуткасць, сілу і пад.). Шафёр ўключыў поўную скорасць. Якімовіч. // Не прыглушаны, на ўсю сілу (пра голас, гук і пад.). І раптам: і свіст і крыкі. Здаецца, сама ноч загалёкала на ўсё поўнае горла. Баранавых.

6. У меру тоўсты, сыты. З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам, а потым і з той поўнай нізенькай жанчынай. Васілевіч. / Пра часткі цела, твару. Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

•••

Поўны месяц гл. месяц.

Поўныя прыметнікі гл. прыметнік.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

На поўным газе гл. газ.

На поўны рот гл. рот.

Поўнай жменяй гл. жменя.

Поўнаю мераю (плаціць) гл. мера.

Поўная чаша гл. чаша.

Поўны кораб гл. кораб.

Пры поўнай амуніцыі гл. амуніцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саўлада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. — Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўлада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)