паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.

2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.

3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.

4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.

5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Разм.

1. Папасці, пацэліць. Агата, як ўтрапёная, бегала па хаце, нацягвала на сябе кофту, але не магла патрапіць у рукавы. Сабаленка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

2. Апынуцца дзе‑н., трапіць куды‑н. Калі каму трэба патрапіць на самы бераг да рачных трамваяў, трэба пераходзіць па спецыяльных жалезных мастках, перакінутых праз вуліцу. Лынькоў. — Ну і дзіва! Як гэта ты [Анэтка] патрапіла да нас? Хадкевіч.

3. Дагадзіць, унаравіць каму‑н. — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. — Можа, не патраплю я вам? Скрыган. [Чарнавус:] — Я так і на сходзе сказаў: старасць! Не магу я ўжо цяпер паспець усюды, патрапіць усім... Кулакоўскі.

4. Змагчы, здолець зрабіць што‑н., даказаць што‑н. Я б патрапіў сказаць, Што і я чалавек, Што і мне гараваць Надаела ўвесь век. Купала. Путрамант падкрэслівае, што Танк першы ў заходнебеларускай літаратуры патрапіў глыбока ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасці. Шырма. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ. Колас. [Раіна:] «Заруба маніць вам, Бо толькі я патраплю адшукаць Дарогу ў лагер, ведаючы там І дрэва кожнае і кожны пень». Танк.

•••

Патрапіць у тон (пад густ) — сказаць ці зрабіць што‑н. дарэчы, прыемнае каму‑н. Анатоль адказваў скупа, быццам баяўся не патрапіць .. [Рыгору] у тон. Асіпенка. Захоча Богут, зробіць ласку, Адно патрап яму пад густ. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Зрабіць нанава, іначай што‑н. зробленае. — Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. Знайдзі мне ў цэху такога спецыяліста, які б не папраўляў пасля кантралёраў! Ну, хутчэй называй! А яны самі перарабілі, да праверкі... Мыслівец. // Апрацоўваючы дадаткова, унесці якія‑н. змены. Перарабіць канцоўку п’есы. Перарабіць артыкул. □ Майстру жыць не даў, пакуль той не перарабіў каласнікоў у топцы на пад’ёмныя. Шынклер. // на што, у што. Зрабіць з чаго‑н. аднаго нешта іншае. Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Шамякін. Тых, хто войнамі шчасце скаваў, Даканаем... Пераробім у трактар свой танк баявы... Куляшоў. Сяргей быў добры майстра і паспеў перарабіць ужо сваю шматзарадку на аўтамат. Няхай. Багацце нявесты на шчасце не пераробіш. Прыказка.

2. перан.; што. Змяніць карэнным чынам, пераўтварыць што‑н. — Для мяне стала ясна, што толькі рабочы клас, кіруемы бальшавікамі, здольны перарабіць свет на новы лад. Гурскі. // каго-што. Прымусіць змяніцца, стаць іншым. Перарабіць характар. □ Не, бацька, цяпер не тое. Можа, гэтак калісь было, а рэвалюцыя мужыка перарабіла. Галавач.

3. Папрацаваць больш, чым трэба. Перарабіць дзве гадзіны.

4. Разм. Працуючы вельмі многа, ператаміцца.

5. што. Зрабіць, нарабіць усё, многае. Панскай работы — у гэтым я паспеў ужо добра пераканацца, — як ні старайся, як ні шчыруй, усё адно не пераробіш. Сачанка. — І твае і мае рукі шмат перарабілі работы. Паслядовіч.

6. што і чаго. Разм. Зазнаць усялякай працы, нарабіцца. Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́цца, раблюся, робішся, робіцца; незак.

1. (часцей ужываецца як звязка ў састаўным іменным выказніку). Станавіцца, прыходзіць да якога‑н. стану. Рабіцца вясёлым. □ Чалавек не нараджаецца майстрам, ён ім робіцца ў час працы. Мяжэвіч. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і.. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. Чым больш піла ўядалася ў дрэва, чым больш.. [Гушку] ўсё цяжэй рабілася пілаваць аднаму, тым спакайнейшы ён рабіўся. Чорны. / у безас. ужыв. Рабілася цёпла. □ Калі таялі рэшткі сіл І рабілася цёмна ўваччу — Песня сілы вяртала ўсім. Гілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адбывацца; тварыцца, чыніцца. На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам. Лынькоў. Сын .. нічога не адказаў, а пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Чорны. [Наталля:] — Не ведаю, што робіцца са мною, Алеся. То мне здаецца, што ў нас адно толькі жарты былі, то часамі так заходзіцца сэрца, што месца сабе не знаходжу. Скрыган. // Выконвацца, ажыццяўляцца. [Гаварушка] умеў адразу ўключыцца. У яго ўсё рабілася бягом. Лобан. Сын дырэктара буйнога крупаўскага завода, ён ніколі ні аб чым не турбаваўся.. Усё рабілася само сабой, дзякуючы грошам і імю. Шамякін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Утварацца, паяўляцца. Калі.. [Зіна] ўсміхалася, на шчоках рабіліся ямачкі. Новікаў. // Вырабляцца з чаго‑н. Цэгла робіцца з гліны. □ Раскопкі сведчылі, што ў Друцку не раз бушавалі вялікія пажары. Гэта было звычайнай з’явай — усё ж пабудовы рабіліся з дрэва. Штыхаў.

4. Зал. да рабіць.

•••

Што яму (табе, мне і г. д.) робіцца — нічога з ім (табой, мной і г. д.) не здараецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́жыць 1, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Раздзяліць на часткі з дапамогай вагаў. Разважыць цукар.

разва́жыць 2, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Разабраўшы абставіны, супаставіўшы факты, прыняць рашэнне ў якой‑н. справе. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Лужанін. Разважыла нас, як кажуць, вышэйшая інстанцыя: на рэспубліканскім аглядзе «Лядкоўская кадрыля» была адзначана як арыгінальны .. нумар. Сабаленка.

2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, вырашыць. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз. Крапіва. — Да світання туды не дабяжыш, — разважыла Зіна. — Хадзем лепш у бліжэйшую вёску і возьмем каня! Карпюк.

3. Падумаць над чым‑н., абдумаць што‑н. Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. Шамякін. Вы, што праходзіце няўзнак каля звычайнай хвойнай дошкі, спыніце на хвіліну шаг, зірніце ды разважце трошкі. Дудар.

разва́жыць 3, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Рассеяць, развеяць (непрыемнае пачуццё, гора і пад.). [Андрэю] было шкада дзяўчыны, і ён не ведаў, чым разважыць яе смутак. Сапрыка.

2. Супакоіць, адцягнуць ад якіх‑н. непрыемных пачуццяў, перажыванняў, займаючы каго‑н. размовамі, справамі і інш. Цяпер ужо Белы стараўся разважыць Максіма, па-мядзведжы тупаў ля яго, няўмела расказваў смешныя гісторыі. Машара. Людміла хоча разважыць яе, хоча, каб Рая менш думала пра сваю бяду, пра тое страшнае, што перажыла, каб прывыкала жыць такой, якая яна цяпер. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)