рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл.бас. 1330 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс.км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі са снеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс.м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ПУЦЬ,
рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал.снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА ЦЕЛ ПЕРАМЕ́ННАЙ МА́СЫ,
раздзел механікі, што вывучае рух цел, маса якіх змяняецца ў працэсе руху; тэарэт. аснова рашэння многіх задач авіяц. і ракетнай тэхнікі, а таксама тэарэт. і нябеснай механікі, касманаўтыкі і інш. Асноватворныя даследаванні па гэтых праблемах належаць І.У.Мяшчэрскаму і К.Э.Цыялкоўскаму.
Змена масы цела адбываецца пры аддзяленні (адкідванні) часцінак рэчыва (напр., згарэлага паліва) або пры далучэнні (наліпанні) часцінак (напр., пры ўсмоктванні паветра рэактыўным рухавіком самалёта, наліпанні касм. пылу на метэарыт). Дыферэнцыяльнае ўраўненне руху цела (матэрыяльнага пункта) пераменнай масы m, выведзенае Мяшчэрскім (1904):
дзе — скорасць цела; t — час; — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл; і — адносныя скорасці часцінак, якія аддзяляюцца і далучаюцца; і — секундны расход і прыход масы адпаведна. Аддзяленне часцінак абумоўлівае рэактыўную цягу
, а далучэнне — тармазную сілу
. Аналагічнае ўраўненне пры ўмове
атрымана Мяшчэрскім у 1897.
Літ.:
Мещерский И.В. Работы по механике тел переменной массы. 2 изд. М., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РА,
рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс.км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ, Рос, Роса,
рака ў Свіслацкім, Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 99 км, пл. вадазбору 1250 км². Пачынаецца ў забалочанай мясцовасці за 2 км на З ад в. Лозы Свіслацкага р-на, вусце за 1,8 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Цячэ пераважна з Пд на Пн у межах Ваўкавыскага ўзв., у нізоўі па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Харужаўка, Ваўкавыя, Плішча (справа), Свянціца, Нятупа, Вехатнянка, Ваўпянка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—2,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, забалочаная, слабаперасечаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 3 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Каля в. Лічыцы і г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на падзяляецца на 2 рукавы, якія ўтвараюць астравы даўж. 1,5 і 3,5 км. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,5—1,5 м. Жыўленне мяшанае. На перыяд веснавога разводдзя працягласцю да 45 сут (крас. — сярэдзіна мая) прыпадае каля 45% гадавога сцёку, выш. падняцця ўзроўню вады 1,5 м. Летне-асенняя і зімовая межані парушаюцца паводкамі ад дажджоў і адліг. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. На рацэ вадасх. Воўпаўскае, г. Ваўкавыск, г.п. Краснасельскі, Рось, Поразава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСА́,
рака ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 75 км, пл. вадазбору 665 км². У сярэднім цячэнні наз. канал Шубіна, у ніжнім — канал Шубіна-Нёманскі. Пачынаецца за 1 км на У ад в. Таўканы Валожынскага р-на, цячэ па паўд.-зах. схілах Мінскага ўзв., Верхнянёманскай нізіне, Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Нёман за 2 км на ПнУ ад г.п. Любча Навагрудскага р-на. Асн. прытокі: Шура, канал Каменка (злева), Быстрая, Замянка (справа). Даліна парэзана ярамі і лагчынамі, у верхнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—1 км, у Стаўбцоўскім р-не каля в. Драздоўшчына пашыраецца да 1,5 км, каля в. Пільніца звужаецца да 200 м. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 10—15 м. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні двухбаковая (шыр. 100—200 м), у вярхоўі і ў межах Шубіна-Нёманскага канала забалочаная, куп’істая, на астатнім працягу роўная, сухая, перасечана ручаямі і меліярац. каналамі. Рэчышча (шыр. 8—10 м) на працягу 20 км перад вусцем каналізаванае. Ледастаў ад ліст.—снеж. да сак.—красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На вадазборы У. біял. заказнік Налібоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСВЯ́ЧА,
рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Віцебскай вобл. Беларусі, правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 31 км), пл. вадазбору 2340 км². Выцякае з воз. Ардосна каля в. Шастакова Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв., праз азёры Сарочына і Усвяцкае. Вусце за 3 км на ПнУ ад г.п. Сураж Віцебскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі — Аўсянка і Рудня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ад 50 м да 3 км, пераважная шыр. 300—800 м. Схілы на вял. працягу спадзістыя, выш. 5—10 м, радзей стромкія і абрывістыя, выш. да 30 м. Трапляюцца выхады грунтавых вод. Пойма двухбаковая, часта чаргуецца па берагах, шыр. 200—300 м, у вытокавай ч. 2,5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. 1—2 м, у высокае разводдзе да 4 м. Рэчышча слабазвілістае і звілістае, неразгалінаванае, у сярэднім цячэнні трапляюцца валуны. Берагі ў верхнім цячэнні нізкія, спадзістыя, месцамі зліваюцца з забалочанай поймай, у ніжнім — сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Ледастаў ад канца ліст. да канца сак. (больш за 130 сут). Працягласць веснавога разводдзя да 65 сут, на гэты перыяд прыпадае 62% гадавога сцёку. Летняя межань настае ў пач.чэрв., часам перарываецца дажджавымі паводкамі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 15,9 м³/с. У. — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІВУ́Н,
1) службовая асоба дваровай адміністрацыі ў Кіеўскай Русі, якая кіравала гасп. справамі і ажыццяўляла суд па цывільных справах. З «Рускай праўды» вядомы Ц. вогнішчавы, канюшы, сельскі, ратайны.
2) У ВКЛ кіраўнік феад. двара-маёнтка. У 15 ст. Ц. прызначаў вял. князь для кіраўніцтва велікакняжацкімі дварамі з валасцямі, якія не былі судова-адм. адзінкамі. У іх кампетэнцыю ўваходзіла вядзенне дваровай гаспадаркі, збор даніны і інш. павіннасцей з валаснога насельніцтва, а таксама суд над ім (мясц. шляхта не падлягала юрысдыкцыі Ц.). З пач. 16 ст. такія Ц. пачалі звацца дзяржаўцамі. Старая назва захавалася толькі за Ц. віленскім, троцкім і жамойцкім.
3) У ВКЛ Ц. (гуменнікі) — катэгорыя сялян-слуг (гл.Слугі), якія загадвалі вядзеннем панскай дваровай гаспадаркі. Яны адказвалі за зберажэнне і расход збожжа, гадоўлю пры двары жывёлы і інш. Як прадстаўнік уласнага маёнтка Ц. прысутнічаў на судзе трымальніка ўладання, судзіў простых людзей, сачыў за працай сялян у маёнтку і інш. Ц. з сялян, чэлядзі дваровай, часам са шляхты прызначаў уласнік маёнтка (ці яго прадстаўнік). За выкананне абавязкаў Ц. даваўся вольны ад павіннасцей надзел зямлі або яго надзел вызваляўся ад інш. павіннасцей. Акрамя гэтага, у 17—18 ст. Ц. атрымліваў грашовае і натуральнае ўтрыманне або толькі натуральнае ўтрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ, Ганга,
рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).