УСА́,

рака ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 75 км, пл. вадазбору 665 км². У сярэднім цячэнні наз. канал Шубіна, у ніжнім — канал Шубіна-Нёманскі. Пачынаецца за 1 км на У ад в. Таўканы Валожынскага р-на, цячэ па паўд.-зах. схілах Мінскага ўзв., Верхнянёманскай нізіне, Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Нёман за 2 км на ПнУ ад г.п. Любча Навагрудскага р-на. Асн. прытокі: Шура, канал Каменка (злева), Быстрая, Замянка (справа). Даліна парэзана ярамі і лагчынамі, у верхнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—1 км, у Стаўбцоўскім р-не каля в. Драздоўшчына пашыраецца да 1,5 км, каля в. Пільніца звужаецца да 200 м. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 10—15 м. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні двухбаковая (шыр. 100—200 м), у вярхоўі і ў межах Шубіна-Нёманскага канала забалочаная, куп’істая, на астатнім працягу роўная, сухая, перасечана ручаямі і меліярац. каналамі. Рэчышча (шыр. 8—10 м) на працягу 20 км перад вусцем каналізаванае. Ледастаў ад ліст.—снеж. да сак.—красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На вадазборы У. біял. заказнік Налібоцкі.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)