ГАНГ,
Ганга, рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).
т. 5, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)