бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Георгій Лявонцьевіч) (3.5.1918, в. Прыганка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 9.8.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Вучыўся ў Новасібірскім пед. ін-це (1940—41). З 1946 ваен. журналіст, у газ. «Калгасная праўда», з 1959 адказны сакратар, у 1966—78 намеснік гал. рэдактара час. «Нёман». Друкаваўся з 1943. Пісаў на рус. мове. Першы зб. апавяданняў — «У родным палку» (1956). Асн. тэма кніг апавяданняў «Паводка» (1958), «Гусі-лебедзі» (1968), апавяданняў і аповесцей «Паездка ў Трасцёну» (1977), «Памяць» (1978), аповесцей «За трыдзевяць планет» (1976), «Першае лета» (1985) і інш. — жыццё вёскі і горада, маральна-этычныя праблемы. Аповесці, што ўвайшлі ў трыпціх «На тым, на волжскім беразе» (1986) пра падзеі Вял.Айч. вайны. На рус. мову пераклаў асобныя творы М.Багдановіча, Я.Брыля, З.Бядулі, Я.Коласа, Б.Мікуліча, А.Савіцкага і інш.
Тв.:
В шести часах на автобусе: Рассказы и повести. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны гаспадарчы суб’ект з правамі юрыд. асобы, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці вырабляе і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы, аказвае паслугі. Мае права займацца любой гасп. дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, прадугледжаным у статуце П. Мае самаст. баланс, разліковы і інш. рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць П. дзяржаўныя, камунальныя, калектыўныя, індывідуальныя (сямейныя, прыватныя). Дзярж. П. ствараюцца за кошт бюджэтных асігнаванняў або ўкладаў інш.дзярж. устаноў, атрыманых даходаў і інш. крыніц. Маёмасць камунальных П. ствараецца за кошт асігнаванняў са сродкаў адпаведнага мясц. бюджэту або з укладаў інш. камунальных П. і інш. законных крыніц, што знаходзяцца ва ўласнасці раёна, інш.адм.-тэр. утварэнняў, органаў мясц. самакіравання. Калект. і індывід. П. фарміруюцца з маёмасці калектываў, сем’яў, грамадзян або ў выніку набыцця імі дзярж. або камунальнага П. Ва ўмовах пераходу да рынку адначасова з пашырэннем самастойнасці дзеючых П. узнікла мэтазгоднасць стварэння новых форм эканам. інтэграцыі — асацыяцыі, біржы, кансорцыумы, канцэрны, таварыствы, прадпрыемствы сумесныя і малыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНА (дзявочае Падрамянцова) Марыя Гаўрылаўна
(11.4.1854, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 21.9.1915),
расійская актрыса. Як праф. актрыса дэбютавала ў 1869 у Мінску (Полінька — «Даходнае месца» А.Астроўскага). З 1870 працавала ў Харкаве, Ноўгарадзе, з 1872 — у трупе акцёра П.Мядзведзева ў Казані, Саратаве, Арле. Выступала ў вадэвілях, аперэтах, лёгкіх камедыях. З 1874 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Была лепшай выканаўцай ролі Мар’і Антонаўны за ўсю сцэн. гісторыю «Рэвізора» М.Гогаля. Яе ігра адметная маст. завершанасцю, лаканізмам і выразнасцю дэталей. Сярод роляў: Паліксена, Вара, Надзя, Вера Піліпаўна («Праўда — добра, а шчасце лепш», «Дзікунка», «Выхаванка», «Сэрца не камень» Астроўскага), Акуліна («Улада цемры» Л.Талстога), Верачка, Наталля Пятроўна («Месяц у вёсцы» І.Тургенева). Гастролі С. у Берліне (1899) садзейнічалі папулярызацыі рус. акцёрскага мастацтва за мяжой. Адзін з арганізатараў і старшыня Рус.тэатр.т-ва. Заснавальніца прытулку для састарэлых артыстаў (1896, цяпер Дом ветэранаў сцэны імя С. у С.-Пецярбургу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНКО́Ў (Віктар Іванавіч) (н. 26.12.1925, в. Гімбатаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. прававед. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980), д-рюрыд.н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў Мінскі юрыд.ін-т (1954). Працаваў нар. суддзёй Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. (1954—58). З 1961 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (з 1983 нам. дырэктара). У 1996—97 нач.гал. ўпраўлення па рабоце з органамі заканад. і суд. улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 заг. аддзела Ін-та дзяржавы і права Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах прац. права і заканадаўства аб ахове працы, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.
Тв.:
Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;
Охрана труда в СССР. 2 изд. Мн. 1976;
Законодательство о труде: Юридич. справ. Мн., 1991 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,
выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ваЦККПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у т. л.газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн.экз. брашур.
У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНКЗах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ваЦККПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс.экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы зтэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв.за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы змясц. насельніцтвам, барацьбу зпартыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі зБССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага зтэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАКзграмадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр.мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш.З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.