Немярэ́ча (німяреча) ’непраходнае балота’ (Яруш.), не́мярэч (немеречь) ’непраходнае месца ў лесе; балоцістае месца сярод лесу, заваленае ламаччам’ (Нас.), не́мерача, не́міріч, німярэ́ч, німярэ́чча ’непралазныя зараслі ў лесе’ (Бяльк.), німярэ́ч ’нетры’ (Яруш.), немарэ́ча ’гушчар лесу’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна звязана з мярэ́ча ’непраходнае балота, багна; нетры’ (гл.), з якім можа выступаць як сінонім, параўн. нимяреча, мяреча ’балота’ (Максимов, Смол.); для этымалогіі слова паказальна смал. немере́чча ’непраходнае месца ў лесе’ і ’дрэннае надвор’е’ (Дабр.), што дазваляе звязаць яго з мо́рак ’змрок’ з іншай ступенню вакалізму (Талстой, Геогр., 187–188), параўн. немарач (гл.). Пачатковае не- тлумачыцца як паказчык адмоўнай прыкметы (Талстой, там жа) або як словаўтваральны элемент ці «пусты» прэфікс, параўн. рус. не́клен ’чарнаклён’ і пад. (Фасмер, 3, 60; 2, 447).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лохнуць 1 ’прагнуць’ (стаўб., Сл. бел. нар. фраз.; Жд. 2). Прасл. loknǫti — дзеяслоў закончанага трывання ад lokati ’хлябтаць’, параўн. бел. локаць ’піць’ (Нас.). Этымалогію гл. лакта́ць. Параўн. таксама Слаўскі (5, 151–153, 160). Куркіна (Этимология–72, 75) супастаўляе славен. lohnẹ́ti ’адчуваць, імкнуцца, патрабаваць’ са славац. lochať ’хлябтаць’, láchať ’хацець, піць’, укр. лохати(ся) ’адчуваць голад’ і зводзіць іх (і іншыя) да асноў: lox‑/las‑/laš‑. Сюды яна адносіць і ўкр. ло́хнути ’быць у адчаі’, ’сумаваць’, параўн. наступнае слова.
*Лохнуць 2, лохнути ’сумаваць, трывожыцца’ (Бес.), рус. гло́хнуць ’сумаваць, быць у адзіноце’, польск. głuchnąć ’сціхаць, замаўкаць’, балг. глъ́хна ’сціхаць’, ’заглушацца пустазеллем (аб расліне)’, глʼкна ’перастаць плакаць, страціўшы голас’. Прасл. gluxnǫti/glъxnǫti (Трубачоў, Эт. сл., 6, 145 і 157). Да глухі (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Панёва ’спадніца з некалькіх нясшытых удаўжыню полак’ (Нас.), ’суконная саматканая спадніца’ (Бяльк.), ’спадніца з саматканай тканіны ў клетку’ (ДАБМ, 934), ’суцэльная сукня без рукавоў’ (Інстр. I), ’жаночы цёплы пінжак’ (Сцяшк. Сл.). Рус. поня́ва ’пакрывала, накідка; павязка на галаву, хустка’, зах. і паўдн. поня́ва, понёва ’саматканая спадніца’, укр. поня́ва ’від спадніцы’, ст.-рус. понѧва, понева ’кавалак тканіны; пакрывала; завеса; ніжняя спадніца’, ст.-слав. понꙗва, серб.-харв. по́њава ’падсцілка, грубая коўдра’, славен. ponjȃva ’палатно, прасціна, коўдра’. Слова праславянскага паходжання; яно было распаўсюджана ў Паноніі, на што ўказвае яго наяўнасць у вянгерскай і румынскай мовах (Скок, 2, 8). Як мяркуюць даследчыкі (Остэн–Сакэн, SF, 33, 238; Фасмер, 3, 326), звязана з апона, пяць 2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́цепнік, паціпнік, пацапнік, пацяпнік, пацемнік, пацэпнік, поцепнік ’драбналессе, хмызняк, кусты’, ’густы невялікі лес’ (Нас., Мядзв., Юрч., ТС), слаўг. поцябнік, поцяпнік ’тс’ (Яшк.), ’дробныя, абцярэбленыя сукі; дробныя дровы з парасніку’ (Нас.; маг., Яшк.), ’дробны лес, які застаўся на месцы высечанага лесу’ (Касп.). Беларускае. Утворана, як і па‑рас‑нік ’малады лес’. У якасці роднасных іншаславянскіх лексем можна ўказаць польск. ciepać, ciepnąć, ćpać, ćpić ’кідаць, кінуць, ціснуць’, ’ударыць’, ’махнуць’ (параўн. фразу: Глядзі, які лес вымахаў/), якія можна зблізіць семантычна са значэннем бел. слова ’дробныя, абцярэбленыя сукі, дровы’. Другая група значэнняў ’драбналессе; густы, невялікі лес на месцы высечанага’ працягвае семантыку літ. stieptis ’выцягвацца, цягнуцца ўверх’, лат. stiepties ’тс’, ’расці’ пра хуткі рост. У гэтым выпадку можна бачыць балтызм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гвозд 1 ’цвік’ (БРС, Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. гвоздь, укр. гвоздь, гвіздь, в.-луж. hózdź, польск. gwóźdź, ст.-слав. гвоздь і г. д. Прасл. *gvozdъ, gvozdь ’тс’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 7, 185–186 (там і агляд літ-ры), значэнні ’гвозд’ і ’лес’ (параўн. гвозд 2) звязаны; праформай з’яўляецца і.-е. *guos‑d‑ (параўн. ням. Quast, Quaste, с.-в.-ням. quast(e) ’кісць, пучок, мяцёлка, венік’).
Гвозд 2. Палес. слова (’сухая ўзвышаная мясціна сярод балот, прастора, пакрытая густым лесам’), якое мае сувязі ў зах.-слав. і паўд.-слав. мовах. Аб магчымасці яго існавання гл. Талстой, Геогр., 61–62 і наст. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 185–186; Мартынаў, Этимология 1968, 14 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Го́рны 1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл. *gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).
Го́рны 2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус. дыял. гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск. garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв. гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл. *gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзёгаць ’дзёгаць’. Рус. деготь, укр. де́готь, польск. dziegieć, чэш. dehet. Прасл. *degъtь ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. degùtas ’тс’ (параўн. літ. dègti ’паліць’). Раней меркавалі, што слав. слова запазычана з балт. моў (аргументам тут было тое, што няма адпаведнага слав. дзеяслова: у слав. мовах выступае аснова *žeg‑ < *geg‑ ’паліць’, а не *deg‑, як у балт.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 204–205; Фасмер, 1, 493; Бернекер, 1, 182–183; Брукнер, 109. Незалежна ад праблематыкі існавання слав. базавага дзеяслова для *degъtь трэба звярнуць увагу, што ў ст.-чэш. мове dehet абазначае таксама пэўнае дрэва (Terpentinbaum, terebinthus; гл. у слоўніку Гебаўэра). Гэта магчымы каштоўны рэлікт даўніны, які, мяркуем, зусім не падмацоўвае ідэю запазычання з балт. моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́ → дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > rʼ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́лас ’суквецце злакаў, суквецце з пладамі, насеннем гэтых раслін’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Ян., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Грам.). Укр. колос, рус. колос, ст.-рус. колосъ ’тс’, ст.-слав. класъ, балг. клас, макед. клас, серб.-харв. кла̑с, славен. klȃs ’тс’, польск. kłos, чэш. klas, славац. klas, в.-луж. kłos, н.-луж. kłos, палаб. klǎs ’тс’. Прасл. kolsъ мае бліжэйшую паралель у алб. kall ’колас’ (< kalsa). Цікава, што паралелей да гэтага слова ў балтыйскіх мовах няма. У іх існуюць адпаведнікі да іншай славянскай назвы коласа: прасл. voltъ (гл. валотка). Параўн. серб.-харв. вла̑т, славен. vlat, vlatka ’мяцёлка, колас’, літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’ (Мартынаў, Изоглоссы, 11). Можна меркаваць, што прасл. kolsъ — вынік кантактаў славян з палеабалканскім моўным масівам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)