тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
від бел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЦАВІЧЫ,
горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Цна. Чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад г. Брэст. 15,9 тыс.ж. (1997).
У 2-й пал. 19 ст. вёска Слуцкага пав. Мінскай губ., уладанне графа С.Чапскага. Пасля буд-ва Палескіх чыгунак — мястэчка, працавалі смалакурня, піларама. У 1897—633 ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічаў завод, дзе выраблялася аконнае, люстраное і высакаякаснае багемскае (т.зв. бемскае) шкло. З 1921 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 30.6.1941 да 7.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ганцавічах і раёне 8726 чал. У 1959 — 3,5 тыс.ж. З 25.12.1962 да 30.7.1966 у Ляхавіцкім р-не. З 6.12.1973 горад.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лясной прам-сці. Курган Славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛАС (Dallas),
горад на Пд ЗША, на р. Трыніты ў штаце Тэхас. 1022 тыс.ж., з г. Форт-Уэрт і прыгарадамі 3,9 млн.ж. (1993). Важны трансп. вузел, гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША, арганізац. цэнтр нафтагазавай прам-сці раёна. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр машынабудавання (вытв-сць нафтавага, халадзільнага, агульнапрамысл. абсталявання). Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць паўправаднікоў і сродкаў сувязі), авіяракетная, харч., швейная, паліграф., папяровая, хім. (вытв-сць мыла і сінт. мыйных сродкаў), нафтаперапр., вытв-сць адзення і скургалантарэі. 2 ун-ты. Музеі. Тэатры. Турызм.
Засн. ў 1841 як гандл, факторыя, з 1856 горад. У час грамада. вайны 1861—65 адзін з цэнтраў канфедэратаў. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр гандлю бавоўнай. З 1930-х г. эканоміка горада звязана з эксплуатацыяй выяўленых там радовішчаў нафты. У час 2-й сусв. вайны стаў цэнтрам прам-сці, у т. л. авіябудаўнічай. У 1963 у Д. забіты прэзідэнт ЗША Дж. Ф.Кенэдзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЎПІ́ЛС (Daugavpils),
горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс.ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мэблі і інш.Пед.ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.
Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж.бел. гімназія. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1976 у г. Гарадок Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 404 м², 26 тыс. экспанатаў асн. фонду (1991). Сярод экспанатаў рэчы з археал. даследаванняў на тэр. Гарадоцкага р-на (косці маманта, крамянёвыя прылады працы, вырабы з жалеза, керамічны посуд і цацкі, нумізматычная калекцыя). Ёсць матэрыялы пра стараж. Гарадок, у т. л.Гарадоцкі замак, пра падзеі рэв. руху, грамадз. вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі. Значную колькасць складаюць экспанаты перыяду Вял.Айч. вайны: пра абарончыя баі, узнікненне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў раёне, злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза М.І.Аверчанку, М.А.Ананьева, Р.Б.Багданава, І.Р.Бумагіна, М.І.Гапяёнка, А.Я.Казлова, П.М.Каралёва, І.А.Круміня, Ц.Ц.Рамашкіна, А.П.Сабалеўскага, пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў вайны ў Афганістане і інш. Экспануюцца этнагр. матэрыялы 19 — пач. 20 ст., дэкар.-прыкладнога мастацтва (кераміка, вырабы ткацтва, з саломкі, лазы, вышыванкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам.раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,
контрудар на Лепельскім напрамку сав. войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах. фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял.Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(пл. экспазіцыі 396 м²),
каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.Розіна.