ЖУРА́ВІЧЫ, Старыя Журавічы,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Гутлянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 102 км ад Гомеля. 968 ж., 396 двароў (1997).

Вядомыя з канца 16 ст. як маёнтак у Рэчыцкім пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1784 мяст. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. за 3 км ад Ж. узнікла вёска пад назвай Новыя Ж. У 1886—2179 ж, Ільінская царква, касцёл, сінагога, 2 гарбарныя майстэрні, штогод 4 кірмашы. У 1894 адкрыты школа, лячэбніца, аптэка, у 1905 — нар. вучылішча. З 1905 мяст. Рагачоўскага пав., 3200 ж. З 1924 цэнтр сельсавета. З 15.7.1935 мястэчка, з 27.9.1938 вёска. У 1924—31, 1935—56 цэнтр Журавіцкага раёна. З 14.8.1941 да 25.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 2477 чал., вёску двойчы (1941, 1943) часткова спалілі. У 1971 у Ж. 1417 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)