НАВАЕ́ЛЬНЯ,

гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у сутоку рэк Моўчадзь і Ятранка. За 13 км на У ад г. Дзятлава, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ліда. 3,5 тыс. ж. (2000).

Вядома з 16 ст. як в. Ельня ў Навагрудскім пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. З 1884 Н. чыг. станцыя на лініі Вільня—Лунінец. У 1886 сяло Дварэцкай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 99 ж., 11 двароў, 2 царквы, карчма. У 1921—39 у складае Польшчы, у Дварэцкай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Дзятлаўскім р-не. З 1945 гар. пасёлак, цэнтр Дзятлаўскага раёна (да 1954). У 1962—65 у Навагрудскім р-не.

Камбікормавы з-д, хлебапякарня, сярэдняя школа, школа рабочай моладзі, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, санаторый «Наваельня». Брацкія могілкі і брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1876—79), касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (1936).

Г.М.Новікава.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)