ГО́РВАЛЬ,

вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).

Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял. Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл. Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.

Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)